Фота забяспечанае Уладзімірам Садоўскім.

Краязнаўца з Маладзечна Уладзімір Садоўскі знайшоў амерыканскі спадарожнікавы здымак Маладзечна ад 22 мая 1966 года.

– Нарэшце разабраўся і спампаваў гэтае фота. Якасць не вельмі добрая, але нешта разабраць можна. Напрыклад, тое, што насып абхадной чыгуначнай веткі, якую праклалі ў 1944, яшчэ ёсць у цэнтры горада. Хаця з самой Цэнтральнай плошчы лінію прыбралі недзе напрыканцы 1950-х, – расказвае Садоўскі.

На тым жа здымку бачная вёска Бухаўшчына ў парку, рэшткі якой знеслі толькі перад Дажынкамі 2011 года. На месцы цяперашніх мікрараёнаў –  ворныя землі.

Фота забяспечанае Уладзімірам Садоўскім.

 Таксама на здымку бачныя:

– сучасны Вялікі Гасцінец у завершаным выглядзе, да вайны ўчастка ад цэнтральнай плошчы у бок Мінска не існавала;

– перамычка паміж чыгуначнымі накірункамі на Вільню і на Ліду (злева у раёне Насілава, цяпер яе няма). Магчыма таксама з’явілася ў 1944 годзе, калі станцыю разбамбілі;

– зверху здымка – работы па выпростванню рэчышча Ушы, прамы канал замест старых рачных петляў;

– шмат новых раёнаў індывідуальнай забудовы (раёны вуліц Чарняхоўскага, Каляднай, Чэхава, Лясной) і толькі першы мікрараён пяціпавярховікаў (Гасцінец ад 68 да 78 дамоў);

– няма аўтавакзала.