Трэцяе фолкавае танцавальнае спатканне збірае на хутар «Засценак Скрыплеў» на Валожыншчыне.

Ці змаглі б вы ўсю ноч танцаваць пад жывую музыку на хутары? Зоркі, вясновы сад, прыгожыя ўборы і непараўнальная кампанія. Самыя майскія беларускія танцы чакаюць вас у Валожынскім раёне 8-9 мая.

На хутары «Засценак Скрыплеў» адбудуцца трэція фолкавыя танцавальныя спатканні «У маёвым садзе». У гэтым годзе чакаецца шмат новага.

Гаспадары запрасілі гасцей з Польшчы – гурт «Хлопцы з Навашышак», якія іграюць музыку Сувальшчыны, земляў блізкіх да беларускай Гродзеншчыны. Дамовіліся, што прыедзе ўкраінскі гурт «Сільска музыка» з горада Роўна, якія  выконваюць музыку Палесся. Чакаюць музыкаў са Славакіі «Бачарска Трыа», што значыць «Тры пастухі». Гэта выканаўцы музыкі Татранскага горнага краю.

Безумоўна, да гэтай ночы далучацца беларускія музыкі – «Капэля» Алеся Лася, гурты «На таку», «Мярэжа», «Колесніе», «Варган», музычныя дуэты і іншыя.

Запрасілі музыкаў і даўніх гасцей-танцораў з Гродна, Брэста, Любані, Барысава, Вілейкі, Полацка, Ліды. Традыцыйна возьмуць удзел сябры з маладзечанскага этнаграфічнага аб’яднаня «Кола», якія маюць статус першых партнёраў і суарганізатараў фэста. Вядучым фэста будзе журналіст, тутэйшы па паходжанні – Анатоль Шырвель.

Прыблізная праграма ночы танцаў:

8 мая

  • 12:00 – заезд удзельнікаў.
  • 14:00 – 14:20  – пачатак спатканняў.
  • 14:20 – 16:00 – канцэртная праграма з выступленнямі гуртоў-удзельнікаў.
  • 16:00 – 17:00 – вольная гадзіна, час падсілкавацца, адпачыць.
  • 17:00 – 19:00 – майстар-класы па польскіх, украінскіх і славацкіх танцах.
  • 20:00 – пачатак ночы танцаў. Музыкі будуць іграць па чарзе ў адпаведнасці са сваім часам.

9 мая

  • 01:00 – фолк-джэм, дзе музыкі могуць іграць змешана, на замовы танцораў.

Як паказала практыка, завяршэнне ночы танцаў звычайна супадае са світаннем, апошнія акорды гучаць са спевамі салаўёў.

Што акрамя танцаў

Падчас фэсту будзе працаваць хутарская карчма «Прысмакі ад Браніславіча» – тут можна падсілкавацца поліўкамі, крупнікам, печанымі кілбаскамі, салатамі, будзе меню для вегетарыянцаў. Цягам танцаў можна будзе спаталіць смагу ўзварамі і гарбатамі.

Танцоры, якія збіраюцца правесці ўсю ноч, могуць узяць намёты і размясціцца на тэрыторыі кемпінга хутара з доступам да простых, але неабходных выгодаў – вада, прыбіральні, паркінг для машыны. Намёт, калі няма свайго, можна ўзяць напракат па папярэдняй замове на хутары.

Што апрануць

Нашы просьбы і пажаданні вельмі сціплыя. З аднога боку, мы вітаем усіх у традыцыйных строях.

А з іншага, просім, каб дзяўчаты хаця б былі ў спадніцах.

Што па цэнах

Ноч танцаў – гэта не канцэрт, а форма агратурызму. З усімі гасцямі будуць заключаныя дамовы па паслугах у галіне агратурызму. Каб пазбегнуць марнавання часу, вельмі важна зарэгістраваць свой удзел, пераслаўшы нам пашпартныя дадзеныя асобы, з кім заключаецца дамова, і колькасць спадарожнікаў. Рэгістрацыя і папярэдняя дамова важная тым, хто лічыць грошы. Цэны наступныя:

  • да 20 красавіка – 15 руб./асоба з рэгістрацыяй
  • ад 21 красавіка да 7 мая – 20 руб./асоба з рэгістрацыяй
  • 8 мая – 30 руб./асоба з рэгістрацыяй па факце.

Падчас рэгістрацыі да 7 мая будзе «панскі дадатак» – для тых, хто хацеў бы замовіць альбо асобны столік, альбо адмысловыя прысмакі. Такая паслуга абмяркоўваецца асобна і каштуе ад 15 рублёў на асобу і вышэй.

Грошы пасля заключэння дамовы можна будзе даслаць праз сістэму АРІП, па дадзеным у дамове рахунку.

Як трапіць бясплатна

Ёсць абмежаваная магчымасць узяць удзел у мерапрыемстве і задарма, але ўзамен на валанцёрства. І калі такія жадаючыя ёсць – просім дасылаць аб сабе інфармацыю.

Перавага аддаецца хлопцам, якія ўмеюць валодаць будаўнічымі інструментамі ці ў стане рабіць фізічныя працы па канчатковай падрыхтоўцы тэрыторыі. Што да дзяўчат, то тут спатрэбяцца тыя, якія дапамогуць спраўляцца па кухні альбо дапамагаць інфармацыйнай службе. Усё абмяркоўваецца пасля напісання  пісьмовай заяўкі.

Паспяшайцеся!

Танцавальныя спатканні маюць клубны статус, абмежаваную колькасць удзельнікаў – да 100 чалавек. Гэта колькасць адпавядае маштабам тэрыторыі нашага хутара.

У гэтым годзе мы ўводзім забарону на цыгарэты. Для тых, хто курыць, будзе адведзеная спецыяльная пляцоўка.

За парадкам будуць весці назіранне ўнутраная дружына бяспекі. На тэрыторыю ночы танцаў не будуць дапускаць асобаў у нецвярозым стане.

Да ведама гасцей, якія маюць час на наступны дзень – можна скарыстацца магчымасцямі аграсядзібы «Засценак Скрыплеў» – сплывам на каяках па рацэ Заходняя Беразіна, арэнда ровараў, замова лазні, розныя актыўныя гульні, лучны цір.

Арганізатары ночы танцаў «У маёвым садзе-3» вераць і спадзяюцца, што  чарговыя танцавальныя спатканні добра запомняцца гасцям.

Рэгіструйцеся:

+375 29 1510187, Info1@greenteam.by.

Падзея ў фэйсбуку.

Месца правядзення – аграсядзіба «Засценак Скрыплеў», Валожынскі раён.

• Текст доступен на языке: Русский