Днямі свой юбілей адсвяткавала ўраджэнка Маладзечна, пісьменніца, журналіст Тамара Бунта (Міжыгурская). Для нашых чытачоў Тамара Пятроўна прыгадала горад свайго дзяцінства, мясцовую школу, працу ў журналістыцы.

Бацькі

Бацька Тамары Пятроўны, Пётр Дзям’янавіч Міжыгурскі, родам з вёскі Сівіца, што за Беніцай. Але Сівіца – гэта ўжо Смаргонскі раён.

Маці, Марыя Рыгораўна Ткачова, з Мсціслаўшчыны.

– Іх вёску Дудчыцы немцы пры адступленні спалілі. Маці адразу пасля вызвалення ад фашысцкай акупацыі паступіла ў Мсціслаўскае педвучылішча. Ёй тады было 20 год. Сяброўкі ўжо ішлі замуж, а маме вельмі хацелася вучыцца. На пачатку 1950­-х гадоў яна прыехала настаўніцай у Сівіцу, там пазнаёмілася з маім бацькам, выйшла замуж і назаўсёды засталася жыць у Заходняй Беларусі, – прыгадвае пісьменніца.

Маладзечна

У сярэдзіне 1950­-х Міжыгурскія пераехалі ў Маладзечна. Пётр Дзям’янавіч пабудаваў хату на завулку Куйбышава (цяпер – вулі ца Святаянская).

Успаміны дзяцінства для спадарыні Тамары звязаныя з гэтым кутком:

– Наш раён калісьці называлі Пяскі. І сапраўды, вуліца была пясчаная ўлетку і гразкая, уся ў лужынах, увесну і ўвосень. Яе засялялі выхадцы з вёсак – людзі простыя, усе аднолькава бедныя, у большасці шматдзетныя.

А няма лепшага шчасця, чым жыць сярод роўных табе!

Таму дзяцінства, якое прайшло на завулку Куйбышава, засталося цёплым успамінам і ў маёй памяці, і ў маёй душы. Бацькі ўвесь дзень працавалі. А нас дзе толькі чорт не насіў – і на рэчку, і за рэчку, і па непралазных кустах, і па нейкіх будоўлях!.. І ніхто за нас не баяўся: бацькі сварыліся толькі за тое, што мы забываліся своечасова прыйсці дадому, каб паабедаць.

Маладзечанскае дзяцінства. Злева направа: Галя Рыняк, Воля Вайніловіч, Тамара Міжыгурская, Таня Кузняцова.

Дзіцячыя ўспаміны потым ляглі ў аснову аўтабіяграфічнай кніжкі Тамары Бунты «Дзяўчынка з Вішнёвага завулка».

Школа №3

У сем год Тамара Міжыгурская пайшла ў сярэднюю школу №3. Вучылася добра. Школа – спецыяльная, французская.

– Ад пачатковых класаў мы вывучалі не толькі французскую мову, але і літаратуру, гісторыю, геаграфію Францыі. У нас былі добрыя і моцныя настаўнікі­ прадметнікі: настаўніца матэматыкі Іда Сямёнаўна Драбкіна, настаўнік малявання і чарчэння Павел Пятровіч Купрэвіч, настаўніца замежнай мовы Кацярына Іванаўна Кур’ янчык, наш класны кіраўнік, і Людміла Уладзіміраўна Доўнар. Потым яна стала дырэктарам, – згадвае пісьменніца школьныя гады.

Прызнаецца, што настаўніцу рускай мовы і літаратуры Генрыету Міхайлаўну Чэпікаву называе «мае ўніверсітэты». Дзякуючы гэтай настаўніцы пасля школы выпускніца абрала прафесію журналіста.

