25 красавіка адзначае юбілей Зінаіда Бандарэнка — народная артыстка Беларусі, самы пазнавальны твар Беларускага тэлебачання, дзе яна працавала амаль 40 гадоў, піша Радыё свабода.

Зінаіда Бандарэнка пайшла з тэлебачання ў сярэдзіне 1990-х. Да мінулага года вучыла аратарскаму і дыктарскаму майстэрству журналістаў, студэнтаў, школьнікаў і бізнес-лэдзі.

Карэспандэнты “Свабоды” сустрэліся з юбіляркай і пагарталі яе сямейны альбом.

Скончыла медыцынскую вучэльню, але марыла стаць артысткай

Зінаіда Бандарэнка нарадзілася ў 1939 годзе ў Мінску ў сям’і доктара. Жылі ў інтэрнаце медінстытута на Ленінградскай. Калі пачалася вайна і Мінск пачалі бамбіць, маці з маленькімі сынам і дачкой пайшла пешшу на Гомельшчыну да сваякоў. Жылі спачатку ў вёсцы Уборак Лоеўскага раёна, потым пераехалі ў Гомель.

Зінаіда Бандарэнка ў школе (у другім шэрагу першая справа).

Яшчэ ў школе Зінаіда Бандарэнка захапілася тэатрам, займалася ў драматычным гуртку. У восьмым класе выканала галоўную ролю ў спектаклі «Юбілей» паводле Чэхава, і адразу ж яе сталі зваць «Бандароўнай» і «артысткай».

Але пасля дзясятага дзяўчына вымушаная была паступаць у медвучылішча.

Бандарэнка падчас вучобы ў медвучэльні (у цэнтры).

«Я ў восьмым захварэла на плеўрыт. Пераплывала Сож у сярэдзіне мая, спачатку крыху „патрэсла“ мяне, а праз нейкі час знайшлі сур’ёзную хваробу, лячыць якую давялося доўга. А бацька мой быў галоўным доктарам сухотнага шпіталя, і калі гэта здарылася, ён адразу сарыентаваў мяне на медвучылішча, бо ў медінстытут у тыя часы паступіць было нерэальна — конкурсы былі проста шалёныя», — узгадвае Зінаіда Бандарэнка.

Маці, бацька і старэйшы брат.

На тэлебачанне трапіла праз вялікі конкурс

Адначасова Зінаіда займалася ў тэатральнай студыі Палаца культуры. У музычнай камедыі з песнямі і танцамі «Любоў і бульба» яе заўважыў малады канструктар «Гомсельмаша» Генадзь Кап’ёў, які вельмі хутка заваяваў сэрца артысткі, і яны пажаніліся.

А кіраўніком тэатральнай студыі быў рэжысэр Гомельскага тэлебачання Сяргей Астравумаў. Дарэчы, тэлебачанне ў Гомелі зявілася значна раней, чым у Мінску — у 1954 годзе.

На Гомельскай тэлестудыі аб’явілі конкурс на дыктараў. Астравумаў і параіў 20-гадовай без пяці хвілін медсястры выпрабаваць сябе, хоць яна і працівілася, бо рыхтавалася паступаць у медінстытут. Галоўны аргумент, які падзейнічаў, — рэжысёр сказаў, што ёй будзе проста цікава.

«На конкурс прыйшла вялікая колькасць людзей. Рэпецірую я каля акна, прагаворваю тэкст. І раптам чую размову дзвюх маладых прыгожых жанчын у такіх шыкоўных паланцінах з футра (хоць лета было). Адна другой кажа: «Мой сусед, які працуе рэжысёрам на тэлестудыі, казаў: „Калі прыйдзе Бандарэнка, вам тут няма чаго рабіць. А калі не (бо яна плануе ў медінстытут паступаць), то ў вас ёсць шанец“. Я і не падумала, што размова ідзе пра мяне…

Карацей, конкурс я прайшла. Былі яшчэ заняткі і іспыты ў медвучылішчы, а мяне прыспешвалі, бо дыктарка мусіла ісці ў дэкрэтны адпачынак.

І як толькі я ўвайшла ў студыйны павільён, як толькі я ўбачыла аграмадныя камеры, сафіты, жураўлі-мікрафоны, я была зачараваная.

