Адзіны дом, які захаваўся ў Маладзечне, пабудаваны ў закапанскім стылі.

Па ініцыятыве ЮНЭСКА 18 красавіка ва ўсім свеце адзначаюць Міжнародны дзень помнікаў і мясцін. У Беларусі да свята прымеркаваны Фэст экскурсаводаў. Сёлета яго правялі юбілейны, дзясяты раз.

У Маладзечне ў рамках Фэста 13 красавіка краязнаўца Уладзімір Садоўскі правёў экскурсію па Гелянове. Ён пазнаёміў наведнікаў з міжваеннай архітэктурай былога гарнізона ад 1921 да 1939 года. У польскія часы ў  раёне Гелянова быў гарнізон 86-га пяхотнага палка Войска Польскага.

Уладзімір праводзіць экскурсіі па Гелянове ад 2013 года. Кажа, сёлетняя здзівіла вялікай колькасцю людзей – было каля паўсотні чалавек.

У каплічцы аркі жыла сям’я

Краязнаўца нарадзіўся ў Самары, але ў Гелянове жылі яго бабуля і дзядуля – Марыя і Раман Хацяловічы, якія працавалі на мэблевай фабрыцы. У 1993 годзе Уладзімір з бацькамі пераехаў у Маладзечна.

– Пра тое, што ў Гелянове стаяць даваенныя дамы ўпершыню пачуў ад дзядулі. Магчыма, менавіта яго расказы мяне зацікавілі. Таксама наведваў мастацкую школу побач з месцам, там выкладчыкі крыху расказвалі пра арку.

Трыўмфальную арку ля будынку Мінскага абласнога драматычнага тэатра пабудавалі з нагоды дзесяцігоддзя 86 пяхотнага палка ў 1930 годзе. У адкрыцці ўдзельнічаў прэзідэнт Польшчы Ігнат Масціцкі.

У каплічцы наверсе аркі ладзілі богаслужэнні. Да адкрыцця аркі адлілі звон, які вісеў тут жа. Цяпер ён знаходзіцца ў Музеі гісторыі Мінска. У канцы 1940-х у каплічцы нават жыла сям’я.

Побач з аркай стаялі два каменныя львы. Таксама яе ўпрыгожвалі статуі рыцараў. Іх разбурылі савецкія ўлады ў 1939-1941 гадах, калі на тэрыторыі Гелянова размясціўся гарнізон Чырвонай Арміі. Саму арку знішчылі ў пачатку 60-х, магчыма, з-за таго, што перашкаджала руху транспарту у бок новай трассы на Валожын.

Дзе шукаў інфармацыю

Сур’ёзна цікавіцца гісторыяй Гелянова Уладзімір пачаў у 2011 годзе. Тады выйшла яго першая публікацыю ў блогу пра міжваенную архітэктуру Гелянова. Праз два гады набыў фотаапарат, каб здымаць будынкі.

– Шукаў інфармацыю ў даваенных часопісах, на польскіх сайтах. Карыстаўся архівамі, напрыклад, генпланы Гелянова знайшоў менавіта ў Мінскім архіве навукова-тэхнічнай дакументацыі. Пашанцавала, што ў інтэрнэце захаваліся нямецкія фотаздымкі. Калі накласці іх на сучасныя карты можна параўнаць, якія з дамоў стаялі да вайны, а якія пабудавалі пасля.

Сёлета з’явілася новая інфармацыя пра месца – краязнаўца падзяліўся, што нарэшце даведаўся імёны амаль ўсіх архітэктараў будынкаў.

Напрыклад, аўтар двух афіцэрскіх дамоў – архітэктар Ян Кукульскі. Таксама ён праектаваў жылыя дамы ў польскіх Лодзі і Макатове.

Архітэктар “катэджа” для палкоўніка – будынка, дзе цяпер месціцца дзіцячы цэнтр культуры “Расток” – Аляксандр Куфарскі  з Млавы. У 1930-я гады быў сакратаром і чальцом праўлення Варшаўскага адзялення Польскай асацыяцыі архітэктараў.

Аўтары тыповых дамоў па Чкалава – архітэктары Аляксандр Сыгетыньскі і Бруно Збароўскі, якія шмат працавалі ў Варшаве, Познані і Любліне.

Хоча пабачыць звон

З Мінска на экскурсію прыехаў Аляксандр Навахрост. Дагэтуль Гелянова ён не бачыў.

– Бываеш у такіх невялікіх гарадах і не задумваешся, што пэўны будынак можа несці такі вялікі гістарычны след. Класна, што ёсць людзі, якія пра яго расказваюць. Думаю, нават многія маладзечанцы гэтага не ведаюць, – расказвае хлопец. – Цікава ўсё, найбольш запомніўся звон, які цяпер знаходзіцца ў Мінску. Адразу з’явілася думка схадзіць у музей і паглядзець на яго. Магчыма, нават заўтра.

Пяць рэчаў, якія варта паглядзець у Гелянове:

  1. Дом для афіцэраў ля аўтобуснага прыпынку “Драматычны тэатр”.

Дом спраектаваны ў пачатку 30-х гадоў. Пабудаваны з такога ж матэрыялу, што і дамы ў Варшаве. Цэглу везлі наўпрост з цэнтральнай Польшчы, у Беларусі такую не рабілі. Дом будавалі з цэглы з дадаткам цэменту, характэрнага матэрыялу для польскай архітэктуры. Ніжні паверх складалі з загартаванай цэглы. Цяпер яна пафарбаваная, але ў арыгінале мае цёмна-карычневы колер. Вышэй трэцяга паверху можна заўважыць “пляму” – цэглу іншага колеру, якой заклалі месца ад ўдару снарада. На сценах – сляды ад куль. Адна з цікавостак – металічная труба для сцягоў, якая знаходзіцца на сцяне дома. Сцягі вывешвалі падчас урачыстасцяў.

  1. Надпісы на сценах воданапорнай вежы.

У 1939 годзе тут стаяў гарнізон Чырвонай арміі. Некалькі разоў на цэгле напісанае прозвішча Бугаеў, недзе нават з датай – 1940 год. Краязнаўца мяркуе, гэта подпісы невядомага салдата.

  1. Адна з пазнейшых пабудоў гарнізона ў Гелянове – казарма.

Казарма спраектаваная ў 1937 годзе. Цяпер гэта ўралагічнае аддзяленне Бальніцы №1, пафарбаванае ў ружовы колер. Першапачаткова яно пабудаванае ў стылі функцыяналізму. У той час былі распаўсюджаныя падоўжаныя вокны, цяпер засталося толькі адно акенца.

  1. Бетонныя лесвіцы з шарамі.

Упрыгожванні можна пабачыць ля некаторых дамоў па Чкалава. Гэта тыпавое добраўпарадкаванне тэрыторыі 1930-х гадоў.

  1. Дом, пабудаваны ў закапанскім стылі.

У Гелянове былі распаўсюджаныя будынкі ў стылі функцыяналізму, характэрнага для міжваеннай Польшчы. Таму сярод іх вылучаецца дом, пабудаваны ў іншым стылі – так званым закапанскім. Калі ў 20-я гады пачала адраджацца польская архітэктура, палякі звярнуліся да гістарычнай спадчыны. Новыя дамы будавалі так, каб яны выглядалі як шмат гадоў таму. Яшчэ ў 2008 годзе дом меў арыгінальны выгляд – драўляную ашалёўку, цяпер абкладзены сайдынгам.

• Текст доступен на языке: ruРусский