Клас у нас быў моцны, асабліва хлопчыкі – разумныя, культурныя, прыстойныя, кажа Тамара Пятроўна і дадае, што яшчэ ў школе зразумела: мужа далёка шукаць не трэба:

– У 1979 годзе выйшла замуж за свайго аднакласніка, Мікалая Бунта, курсанта ваеннага вучылішча. Праз год разам з ім, ужо лейтэнантам, паехала ў Падмаскоўе, у лясны гарнізон. І потым амаль паўтара дзесяцігоддзя ездзіла за мужам­-афіцэрам па ваенных гарадках. Вядома, працаваць па спецыяльнасці ў той час мне не даводзілася. На радзіму мы вярнуліся ў 1994 годзе.

Першы твор

Першае апавяданне мая гераіня напісала напрыканцы 1970­-х, ужо пасля заканчэння школы. Твор надрукавала мясцовая раёнка. У той час пры рэдакцыі плённа працавала літаб’яднанне «Купалінка», якім кіравалі гісторык Генадзь Каханоўскі і маладзечанскі паэт Уладзімір Давыдаў.

З мужам.

Пачаткоўцаў яны вучылі, як пісаць апавяданні і вершы, разбіралі творы, давалі заданні. Збіраліся паэты Кастусь Цыбульскі, Ала Клемянок, Настасся Наркевіч, Давід Юдовін, Марат Баскін, які цяпер жыве ў ЗША… Часта прыходзіў Мікола Ермаловіч.

Журналістыка

У журналістыку мая гераіня, на яе думку, прыйшла позна – у 37 год. Пайшла ў ваенную прэсу – на паўстаўкі. Пісала пра ветэранаў вайны, афіцэрскіх жонак.

А праз тры гады запрасілі ў часопіс «Алеся» намеснікам галоўнага рэдактара. Тут Тамару Пятроўну ведалі даўно. Калі яна, жонка вайскоўца, жыла па­-за межамі Беларусі, паўсюль не толькі выпісвала гэты часопіс, але і пастаянна пісала туды па-беларуску.

Прызнаецца, што было страшна без вялікага досведу ісці на такую пасаду, але адважылася. А праз тры гады стала галоўным рэдактарам «Алесі».

– Наша крэда было: паказваць кожную беларускую жанчыну – і работніцу, і сялянку, і навукоўку, і бізнесвумэн, і настаўніцу, і артыстку, і мастачку, і народную майстрыху, і сціплую бібліятэкарку, і вясковую паштальёнку, і гаспадыню, і шматдзетную маці, – як
асобу, – прыгадвае Тамара Пятроўна журналісцкую працу.

Першая кніжка

Хоць усё жыццё Тамара Бунта пісала апавяданні, першую кніжку выдала ў 55 год. Проста ніколі не аддзяляла пісьменніцкую творчасць ад журналісцкай, прызнаецца яна. А цяпер перакананая: трэба было аддзяляць:

– Каб працягвала працаваць у часопісе, мае кніжкі для дзяцей наўрад ці пабачылі б свет!.. Думкі цалкам былі занятыя «Алесяй». Калісьці я лічыла, што праца ў часопісе для жанчын – найлепшы перыяд майго творчага жыцця. Аказваецца, не. Сённяшні перыяд – цікавейшы за папярэдні. Я шмат сустракаюся з дзецьмі, пішу для іх і атрымліваю шчыры, жывы водгук на свае кнігі. І надалей збіраюся пісаць для дзяцей.

Падчас адной са шматлікіх сустрэч са школьнікамі.

60

– Што для мяне 60 год? Пакуль не разабралася. Адчуванні тыя ж, што і ў 55, і ў 50… Планаў, сюжэтаў у галаве – велізарная колькасць! Энергіі, здаецца, таксама хапае. Але ўсё ж такі розум падказвае, а жыццё паказвае: час хуткацечны, рассусольваць няма калі. Трэба пісаць, пакуль Бог дае сілы! Буду!

Фотаздымкі забяспечаныя гераіняй публікацыі.

• Текст доступен на языке: ruРусский