Памёр паэт Мар’ян Дукса, пра гэта піша на сваёй старонцы ў Фэйсбуку паэтка Ала Клімянок.

Як расказала карэспандэнту “РГ” Ала Клімянок, апошнім часам паэт хварэў. Летась перанёс мікраінфаркт. Аклімаўся хутка, і раптам два месяцы таму рэзка пачаў слабець, ціск упаў, гемаглабін таксама. Але да апошняга быў пры памяці.

Памёр ПАЭТ. Адляцела ў вечнасць душа Мар'яна ДУКСЫ…

Опубликовано Алой Клемянок Четверг, 18 апреля 2019 г.

Даведка “РГ”: Мар’ян Дукса – беларускі паэт і празаік. Нарадзіўся 5 красавіка 1943 года на Мядзельшчыне. Большую частку жыцця пражыў у Солах ля Смаргоні.

Пачаў публікаваць вершы ад 1960 года. Выдаў вершаваныя зборнікі «Спатканне» (1967), «Крокі» (1972), «Станцыя» (1974), «Прыгаршчы суніц» (1976), «Забытыя словы» (1979), «Зона супраціўлення» (1982), «Твая пара сяўбы» (1985), «Заснежаныя ягады» (1989). Аўтар кніг для дзяцей «Зялёны акварыум» (1980) і «Світаюць хвоі» (1987).

Лаўрэат Літаратурнай прэміі Саюза пісьменнікаў Беларусі імя А. Куляшова (1990) за кнігу паэзіі «Заснежаныя ягады» (1989).

Пісаў пра многае: аб зямлі і чалавеку на ёй, пра каханне і адзіноту. Апошнім часам – і на хрысціянскія тэмы.