Першы заробак атрымала — ажно 1500 рублёў. Мама заплакала, бо мы ніколі не бачылі такіх грошай», — успамінае Зінаіда Бандарэнка.​

Зінаіда Бандарэнка з мужам Генадзем Кап’ёвым.

Пераехаць у Мінск пагадзілася не адразу

Раней не было рэтранслятараў, не маглі трансляваць «карцінку» з Гомеля, Віцебска ці Брэста. Таму супрацоўнікі абласных студый прыязджалі ў Мінск са сваімі праграмамі.

«І вось на дні Гомельскай вобласці мы прыехалі ў Мінск. Літаральна на наступны дзень мяне выклікаў кіраўнік Беларускага тэлебачання Васіль Несцяровіч і прапанаваў пераехаць працаваць у сталіцу. Але я была ўжо замужам і цяжарная. Я пасаромелася ў гэтым прызнацца, таму сказала: «Не, я патрыётка свайго горада. Не магу пераехаць у сталіцу», — так абгрунтавала сваю адмову будучая зорка.

Зінаіда Бандарэнка з сынам.

Нарадзіўся сын, маладая сям’я жыла ў бараку без выгод, у адным пакоі з маці. У Гомелі надзеі на паляпшэнне жыллёвых умоваў не было. Аднойчы муж Зінаіды Генадзь Кап’ёў быў у службовай камандзіроўцы ў Мінску, завітаў да таго самага старшыні Дзяржтэлерадыё Несцяровіча і нагадаў, што яго жонцы прапаноўвалі тут працу. Неўзабаве сям’я пераехала з Гомеля ў Мінск.

Вяла ў Маскве праграму «Беларусь мая сінявокая»

А потым пачалася напружаная праца: выпускі навін, бясконцыя камандзіроўкі па ўсім Савецкім Саюзе, канцэрты, стажыроўкі, навучанне ў Маскве. Аднойчы з так званымі «Днямі культуры Беларусі» давялося падарожнічаць па сібірскіх гарадах ажно 40 дзён запар.

Зінаіда Бандарэнка.

«Куды б я ні ехала, заўсёды з узнёслым пачуццём. Але праз два дні так хочацца ў Беларусь.

Я ўспамінаю паездку ў Маскву, у спарткомплексе „Алімпійскі“ цягам некалькіх дзён мы паказвалі праграму „Беларусь мая сінявокая“, дзе былі ўсе славутыя калектывы — цэлы цягнік беларускіх артыстаў прыехаў у Маскву.

А калі ад’яжджалі, так засмуціліся. Бо мы ўпрыгожылі сцэну цудоўнымі творамі нашых ткачых — яны саткалі два вялікія ручнікі па 30 метраў даўжынёй і тры метры шырынёй. Ручнікі былі незвычайнай прыгажосці! А калі пасля канцэртаў здымалі, згортвалі ў сувой, аднаго ручніка ўжо не было. Яго проста скралі! Вось так кралі ў нас слуцкія паясы… Так што Масква ёсць Масква, свайго не ўпусціць!», — з усмешкай расказвае Зінаіда Бандарэнка.

Зінаіда Бандарэнка з артыстамі беларускай эстрады. Сярод іх Яраслаў Еўдакімаў, Ядвіга Паплаўская, Аляксандар Ціхановіч, Валер Дайнэка.

Моду на вышыванкі ўводзіла ў 1960-х

Яшчэ працуючы на Гомельскай студыі тэлебачання, Зінаіда Бандарэнка пачала апранацца ў стылізаваныя вышываныя строі. Рыхтавалі тады праграму да Дня Канстытуцыі, і ідэю надзець вышыванку Зінаіде падказаў той самы галоўны рэжысёр Сяргей Астравумаў.

«Я хуценька схадзіла ў атэлье, і жанчынкі пашылі мне вельмі прыгожую блузку з арнаментам і сарафан з вышыўкай. А потым, калі ўжо працавала ў Мінску, замаўляла льняныя сукенкі з вышыўкай, блузкі, сарафаны ў Доме мадэляў. Тады ж фігуры ў нас былі больш мажныя, і дырэктар Дома мадэляў Анатоль Гусар смяяўся: «Вось гэтая Бандарэнка быццам бы і пышная, а ў які строй не апранецца, усё на ёй ладна сядзіць», — расказала Зінаіда Бандарэнка.

