У траўні 1986 года, калі я прыехаў у Чарнобыль, там тварыўся суцэльны бардак: усё нібыта ахоўвалася — і не было ніякай аховы, можна было залезці хоць у сам рэактар.

Яшчэ нават не пазьбіраныя былі, выбухам выкінутыя з рэактара, кавалкі графітавых стрыжняў — і ўбачыў я не жалезных робатаў, а жывых людзей, апранутых у халаты хімабароны (нібыта супрацьрадыяцыйныя), маладых салдацікаў, сьмертнікаў, якія звычайнымі шчыпцамі з падоўжанымі ручкамі тыя графітавыя кавалкі зьбіралі.

Яны зьбіралі сваю сьмерць, але не разумелі, што рабілі, а тыя, хто разумеў і пасылаў іх на гэта, — разумелі, пасылалі і маўчалі.

Маўчалі доўга, а калі ўжо вымушаны былі нешта казаць, дык казанка тая ў вуснах самага галоўнага кіраўніка дзяржавы Гарбачова скіравалася да Захаду, да перапалоханых немцаў, французаў, бэльгійцаў, але не да сваіх.

Убачыўшы ўвесь гэты жах, я спытаўся ў акадэміка Веліхава, які кіраваў тады (разам з акадэмікам Лягасавым) усімі і ўсім у Чарнобылі: ну як, скажыце, такое можа быць?! І ён даволі доўга тлумачыў мне сутнасьць закону вялікіх лічбаў…

Пасьля тлумачэньняў я сказаў яму, што зразумеў-такі сутнасьць гэтага складанага закону: бабы новых народзяць.

Пазьней, ужо пад восень, я паехаў у Чарнобыль з кінагрупай, і мы зьнялі там фільм, у якім цэнзары зь Міністэрства сярэдняга машынабудаваньня — назву ж якую прыдумалі для атамнай прамысловасьці! — пакінулі толькі тое, што сьведчыла пра гераізм і патрыятызм (што, безумоўна, было), але без аніякіх салдацікаў са шчыпцамі… Перад гэтым былі зьнішчаны стужкі, зьнятыя групай, у якую ўваходзіў мой сябар Анатоль Ярась — ён памёр ад раку.

Наш фільм ніякавата было глядзець, але і нічога ўжо нельга было ў ім выправіць: адзьнятыя матэрыялы ў нас пазабіралі. Тады зь іншай творчай групай я сабраўся ў Маскву, каб зрабіць тэлепраграму з акадэмікам Лягасавым, але, пакуль мы зьбіраліся, ён скончыў жыцьцё самагубствам, павесіўся. Нехта казаў, што менавіта праз тое, што сталася ў Чарнобылі (Лягасаў быў адным з праектоўшчыкаў рэактару), нехта называў іншыя прычыны…

Зьнялі мы ўрэшце тэлеінтэрвію з акадэмікам Веліхавым, які, усяляк зацямняючы сутнасьць праблемы, усё стараўся пераскочыць на высакалобую балбатню… Але ўсё ж на некаторыя пытаньні быў змушаны адказаць наўпрост.

Я спытаў: «Калі б нават не ў 30-кілямэтровай зоне, а ў 100-кілямэтровай аддаленасьці ад яе, дзе-небудзь на Магілёўшчыне ці Гомельшчыне, жыў нехта з вашай сям’і, што б вы зрабілі?..» І ён, пакруціўшыся трохі вакол рознаўзроўневых дозаў радыяцыі, усё ж адказаў:

«Вывез бы, бо жыць там нельга. Калі, вядома, жыць, а не паміраць…»

А мы вось, хто не памёр, жывём…

І карумпаваныя чыноўнікі з МАГАТЭ разам з нашымі дзяржаўнымі кіраўнікамі даводзяць, як і ад пачатку даводзілі, што Чарнобыль нам зусім ня ў шкоду, калі не на карысьць.

• Текст доступен на языке: Русский