Падчас трэніроўкі 16 красавіка. Фота Таццяны Касьян.

Сёлета 11 студзеня ў камандзе з’явіўся новы дырэктар – трохразовы чэмпіён Беларусі па футболе Арцём Ганчарык.

Раней ён выступаў за ФК “БАТЭ”, Барысаў (1998-2002), ФК “Белшына”, Бабруйск (2003), ФК “Шахцёр”, Салігорск (2004-2007), ФК “Віцебск” (2008-2009), ФК “Граніт”, Мікашэвічы (2009), ФК “Гомель” (2010), ФК “Нёман”, Гродна (2010) і ФК “Партызан” Мінск (2011).

У 2006 годзе скончыў БДУФК, атрымаў адукацыю трэнера па футболе. У 2016 у БДЭУ – спецыяльнасць “Эканоміка ўпраўлення”.

Дырэктар ФК “Маладзечна” Арцём Ганчарык. Фота Таццяны Касьян.

Сем гадоў – менавіта на такі тэрмін Ганчарык сышоў з футбола. Займаўся бізнесам – адкрыў спорт-бар пад Мінскам.

– Без футбола я не жыў і не дыхаў. Летась галоўны трэнер ФК “Маладзечна” Аляксей Вергеенка прапанаваў вярнуцца ў футбол. Спачатку быў паўабаронцам у камандзе, дзякуючы гэтаму гульцоў ведаю добра. Сёлета ў студзені стаў дырэктарам клуба, – кажа Ганчарык.

Першая гульня сезона адбудзецца ў Чысці 20 красавіка, дзе ў 14:00 ФК “Маладзечна” сустрэнецца з ФК “СМІаўтатранс”. 27 красавіка маладзечанцы згуляюць на выездзе з ФК “Клецк”. У Маладзечне клуб адкрые сезон 5 мая – прыме ФК “Энергетык-БДАТУ”.

Хто з новых гульцоў будзе ў гэтым сезоне абараняць колеры ФК “Маладзечна”

Ігар Віктаравіч Анцыпаў, 28.04.1986, абаронца. Выхаванец школы мінскага «Лакаматыва». За сваю кар’еру футбаліст выступаў за такія клубы, як «Нафтан», “Ведрыч-97”, “Бяроза” і “Белтрансгаз” са Слоніма. Мінулы сезон правёў у складзе ФК “Клецк”, за які згуляў у 25 сустрэчах і адзначыўся трыма забітымі мячамі.

Фота vk.com/fcmolodechno.

Канстанцін Уладзіміравіч Куімаў, 18.11.1997, паўабаронца. У кар’еры паўабаронцы значацца мінскае “Тарпеда” і суботні сапернік – “СМІаўтатранс” са Смалявіцкага раёна. Мінулы сезон Канстанцін правёў у дублі ФК “Смалявічы”, згуляў у васьмі сустрэчах і забітымі мячамі не вызначыўся.

Фота vk.com/fcmolodechno.

Аляксандр Васільевіч Косцеж, 10.04.1997, варатар. У мінулым выступаў за такія каманды, як “Прамень”, “Узда” і “Нёман-Агра” са Стоўбцаў. У сезоне 2018 быў асноўным галкіперам дубля ФК “Смалявічы”, за які правёў 29 матчаў, прапусціўшы 48 мячоў.

Фота vk.com/fcmolodechno.

Уладзіслаў Валер’евіч Фядотаў, 08.02.1997, паўабаронца. Пасля трох сезонаў у складзе “Іслачы” з Мінскага раёна паўабаронца зноў будзе абараняць зялёна-белыя колеры.

Фота vk.com/fcmolodechno.

Арцём Уладзіміравіч Грыб, 22.02.1995, абаронца. У мінулым годзе Арцём гуляў у першай лізе за ФК “Чысць”. Як і Фядотаў, з’яўляецца выхаванцам ДЮСШ-4.

Фота vk.com/fcmolodechno.

Эдуард Анатольевіч Чудноўскі, 03.01.1991, паўабаронца. Раней паўабаронца выступаў за дубль «БАТЭ», магілёўскі «Днепр», «Белтрансгаз» са Слоніма, «Хвалю», ерэванскі «Арарат», «Клецк», «Ліду», «Оршу» і «Смаргонь». Колеры апошніх Эдуард абараняў і ў мінулым сезоне, згуляўшы ў чатырох сустрэчах без забітых мячоў.

Фота vk.com/fcmolodechno.

Сяргей Валер’евіч Цвяцінскі, 22.02.1984, абаронца. Правёў шэраг сезонаў у першай лізе ў складзе “Граніту”, “Гарадзеі”, мінскага “Тарпеда”, “Ліды” і “Слуцка”, з якім таксама выступаў і ў вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі. Акрамя таго абаронца мае легіянерскі досвед выступлення ў чэмпіянаце Латвіі за ФК “Даўгаўпілс”. Мінулы сезон навабранец правёў у “Лідзе”, адыграў у 27 матчах і забіў адзін мяч.

Фота Таццяны Касьян.

Андрэй Леанідавіч Емяльянаў, 15.10.1995, паўабаронца. Першай футбольнай школай для юнака стала Асіповіцкая ДЮСШ, першым трэнерам – Аляксандр Елязаранка. Поспехі ў футболе не засталіся незаўважанымі. У сезоне 2011-2012 гадоў Андрэй сыграў у складзе дубля бабруйскай «Белшыны». У 2013 скончыў СШ №1 і паступіў у БДУФК на спецыяльнасць «Менеджмент у спорце». У гэтым жа годзе адбыўся дэбют гульца за асноўную каманду горада. У мінулым сезоне паўабаронца выступаў у складзе ФК “Асіповічы”, за які згуляў у 18 матчах і забіў шэсць мячоў.

Фота vk.com/fcmolodechno.

Пра планы клуба і астатніх гульцоў чытайце ў наступных нумарах “Рэгіянальнай газеты”.