Усе канцэрты, Дні культуры Беларусі ў Расіі ды іншых рэспубліках Бандарэнка прынцыпова вяла ў традыцыйным строі па-беларуску.

Зінаіда Бандарэнка ў вышыванцы.

Навучылася ў эстонскай дыктаркі патрыятызму

Першы крок да свайго «Шляху да Беларусі» (так называецца кніга Аляксандра Тамковіча, якая неўзабаве выйдзе) Зінаіда Бандарэнка зрабіла ў Маскве. І падказала яго ёй дыктарка Эстонскага тэлебачання. Тады канцэрты да Дня савецкай Канстытуцыі праходзілі ў Маскве, і запрашалі дыктарак усіх саюзных рэспублік, якія чыталі вершы сваіх нацыянальных паэтаў у перакладзе на расійскую мову.

З мужам Генадзем Кап’ёвым і сынам Уладзімірам, прысяга.

«У Тальвік, дыктаркі Эстонскага тэлебачання, на заканчэнні верша была фраза: „Эстонія — советская страна“. А яна прачытала верш на свой лад, але ў ім быў такі глыбокі палітычны сэнс.

Гомельскае тэлебачанне. 1960 год.

На тракце яна ўзнёсла прамаўляе: „Эстония — моя страна!“ Яе паправілі: „Это не твоя страна, это советская страна“. Эстонка кажа: „О, да-да, я вечером скажу правильно“. Але на запісе з гледачамі яна ўсё адно сказала „Эстония — моя страна!“ Так і пайшло ў эфір.

Яна ўсім дыктарам астатніх рэспублік падказала, што трэба рабіць. І на наступны год я гэта ўзяла сабе на заметку і чытала сваё, як я хацела», — прызнаецца Зінаіда Бандарэнка.

Зінаіда Бандарэнка на вокладцы польскага часопіса (1966 год).

Танцавала з Юрыем Гагарыным, але ён падмануў

Аднойчы на вучобе ў Маскве Зінаідзе Бандарэнцы даручылі дамовіцца з Юрыем Гагарыным, каб ён сустрэўся з дыктарамі саюзных рэспублік. Яна паехала з рэдактарам папулярнай праграмы «Эстафета новостей» Міколам Мітрохіным у Таварыства савецка-кубінскай дружбы, і рэдактар пазнаёміў яе з Гагарыным.

«Я расказала Гагарыну пра Белавежскую пушчу, а ён, аказваецца, любіў паляванне. Запрасіла яго ў Беларусь, і ён паабяцаў прыехаць. Пагадзіўся назаўтра сустрэцца і з дыктарамі.

Які ён абаяльны, якая ў яго непараўнальная харызма, усмешка была. Нездарма выбар Каралёва выпаў на Гагарына — быць першым.

На наступны дзень мы з дыктарамі чакалі першага касманаўта, але ён не прыехаў, бо напярэдадні сустракаўся з ткачыхамі. Замест Гагарына на сустрэчу з намі прыехаў Герман Цітоў. Таксама вельмі абаяльны», — дзеліцца ўражаннямі Зінаіда Бандарэнка.

Зінаіда Бандарэнка на фоне зрынутага герба БССР.

Тэлебачанне пакінула праз Лукашэнку

У 1996 годзе Аляксандар Лукашэнка прыехаў на тэлебачанне, каб аддзячыць журналістам за падтрымку на рэферэндуме. Сустрэча ладзілася ў самай вялікай студыі, «шасцісотцы». Кіраўніцу групы дыктараў і старшыню «жаночага савета» Зінаіду Бандарэнку напярэдадні выклікаў тагачасны старшыня Беларускага радыё і тэлебачання Рыгор Кісель і прапанаваў выступіць. У асноўным выступоўцы казалі пра састарэлую тэхніку, пераабсталяваньне. Бандарэнка выступала апошняй.

