Па дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, на канец мінулага года ў Мінскай вобласці на 1000 чалавек прыходзілася 342 аўтамабіля. У Гродзенскай – 363. А колы ў кожнай машыны чатыры. Дзіцячыя атракцыёны, упрыгожванні, клумбы… Чаго толькі не робяць са старых аўтапакрышак. Мы вырашылі разабрацца, ці варта выкарыстоўваць шыны, якія сваё ўжо адслужылі.

– Шыны – другасны матэрыяльны рэсурс, адносіцца да трэцяга класа небяспекі. Але людзі ставяць старыя пакрышкі на дзіцячыя пляцоўкі, робяць упрыгожванні. Калі яны будуць доўга ляжаць у зямлі, нічога добрага не будзе. Нельга, каб гума ляжала на звалках, бо звалка можа загарэцца, будзе нанесеная вялікая шкода наваколлю. Вядома, летам сонца моцна награвае пакрышкі, ёсць выпарэнні. Дарэчы, калі ўжо чалавек ставіць гуму ў двары, лепш яе пафарбаваць – выпарэнняў менш, – кажа галоўны спецыяліст Маладзечанскай раённай інспекцыі Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Танана.

– З адходамі адна задача – максімальны збор і здача на другасную перапрацоўку.

Стадыён сярэдняй школы №12.

Другасныя матэрыяльныя рэсурсы – адходы, якія пасля збору могуць выкарыстоўвацца ў якасці другаснай сыравіны, для гэтага ў Беларусі ёсць аб’екты па выкарыстанні адходаў, паведамляецца ў Законе па абыходжанні з адходамі.

Па вуліцы Міра.

Дырэктар Цэнтра экалагічных рашэнняў, кіраўнік праграмы па хімічных рэчывах і адходах Яўген Лабанаў мяркуе, калі выкарыстоўванне гумы ў якасці ўпрыгожанняў і атракцыёнаў не носіць масавы характар, гуму не спальваюць, вялікай праблемы няма.

– Зразумела, аўтапакрышкі не прызначаныя для выкарыстання ў якасці атракцыёнаў ці лавак. Але  калі няма магчымасці зрабіць іншае, у адзінкавых выпадках гэта можна рабіць. Напрыклад, гэтыя ж пакрышкі здрабняюць і з крошкі робяць пакрыццё для дзіцячых пляцовак.

Па вуліцы Міра.

Здаць на перапрацоўку шыны ў Маладзечне можна, напрыклад, у ТАА “Румб”. За тону просяць 160 рублёў. Таксама здаць гуму можна ў “Камунальнік” і ТДА “Марлен”.

Што думаюць жыхары Маладзечна і раёна

Аляксей Васільеў: – Даволі складана сказаць адназначна. Успамінаючы дзяцінства, пакрыўкі для нас былі добрай забавай. Так што мой голас “за”. У мяне на радзіме покрыўкі стаяць гадоў 20. Не адзін дзясятак пакаленняў вырас на іх. Здаецца, не так гэта і страшна.

На стадыёне ля Гімназіі №10 займалася не адно пакаленне вучняў.

Вераніка Буслаўская: – Лічу, што гэта бяспечна. З аўтапокрывак можна зрабіць розныя атракцыёны ад простай пясочніцы да якіх-небудзь прыгожых фігур.

Аляксандр Казакевіч: –  У мяне на дачы колы ўкапаныя ў зямлю, дзеці там вогнішча паляць, скачуць па ім. Два круга там такіх. На стадыёне ля 11 школы таксама ёсць, выкарыстоўваюцца як паласа перашкод. Прынамсі я ў дзяцінстве па колах пастаянна скакаў. Думаю, яны больш бяспечныя, чым усякія металічныя арэлі і турнікі. Выпарэнні ад гумы будуць у любым выпадку, ўкапаная яна дзесьці на вуліцы ці стаіць на машыне. Калі іх пужацца, трэба пераходзіць на драўляныя колы. Заводы больш экалогію забруджваюць, чым шыны, аднак з-за гэтага ніхто іх не закрывае.

Кірыл Куніцкі: – Я супраць, гэта адходы. Я проста працую ў Еўропе, тут такога ўвогуле няма. Усё б/у ці выкідваюць, ці прадаюць у СНД. А у нас усё грабуць.

Юры Марзак: – Мяркуючы па тым, як іх выкарыстоўваюць у ЗША, робяць усякія арэлі і падобнае, думаю, што ідэя мае права на жыццё. Усё будзе ўжо залежаць ад рэалізацыі. Асабіста я буду не супраць такой ініцыятывы.

Ірына Тархан: – У сваім двары хочам усталяваць для дзяцей комплекс з колаў. Плануем – гарадзішча колаў, думаем зрабіць элемент дзіцячай пляцоўкі. Ведаем, што іх вельмі шырока выкарыстоўваюць у Піцеры. З беларускіх гарадоў сустракалі ў Кобрыне. З плюсаў – таннасць выкарыстання, альтэрнатыўны адпачынак дзецям, нешта новае ў двары. Менш забруджваюцца звалкі. Сярод мінусаў, хутчэй за ўсё, – выпарэнне ад гумы.

Стадыён сярэдняй школы №11.

Вынік – можна выкарыстоўваць, калі асцярожна. Вядома, вырашаць толькі вам.

Фота аўтара.