На Астравеччыне ледзь цалкам не згарэла вёска

Чатыры гаспадарчыя пабудовы, дом і сухія расліны на амаль 15 гектарах зямлі згарэлі 18 красавіка ў вёсцы Шацернікі Гервяцкага сельсавета.

Паведамленне пра пажар паступіла ў 19:17. Жыхарка Літвы, якая час ад часу прыязджае ў Шацернікі дапамагаць састарэлай маці, выйшла на вуліцу і ўбачыла дым на супрацьлеглым баку вёскі – гарэў нежылы дом.

З жыхароў у вёсцы – усяго некалькі чалавек, таму змагацца з пажарам было немагчыма. Да прыезду ратавальнікаў, акрамя дома, гарэлі і сухія расліны, па якіх агонь перакінуўся на суседнія гаспадарчыя пабудовы, ствараючы пагрозу ўсім Шацернікам.

– Трагедыі атрымалася пазбегнуць толькі дзякуючы таму, што да тушэння падключыліся Астравецкі лясгас і КСУП «Гервяты», якія своечасова накіравалі на дапамогу сваю тэхніку для падвозу вады, – расказаў інспектар РАНС Аляксандр Сачак.

Прычыну пажару высвятляюць.