«Я казала пра людзей, пра малыя заробкі, пра тое, што як прыйшла новая ўлада, прафесіяналаў пачалі выціскаць, не даючы дапрацаваць да пенсіі. І калі Аляксандар Рыгоравіч ужо падводзіў вынікі, засяродзіў увагу на маім выступленні. Прамаўляў па-расійску: „Зіна гаварыла, як заўсёды, па-беларуску, гэтым яна стварае свой імідж, за гэта яе любіць народ. Ну калі вам так падабаецца гэтая мова, я найму людзей, няхай мне пішуць там, а я вам буду тут чытаць па-беларуску“.

Зінаіда Бандарэнка з дыктарам Уладзімірам Шаліхіным.

Ён глядзіць мне ў вочы, а я кажу: „Аляксандар Рыгоравіч, а чаму не? Гэта ж наша родная мова, матчына мова“. Лукашэнка адказвае: „Добра, Зіна. Я так і зраблю“.

А ззаду шэпчуць рэжысёры: „Эх ты, дурніца, паставіла крыж на сваёй кар’еры!“».

І народная артыстка адразу адчула ціск. Аднойчы Міхаіл Фінберг, у аркестры якога Бандарэнка працавала вядучай і які быў сенатарам, сказаў ёй адкрытым тэкстам, што даведаўся: яе будуць звальняць. Тады Бандарэнка сама напісала заяву па ўласным жаданні.

«Адпрацавала я яшчэ два месяцы. Прыходжу ў аддзел кадраў, а мне кажуць, што заява не падпісаная. Другі, трэці раз — тое самае. Іду да Рыгора Кісяля, а ён «сыграў»: «У мяне не падымаецца рука падпісаць вашу заяву». Я кажу: «Няхай яна падымецца», — згадвае народная артыстка.

Зінаіда Бандарэнка.

Расчараваная і беларускімі, і расійскімі тэлеканаламі

На думку Зінаіды Бандарэнкі, ад вядучых з тэлеэкранаў часцяком ідзе агрэсія, а так не павінна быць.

«Журналістаў з добрай размаўляльнай манерай цяпер амаль няма. Ад нас раней патрабавалі менавіта размаўляльнай манеры, душэўнасці, трэба было ўмець спалучаць свае асабістыя якасці з тым матэрыялам, які атрымліваеш. Нават складаны палітычны тэкст не трэба перадаваць так агрэсіўна, як робяць сучасныя вядучыя. Вельмі нядобры ўплыў ідзе на гледачоў ад расійскіх вядучых кшталту Скабеевай, Салаўёва, Кісялёва, у іх проста нейкія дваровыя манеры», — выказала свой погляд Зінаіда Бандарэнка.

На яе думку, няма і беларускага тэлебачання, паўнавартасных нацыянальных каналаў.

«Я не лічу БТ-1 нацыянальным беларускім каналам. Там бясконцыя расійскія серыялы, агрэсіўныя ток-шоу. І першы, і другі, і трэці беларускія каналы мне сорамна глядзець.

Дый наогул, пакуль СМІ шмат робяць, каб беларусы заставаліся пад гіпнозам. Вось гэты гіпноз, які ідзе з экранаў, прымушае людзей быць абмежаванымі», — мяркуе Зінаіда Бандарэнка.

Зінаіда Бандарэнка (справа) з жонкай беларускага палітыка Андрэя Клімава Таццянай.

Спадзяецца на прыклад Украіны і на свядомую беларускую моладзь

Зінаіда Бандарэнка ў будучыню Беларусі глядзіць з аптымізмам. Яна спадзяецца, што беларусаў можа натхніць прыклад суседняй Украіны, дзе за гады незалежнасці выбралі ўжо шостага прэзідэнта.

«У мяне надзея, што тое, што зрабіла Украіна, падкажа і нам выйсце. Я не так ужо падтрымліваю кандыдатуру Зяленскага, якога некаторыя называюць прарасійскім. Але яму не дадуць зрабіць таго, што народ не захоча. Людзі Украіны ўжо зусім іншыя.

Я таксама веру, што беларуская моладзь падкажа выйсце з нашай беспрасветнай сітуацыі. Я вельмі паважаю Паўла Севярынца, Дзмітрыя Дашкевіча, якія церпяць, сядзяць на сутках, атрымліваюць штрафы, але працягваюць адстойваць Курапаты», — выказвае спадзяванні народная артыстка Беларусі.