Што можна прывезці з Берліна акрамя эксклюзіўных фотаздымкаў на фоне Брандэнбургскай брамы? Варыянтаў шмат. Абірайце.

Мядзведзі

Берлін мае ўласны герб. На ім – выява мядзведзя. Гэтага сімвалічнага звера любяць мясцовыя жыхары і турысты. Мядзведзяў і медзведзянят з розных матэрыялаў і розных памераў у берлінскіх крамах вы сустрэнеце шмат.

Дзецям можна набыць класічнага плюшавага мішку ад трох еўра. Фарфоравыя або керамічныя фігуркі прапануюць ад 12 да 17 еўра. Статуэткі ручной работы, як і ў нас, тут вельмі цэняцца. Таму могуць каштаваць яшчэ даражэй.

Кавалачак берлінскай сцяны

Напэўна, шмат хто памятае падзеі 1989 года ў Германіі, калі рухнула берлінская сцяна. Ад 1961 года яна падзяляла краіну на Усходнюю і Заходнюю.

Германія стала адзіным цэлым, а турысты і сёння набываюць у гандляроў невялічкія кавалкі берлінскай сцяны.

Берлінская сцяна. Фота tonkosti.ru.

Яны пафарбаваныя ў розныя колеры або размаляваныя, як карта Германіі. Каштуюць тры-шэсць еўра.

Праўда, дакладна невядома, ці сапраўдныя гэтыя каменныя кавалачкі. Лепш пабываць ля самой сцяны і ўзяць некалькі каменьчыкаў.

Ампельманы

Appelman – так называлася выява чалавечка на шкле святлафораў у ГДР. Сёння гэты персанаж з паўвекавой гісторыяй вырас да гандлёвай маркі.

Ампельман на вуліцах Берліна. Фота samsebetourist.ru.

На вуліцах Берліна можна заўважыць крамы з такім лагатыпам. Турысты набываюць кепкі, майкі, бірулькі, магніцікі з выявай Ампельмана. Майка каштуе ад 16 еўра, бірулька – ад трох.

Трабант

Так называўся аўтамабіль, вельмі папулярны ў сярэдзіне мінулага стагоддзя сярод жыхароў ГДР.

Сёння мясцовыя ўжо не мараць пра такую машыну, але яна стала запатрабаваным сувенірам.

Прадаюць, вядома, не сапраўдныя аўто, а іх паменшаныя копіі ў выглядзе бірулек і магнітаў. Калекцыйная мадэль машынкі каштуе ад 20 еўра.

Фрыдрых Вялікі

У адрозненне ад Апельмана, Фрыдрых Вялікі – рэальная гістарычная асоба. Ён кіраваў Прусіяй у 18 стагоддзі.

Кіраўнік шмат зрабіў для краіны: заснаваў Акадэмію навук, Каралеўскую оперу, праводзіў удалыя вайсковыя кампаніі, уводзіў у рацыён мясцовых жыхароў бульбу.

Фрыдрыха памятаюць і сёння. У выглядзе караля ёсць формачкі для печыва, а яго выявай аздабляюць шматлікія сувеніры.

Паштоўкі, магніты, торбы, бірулькі

Дробязі з відамі Берліна, Брандэнгургскай брамы і адпаведнымі подпісамі вырабляюць і прадаюць сотнямі тысяч.

Самы банальны тып падарункаў ёсць ці не ў любым кіёску і краме. Падыходзіць для недарагіх дзяжурных падарункаў блізкім знаёмым і шматлікім калегам. Каштуюць падобныя рэчы ад трох еўра.

Фота AliExpress.com.

Яшчэ можна зра­біць на памяць некалькі імгненных здымкаў у сапраўднай фотабудцы – рарытэце сацыялістычных часоў. Такіх фотабудак у сталіцы Германіі некалькі. Кошт фатаграфавання – два еўра.

Куфлі для піва

Падарунак падыдзе для дэкору кухні і для выкарыстання па непасрэдным прызначэнні. Трэба толькі абраць адзін з мноства керамічных, драўляных, шкляных, металічных, упрыгожаных надпісамі, малюнкамі, з накрыўкамі ці без іх.

Такія падарункі ёсць у большасці буйных гандлёвых цэнтраў.

Гадзіннік

Паездка ў Берлін – гэта магчымасць набыць якасны гадзіннік, часцей за ўсё, швейцарскіх вытворцаў.

Якасць высокая, кошты невялікія, асабліва ў параўнанні з тымі, за якія гадзіннікі прапануюць у Беларусі. Тут менш рызыкі набыць падробку.

Гадзіннікі самых вядомых брэндаў каштуюць каля дзвюх тысяч еўра. Менш вядомыя, але таксама якасныя, ад двухсот да чатырохсот.

Фарфор

Нямецкі фарфор вядомы ад 18 стагоддзя. Шмат што змянілася ў краіне, але фарфор па-ранейшаму знакаміты. Турысты з ахвотай набываюць тонкія сподачкі, што літаральна прасвечваюцца на сонцы, вазы і цэлыя сервізы нямецкіх майстроў.

Фота AliExpress.com.

Кошт вырабаў высокі, але кожны прадмет можа стаць не проста ўпрыгожваннем інтэр’ера, а сямейнай рэліквіяй.

Гастранамічныя сувеніры

Цяжка палічыць, колькі стагоддзяў налічвае гісторыя нямецкага піваварэння. У кожнай з зямель – свае гатункі. У супермаркетах вам прапануюць прадукцыю буйных бровараў Германіі. Галоўнае, вызначыцца з гатункам напою.

А для падарунка можна выбраць піва ў драўлянай пасудзіне.

Не менш, чым півавары, у свеце вядомыя нямецкія майстры кілбас.

На думку гурманаў, самыя смачныя кілбасы робяць на поўдні Германіі.

Для сябе і сяброў захапіце сардэлькі са свініны з духмянымі прыправамі і вэнджаныя кілбаскі да піва.

Ласункі

На жаль, вядомыя нямецкія торты і штрудзелі дрэнна пераносяць транспарціроўку. Таму іх трэба каштаваць тут і цяпер. З сабой можна набыць наборы пернікаў з розным смакам і з цікавымі віншавальнымі надпісамі і добрымі пажаданнямі.

Марцыпаны ў Германіі гатуюць па старадаўніх тэхналогіях. Акрамя ласункаў у выглядзе розных фігурак, ёсць марцыпаны ў форме брускоў. Іх купляюць, каб скарыстаць для дамашняга печыва.

А яшчэ вам прапануюць шакалад розных гатункаў і формаў – і чысты, і з разнастайнымі напаўняльнікамі.

Шакаладны нямецкі брэнд Ritter Sport прадстаўлены і ў нас. Але ў Германіі больш яго гатункаў – 28. Ды і смак, кажуць, іншы.

Можна наведаць шакаладны буцік. Тут прапануюць незвычайны шакалад. Вы мусіце абіраць паміж шакаладнымі шахматамі, сківіцамі, букетамі кветак, слясарнымі інструментамі.

Пліткі могуць быць і звычайнымі па форме, але ўразіць іх змест: памідоры, перац ці іншыя, зусім нязвыклыя для нас напаўняльнікі. Кошты такога шакаладу немаленькія, але нечаканы і арыгінальны падарунак гарантаваны.