Перавысіў хуткасць у два разы. Завяршылі расследаванне смяротнага ДТЗ з маршруткай на Валожыншчыне

Расследаванне аварыі з удзелам маршруткі Мінск-Гродна на Валожыншчыне, у якой два чалавекі загінулі, яшчэ 13 траўмаваныя, завяршылі.

Пра гэта карэспандэнту паведаміла прадстаўнік УСК па Мінскай вобласці Таццяна Беланог.

Крымінальную справу завялі ў дачыненні да 46-гадовага прадпрымальніка з Гродна, кіроўцы маршруткі Гродна – Мінск.

Летась у кастрычніку ён вёз пасажыраў з Мінска ў Гродна і на 74-м кіламетры трасы М6 пад Валожынам не ўлічыў дарожную абстаноўку і заехаў у раздзяляльную бетонавую агароджу.

Два чалавекі загінулі, 13 пацярпелі, дзевяць з іх, у тым ліку двое малалетніх, атрымалі цяжкія траўмы.

Следчыя вывучылі запісы камер відэаназірання. Да матэрыялаў крымінальнай справы далучылі заключэнні больш за 20 экспертыз.

На думку следства, асноўная прычына ДТЗ – значнае перавышэнне хуткасці кіроўцам, які знаходзіўся за рулём у стомленым стане.

Па дадзеных следства, мікрааўтобус рухаўся з перавышэннем хуткасці ў два разы. Максімальна дазволеная на дадзеным участку дарогі ў той момант складала не больш за 50 км/ч.

Па выніках следчага эксперыменту кіроўца мог бачыць і назіраць загадзя ўстаноўленыя наперадзе па ходзе яго руху папераджальныя і забараняючыя дарожныя знакі. Пры выкананні патрабаванняў можна было пазбегнуць трагічных наступстваў.

Да матэрыялаў крымінальнай справы далучаныя звесткі, якія характарызуюць асобу абвінавачанага.

Вядома, што ад 2007 па 2018 год ён 90 разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, пры гэтым за парушэнні хуткаснага рэжыму ён двойчы (у 2011 годзе і 2012 году) быў пазбаўлены правоў кіроўцы.

Абвінавачаны знаходзіцца пад вартай. Віну прызнае. Матэрыялы крымінальнай справы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.