Сын запусціў у маці кошкай – у Вілейцы распавялі пра выпадкі хатняга гвалту

У Вілейцы міліцыя абмежавала зносіны 34 хатніх дэбашыраў са сваімі блізкімі. З іх 23 чалавекі адсялілі ў часовае жыллё. У горадзе і раёне на гэтым тыдні праходзіць рэспубліканская прафілактычная акцыя «Дом без гвалту!», піша МЛЫН.BY.

Старшы інспектар аддзела аховы грамадскага парадку і прафілактыкі Вілейскага РАУС Кацярына Літоўчанка расказала карэспандэнту МЛЫН.BY:

– Супрацоўнікі аддзела ў суправаджэнні начальніка РАУС або яго намесніка на працягу года штодня наведваюць ізалятар часовага ўтрымання. На гэтым тыдні ўдзяляем асаблівую ўвагу тым, хто прычыняе родным фізічныя і псіхічныя пакуты.

Па словах Літоўчанкі, сярэднестатыстычны вілейскі дэбашыр – беспрацоўны мужчына ва ўзросце 40-45 гадоў. Часцей за ўсё разведзены і пражывае з бацькамі або з сужыцелькай. Рэгулярна выпівае або злоўжывае спіртнымі напоямі.

Не пакідаюць адзінокімі мужчын у гэтай незайздроснай катэгорыі і жанчыны. Сярэднестатыстычнай даме 35-40 гадоў. Разведзеная і беспрацоўная. Выпівае і абавязаная вяртаць расходы дзяржавы на выхаванне дзяцей.

На ўліку ў вілейскай міліцыі за паўторныя правапарушэнні на працягу года ў дачыненні да членаў сям’і цяпер 76 чалавек, у тым ліку тры жанчыны. Адна з іх не дае спакойна жыць сваёй маці, другая – бабулі. Трэцяя тэрарызуе сужыцеля.

–  22 красавіка затрымалі траіх мужчын. Усе яны жывуць разам з маці, часта п’юць і не даюць спакойна жыць. Сярод іншага, ёсць незвычайныя выпадкі: сёлета ўнучка кінула ў бабулю замарожаную курыцу, а сын запусціў у маці яе любімай кошкай.

Ілюстрацыйнае фота.

Тым, хто здзейсніў паўторнае на працягу года такое правапарушэнне, рашэннем начальніка РАЎС могуць забараніць размаўляць са сваімі роднымі і адсяліць іх з месца сумеснага пражывання.

Тэрмін пакарання – ад 3 да 30 сутак. Адселеныя правапарушальнікі на працягу гэтага часу пражываюць у сваякоў або сяброў. Калі няма такога прытулку, райвыканкам дае жылы дом.

У перыяд ад 1 студзеня па 24 красавіка ў сем’ях Вілейскага раёна было здзейснена два злачынствы, прадугледжаных першай часткай артыкула «Наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання». У адной з вёсак жонка нанесла мужу траўмы гэтай катэгорыі. У горадзе – сын прычыніў іх бацьку.