Анхела на пляжы ў Малазе. Фота забяспечанае аўтарам.

Якія нечаканыя супадзенні, нестандартныя здарэнні і капрызы лёсу былі патрэбныя дзеля таго, каб (не)звычайная іспанская грамадзянка патрапіла да вас на гэтыя старонкі? Баюся, было б цяжка скласці дакладную храналогію, сувязі між прычынамі і эфектамі і, асабліва мне, чыстаму гуманітарыю, выясніць статыстыку.

Затое магу сказаць пару рэчаў з адноснай упэўненасцю: па-першае, я дужа радая, што маё жыццё давяло мяне цяпер да супрацоўніцтва з вамі; па-другое, мяркую, усё-ткі варта падзяліцца з вамі скарочанай версіяй сваёй гісторыі.

Я заўжды думала, што чытачы – гэта такая катэгорыя сяброў, асабліва ў публіцыстыцы. І я чула, што газету сапраўды чытаюць, не толькі гартаюць ці выкарыстоўваюць для забойства мух, і таму трэба сказаць пару (тысяч?) слоў пра сябе.

Я нарадзілася вельмі далёка ад Беларусі, у горадзе Малага, што на поўдні Іспаніі, і ў мяне былі ўсе магчымасці правесці спакойнае жыццё, ніколі не запомніць, дзе Беларусь на мапе (мне сорамна, але далёка не ўсе іспанцы пакажуць), хадзіць на працу і памерці без дадатковых клопатаў… Буду шчырай – я заўжды жыла ва ўцёках. Куды? Ад чаго? А хто мяне ведае, але я марыла пайсці крыху далей, пабачыць яшчэ нешта, навучыцца глядзець на сябе і на свет чужымі вачыма.

У дзяцінстве я спяшалася. Навучылася чы­таць у два гады, наперакор маці, і ніколі больш не кінула кніг; пайшла ў музычную школу і пачала самастойна вывучаць мовы з думкай аб тым, што яны ў будучыні спатрэбяцца і не будзе часу займацца.

Можа, гэта ад таго, што я ­ледзь не памерла двойчы да пяцігадовага ўзросту. А можа, такая генетыка мне дасталася.

Калі мне было 15 гадоў, да маёй школы дайшла інфармацыя пра стыпендыю Дзярждэпартамента ЗША: гэта быў летні семінар, як яны пісалі, «для маладых дыпламатаў», гэта зна­чыць, для школьнікаў, якія цікавяцца культурнымі абменамі, міжнароднымі адносінамі і ўсякай такой тэматыкай. Там было адно месца на ўсю краіну, і абяцалі неверагодны досвед у амерыканскім універсітэце, паездкі ў Вашынгтон і Філадэльфію, новыя знаёмствы на ўсё жыццё. Я рыхтавала спіс аргументаў, каб бацькі дазволілі падаць заяўку. Яны мяне амаль нікуды не пускалі адну, моцна хваляваліся, калі ўсё ж хадзіла куды-небудзь. А тут адразу дазволілі. Таму што там было адно месца на ўсю краіну. Іх логіка была пабудаваная на ідэі, што будзе лягчэй дазволіць мне падацца, і каб Дзярждэпартамент адмовіў, чым спрачацца са мной. У мяне складаны характар. І тут здарылася першая неспа­дзяванка – мяне выбралі.

У Паўночнай Караліне было ўсё, як абяцалі: і заняткі былі крутыя, і паездкі пладавітыя, і, самае галоўнае, пазнаёмілася з цікавымі лю­дзьмі.

Як аказалася, гэты праект мае мэту наблізіць Усход і Захад, і таму было шмат студэнтаў з краін постсавецкай прасторы (у тым ліку, як можаце здагадацца, – з Беларусі).

Праз год арганізавалі афіцыйную сустрэчу ў Балгарыі, туды прыяз­джалі ўдзельнікі за апошнія тры гады праграмы. Так склалася, зноў выпадкова, што ў мяне засталося некалькі добрых беларускіх сяброў. Менавіта яны сталі маім першым кантактам з беларускай культурай, музыкай, літаратурай… Мова была пазней – сябры тады валодалі толькі на школьным узроўні.

Час ішоў, я паступіла на славянскую філалогію і, дзякуючы міжнароднаму журналісцкаму конкурсу па беларускай тэматыцы (у якім я нейкім цудам перамагла), мяне запрасілі ў Варшаву ў 2012 годзе.

Акурат там я ўпершыню апынулася ў цалкам беларускамоўнай кампаніі інтэлігентных людзей (былі там журналісты, літаратары, культурніцкія актывісты) і, так бы мовіць, закахалася ў беларускую мову. Я ўжо тады ведала, што менавіта ёй хачу прысвяціць сваё жыццё.

Не глядзіце на мяне так: я разумею, што гэта гучыць пафасна, затое я шчыра!

