Шафа, якая ўпала на 94-гадовую Пелагею Лазараўну.

У Рэчыцы пенсіянерка, знаходзячыся ў бальнічнай палаце, атрымала сур’ёзныя траўмы – на яе ўпала шафа. Сваякі пацярпелай збіраюцца звяртацца ў суд, піша tut.by.

19 красавіка жыхар Рэчыцы Уладзімір адвёз 94-гадовую маці Пелагею Лазараўну ў раённую бальніцу на планавае абследаванне. Пенсіянерку змясцілі ў палату для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

Праз дзень, распавядае мужчына, ён прыехаў у бальніцу, каб наведаць маці, а ў палаце пуста.

– Я – на пост, мне кажуць – яна ў траўматалогіі. Як так? Чаму нам не сказалі, бо тэлефоны ўсё пазначаныя? – абураецца мужчына.

Аказалася, што на пенсіянерку позна ўвечары ўпала шафа. Пажылая жанчына збіралася дастаць рэчы, а ў выніку атрымала складаныя пераломы сцягна і ключыцы.

Сын пацярпелай кажа, што сустракаўся з адміністрацыяй медыцынскай установы, каб высветліць абставіны здарэння і як наогул шафа магла зваліцца.

– Мне адказалі, што гэта форс-мажор і бальніца ў гэтым не вінаватая, шафу з палаты прыбралі.

Мужчына напісаў заяву ў міліцыю, адправіў ліст у Міністэрства аховы здароўя, таксама збіраецца звяртацца ў суд.

– Мама легла ў бальніцу, у яе нават трэцяй групы інваліднасці не было, а цяпер яна поўны інвалід, – кажа Уладзімір.

Цяпер пенсіянерка знаходзіцца ў Гомельскай абласной бальніцы, яе прааперавалі.

Галоўны лекар Рэчыцкай ЦРБ Аляксандр Пузенка ў тэлефоннай размове карэспандэнту TUT.BY інцыдэнт каментаваць адмовіўся, удакладніў толькі, што ў шпіталі праводзіцца ўнутранае расследаванне, а таксама міліцэйская праверка.

• Текст доступен на языке: Русский