Праца, адпачынак, вучоба, гасцяванне. Прычыны, па якіх нашым героям спатрэбілася атрымоўваць візы, – розныя. Розныя і гісторыі такога атрымання.

Паехаць у Вільню – без анкет і рэгістрацый

Выкладчыца польскай мовы ўраджэнка Маладзечна Аляксандра Парахня рабіла каля 15 віз. Гэта Шэнген – на Фінляндыю, Германію ці Літву, а таксама польскія нацыянальныя візы.

Спачатку гэта былі кароткатэрміновыя візы на ўдзел у нейкім замежным праекце або для паездкі да сяброў. Калі ж Аляксандра пачала вучыцца ў Польшчы, спатрэбіліся доўгатэрміновыя мультывізы.

– Сама плаціла за візу я толькі некалькі разоў, – кажа дзяўчына. – Арганізатары праектаў заўсёды ў запрашэннях просяць не браць візавы збор, і амбасады звычайна ідуць насустрач. Са студэнтаў, якія вучацца за мяжой, таксама не бя­руць грошай.

Калі б я плаціла за ўсё сама, то на маіх візах можна было б азалаціцца, жартуе Саша.

Але, на шчасце маёй субяседніцы, Візавы кодэкс прадугледжвае бясплатныя візы.

Асаблівых непаразуменняў з супрацоўнікамі амбасады і празмернай бюракратыі не было. Аднак часам усё ж мусіла даносіць дакументы. Або запытаўшы гадавую візу, атрымоўвала яе на два гады.

Калі Аляксандра вучылася ў Польшчы, яшчэ не было візавага цэнтра. Студэнтка прыязджала дамоў зімой, канікулы доўжыліся два тыдні. А бліжэйшыя рэгістрацыі ў консульства былі на май.

– Тады я пісала ў консульства, тлумачыла, што я студэнтка. Што тэрмінова трэба вярнуцца на вучобу, бо да мая мяне адлічаць, – прыгадвае Аляксандра сваё студэнцтва.

Пасля прыходзіла за гадзіну да адкрыцця консульства. Там былі дзве чаргі: для людзей з рэгістрацыяй і для такіх, як наша гераіня.

Тых, хто без рэгістрацыі, запрашалі раз на паўгадзіны. Таму лютаўскім марозам дзяўчына паспявала моцна змерзнуць.

Ці спрасціў бы бязвіз жыццё беларусам? Безумоўна, лічыць Саша:

– Без віз стала б нашмат менш бюракратыі і бегатні па візавых цэнтрах і консульствах. Захацелася табе купіць яблыкаў у Вільні – садзішся на цягнік і праз тры гадзіны грызеш тыя яблыкі. А не садзішся запаўняць анкету, рэгістравацца на падачу праз месяц, стаяць у чарзе, купляць 60 еўра. Ужо ўсіх яблыкаў расхочацца.

А яшчэ Саша мае сяброў у розных краінах свету. Таму для яе важна, каб візы адмянілі ў двухбаковым рэжыме.

Шмат яе замежных сяброў не даехала да Беларусі, бо яны адвыклі ад візавай бюракратыі і не хочуць з ёй звязвацца.

– Людзі часта думаюць, што калі адмяніць візы, то ўзрасце злачыннасць і нелегальная міграцыя. Але гэта не так: на мяжы ж застанецца праверка дакументаў і мытны кантроль. Проста для паездак перастануць клеіць у пашпарт гэту бліскучую налепачку за 60 еўра, – падсумавала Аляксандра.

Чыноўнікі баяцца бязвізу

Праваабаронца з Маладзечна Алесь Капуцкі візы атрымоўвае па грамадскай лініі, гэта значыць, амаль заўсёды бясплатна. Адзіныя выдаткі – на фота і страхоўку.

На думку Алеся, бязвіз спрасціў бы жыццё людзям.

Але гэта вельмі б абцяжарыла чыноўнікаў, – лічыць суразмоўца. – Бо народ яшчэ больш масава хлынуў на заробкі на Захад.

За візай у Швецыю едуць у Эстонскую амбасаду

Для віляйчанкі, харэографа Алесі Раз­дзялоўскай, візы – справа звычайная. Родная сястра Алесі жыве ў Швецыі. І візу дзяўчына робіць па яе запрашэнні.

Хаця знешне такая віза практычна нічым не адрозніваецца. Толькі ў самым ніжнім радку ў графе «Мэта паездкі» пазначаюць не турызм, а наведванне сваякоў або сяброў.

Візу ў Швецыю Алеся атрымоўвае ў Эстонскай амбасадзе ў Мінску.

– Кошт візы стандартны – 60 еўра. Робяць дастаткова хутка. Адносіны ў амбасадзе добрыя. Што трэба – падкажуць, дзе трэба – дапамогуць, – дзеліцца Алеся.

Кажа, што акрамя візы да сястры, часта летам бярэ візу на адпачынак у Балгарыю. Лічаць, што без віз ёй было б прасцей: паездкі абыходзіліся б без лішніх выдаткаў часу і грошай.