Па вяртанні на ра­дзіму я пачала збі­раць матэрыялы для вывучэння беларускай мовы. Аказалася, гэта было не так проста, як я думала, хаця ў 2012 годзе ў мяне ўжо быў нават смартфон. Матэрыялаў амаль не было. І тое, што было – усё на рускай мове, якую я ведала прымальна, але далёка не дасканала. Варта сказаць, што я амаль год збірала кнігі, курсы і практыкаванні і толькі ў 2013 годзе пачала сур’ёзна займацца беларускай мовай.

Праз некалькі месяцаў я завяла блог (цяпер мёртвы) дзеля моўнай практыкі, пачала пі­саць нейкія вучнёўскія вершыкі. Я заўжды так раблю, калі вывучаю новую мову, для адчування яе асаблівасцяў. Не ведаю, як вы, а я шукаю свой голас праз паэзію. Праўда, ніколі не думала падаваць свае тэксты ў друк да таго, як беларусы пачалі прасіць. Мае вершы раптоўна і нечакана заўважылі людзі, якія вельмі актыўныя ў беларускай культуры. Алесь Мазанік і Глеб Лаба­дзенка паказалі мой блог Рыгору Барадуліну, як і маю песню на словы яго верша «Трэба дома бываць часцей». Дзядзька Рыгор, у сваю чаргу, ухваліў – нават даслаў кніжку з аўтографам незадоўга да сваёй смерці. Гэта падштурхнула яшчэ аднаго літаратара, Алеся Плотку, прапанаваць мае вершы на друк газеце «Новы час». Потым папрасілі нізку для «Маладосці», а крыху пазней Міхась Баярын паспрыяў дапісанню і выданню майго першага зборніка пад назвай «Раяль ля мора». Далей, можа, вы ведаеце, як пайшло. Лю­дзі чамусьці захапіліся творчасцю паліглоткі-аматаркі, і ну, вось тут і я. Выпадкова.

Не скажу, што гэта заўжды было лёгка. У мяне больш-менш пастаяннае адчуванне, што я жыву двайным жыццём: у беларускіх і іспанскіх знаёмых цалкам адрозныя жыццёвы досвед, культурны кантэкст, светаўспрыманне.

А я з часам стала занадта беларускай для Іспаніі, і ўсё ж недастаткова беларускай для Беларусі.

Словамі вялікага Лявона Вольскага, «і тут ты чужы, і там ты чужы». Сустракалася з прадузятасцю людзей, хто скептычна ставіцца да экзафонных пісьменнікаў (і да замежнікаў у беларускай культуры ў цэлым), зайздрасцю, скандаламі, у якіх не хацела пры­маць удзел, і іншымі непрыемнасцямі. Але я схлусіла б, калі б сказала, што негатыў пераважаў.

Кожная мова – новы сусвет, са сваімі таямніцамі і ўласным багаццем. А беларуская мова адкрыла перада мной вялікую колькасць новых магчымасцяў: мне быў дадзены шанец паглядзець на Беларусь сваёй оптыкай і выказаць свае пачуцці на беларускай мове, а таксама пачуць іншых «у арыгінале». Мне дасюль слаба верыцца, што я стала актыўнай часткай развіцця беларушчыны, што пазнаёмілася (і нават перайшла на «ты») з такімі неверагоднымі і важнымі для Беларусі людзьмі. Я была ў Беларусі некалькі разоў і змагла размаўляць з людзьмі на роднай ім мове. А цяпер, натуральна, з’явілася новая мэта: прыехаць да вас, у ваш рэгіён, каб наблізіцца да новых сяброў – чытачоў «Рэгіянальнай газеты». Абяцаю гэта зрабіць як мага хутчэй, а пакуль што – радая знаёмству!


Анхела Эспіноса Руіс (ісп. Ángela Espinosa Ruiz) нарадзілася 6 лютага 1993 года ў Малазе (Іспанія). Скончыла факультэт славянскай філалогіі Гранадскага ўніверсітэта (2015) і атрымала ступень магістра беларускай філалогіі ў Варшаўскім універсітэце (2017). Цяпер аспірантка Універсітэта Комплутэнсе ў Мадрыдзе.

Аўтарка лірычных зборнікаў «Раяль ля мора» (2015), Pomme de ciel (2017), «Колер крылаў» (2019), перакладчыца двухмоўнага зборніка выбраных вершаў М. Багдановіча на іспанскую мову «Згукі маёй Бацькаўшчыны» / Ecos de mi tierra (2017).

Фіналістка конкурсу «Экслібрыс» імя Р. Барадуліна (2015), прэміі «Дэбют» імя М. Багдановіча (2016). Лаўрэатка конкурсу сучаснай паэзіі фонду Роберта Боша (2017), Міжнароднага конкурсу маладых літаратараў «Першацвет» (2019), прэміі імя М. Стральцова (2019).