Уладзімір Зяленскі. Фота golos-ameriki.ru.

У другім туры прэзідэнцкіх выбараў перамог Уладзімір Зяленскі. Свае галасы за яго аддалі 73,2% украінцаў. За Пятра Парашэнку прагаласавала 25,3%.

Мы звязаліся з украінцам, які жыве ў Маладзечне, старшынёй маладзечанскай суполкі ўкраінцаў «Краяны» Леанідам Лысакабылкам і спыталі, што ён думае пра перамогу Зяленскага на выбарах.

– Я чалавек сталага пакалення і лічу, што Уладзімір Зяленскі – не той, хто патрэбны Украіне. На маю думку, артыст не можа добра разбірацца ні ў палітыцы, ні ў эканоміцы. Да таго ж, Украіна у стане вайны. Усе яго абяцанні – не ад сэрца і не ад розуму. Абяцае ён тое, што нашэптваюць дарадцы, – адзначыў субяседнік.

На думку спадара Леаніда, Украіна можа развярнуцца да часоў Януковіча.

Зяленскі не зможа так супраціўляцца расійскай навале, як гэта рабіў Парашэнка, кажа Леанід Лысакабылка.

– Так, Пётр Парашэнка сказаў, што ён сыходзіць з офіса, але не сыходзіць з палітыкі. Паабяцаў стварыць магутную апазіцыю і змагацца за Украіну. Але гэта пакуль толькі пажаданні. Калі ж такую апазіцыю створаць, то яна будзе змагацца з прэзідэнтам не на жыццё, а на смерць, – лічыць мой субяседнік.

Украінскі народ стаміўся ад беднасці і вайны.

Многія галасавалі нават не за Зяленскага, а супраць Парашэнкі. Так, украінцы чакаюць, што з новым прэзідэнтам ім стане лягчэй, але наўрад ці, падсумаваў спадар Леанід.

• Текст доступен на языке: Русский