Максім Федаровіч працуе ў харчовай прамысловасці. Але самай важнай лічыць іншую працу – шукаць і ратаваць людзей.

Тут зарабіць немагчыма. Наадварот, даводзіцца ўкладаць асабістыя грошы, а часам нават пазычаць на паліва.

Бывае, находзяць моманты, калі адчуваеш сябе знясіленым. Чаму малады мужчына, нягледзячы на ўсе складанасці, працуе ў пошукава-выратавальным атрадзе «Анёл Паўночны Захад», ён распавёў для чытачоў «РГ».

Усё пачалося з маленькай дзяўчынкі

Першы пошук Максіма адбыўся, калі праходзіў тэрміновую службу сувязістам у арміі. Служыў у Смалявічах. Аднойчы летам у вёсцы паблізу знікла пяцігадовая дзяўчынка. Салдат паднялі ў гадзіну ночы па трывозе, начальнік цэнтра патлумачыў сітуацыю.

Спытаўся, хто добраахвотна хоча дапамагчы. 15 чалавек выправіліся на пошукі. Федаровіч быў сяржантам і мусіў камандаваць падначаленымі.

Як шукаць, тады яшчэ ніхто не ведаў. Прачэсвалі поле і каналы да сямі раніцы. Дзяўчынку знайшлі валанцёры «Анёла». Яе адшукалі жывой – спала на насыпе каля чыгункі. Так мужчына даведаўся пра пошукава-выратавальны атрад.

Вялікай перашкодай пры пошуку было тое, што бацька не мог нічога расказаць пра дачку, нават у што была апранутая і колькі ёй год.

Быў сярод 5000, што шукалі Максіма Мархалюка

Федаровіч дэмабілізаваўся, вярнуўся ў Маладзечна. Праз паўгода ў лесе ля Краснага згубілася сталая жанчына. Каардынатар атрада па Маладзечне Андрэй Астроўскі выклаў у інтэрнэце пост, што трэба транспарт. Максім сабраўся на пошук. Але жанчына сама выйшла з лесу, і Астроўскі сказаў, што ехаць ужо не трэба.

Баявым хрышчэннем сталі пошукі Максіма Мархалюка ў Белавежскай пушчы.

– Было жорстка, – прыгадвае Федаровіч. – Непраходны лес, балота, насякомыя, жывёлы і шмат людзей. З Маладзечна тады выехалі 14 чалавек. Прабылі два дні – і яны былі вельмі складаныя. Гэта самыя маштабныя пошукі – за тыдзень прайшло больш за пяць тысяч чалавек. Яны зацягнулі мяне, я і застаўся.

Да гісторыі Максіма Мархалюка 2006 года нараджэння, які згубіўся ў лесе, была прыцягнутая ўвага ўсіх медыя. У верасні шанец на выжыванне з кожным днём усё меншае, бо ночы халодныя. Таму і прыехалі пяць тысяч шукаць хлопчыка.

Рэзананс быў і з сітуацыяй Вані Валошына – такія гісторыі бударажаць і не пакідаюць раўнадушным.

Калі чалавека знаходзяць

Дзеці губляюцца не так часта, як дарослыя, і гэта заўсёды асабліва трывожна. Ёсць дзеці, якія збягаюць рэгулярна па розных прычынах. Калі знаходзяць чалавека, «анёлы» рады, што выканалі працу.

Калі сваяка вяртаюць жывым, у родных звычайна радасць скрозь слёзы.

Летась аднаго хлопчыка абвінавацілі, што скраў бонсцікі. Той не хацеў вяртацца дамоў, баяўся. Калі проста згубіліся і іх знайшлі, то хто плача, хто смяецца.

Нават калі знайшлі загінулага, для сваякоў гэта лягчэй, чым гадамі «знік без вестак». Хаця б ёсць магіла, дзе можна памянуць блізкага.

Як навучыцца быць «анёлам»

На справе Максіма Мархалюка валанцёры сутыкнуліся з праблемай – вельмі не хапала кваліфікаваных пашукавікоў, якія ведаюць, як трэба дзейнічаць, і ўмеюць даваць правільныя задачы групе.

Сярод пашукавікоў нярэдкая справа, калі напаткае выгаранне. З тых маладзечанцаў, што пачыналі шэсць год таму, амаль нікога не засталося – яны эмацыйна выгаралі і пакуль не гатовыя вярнуцца да справы.

Каб такога не здарылася, «анёлы» імкнуцца не ўцягвацца эмацыйна ў сітуацыю, ставіцца да яе як да задачы, у якой неабходна знайсці чалавека. А каб працаваць эфектыўна, трэба вучыцца. Федаровіч прайшоў такое навучанне і стаў старшым групы.

Ахвотных стаць сябрам пошукава-выратавальнага атрада запрашаюць на вучэнні. Вучаць найперш картаграфіі, навігацыі, арыентацыі на мясцовасці, медыцынскай дапамозе, радыёсувязі.

Бліжэйшыя рэспубліканскія вучэнні пройдуць ад 5 да 7 мая ў Радашкавічах на базе адпачынку «Гарызонт». Паўдзельнічаць можа любы ахвотны, нават абсалютна без ніякай падрыхтоўкі. Можна проста прыехаць, калі не трэба начоўка. Астатнім лепш зарэгістравацца на сайце angelsearch.by. Такія вучэнні ладзяць кожны год.

Гэтыя веды будуць карысныя нават тым, хто не збіраецца шукаць іншых. Калі ведаеш, як арыентавацца ў лесе, то не заблудзішся сам.

– Некаторыя ўпэўненыя, што добра ведаюць лес, могуць арыентавацца па сонцы і што расце толькі з поўначы, – тлумачыць Максім. – Усё зусім не так. Такіх самаўпэўненых людзей часам даводзіцца пасля шукаць ноччу. Ёсць дакладныя і правераныя спосабы, як пайсці ў грыбы ці ягады ў лес і вярнуцца жывым. Трэба ведаць, што браць з сабой.

Адну сталую жанчыну шукала пажарная машына, якая гудзела. Пагудзела ў адным месцы, пасля ў іншым. Атрымалася, што жанчына ўсю ноч бегала з боку ў бок.

Гук у лесе разыходзіцца зусім па-іншаму. Калі чыгунка знаходзіцца на ўсходзе, гук ад яе можна чуць з іншага боку.

Усіх не выратуеш, але камусьці дапаможаш!

У атрадзе «Анёл Паўночны Захад» ёсць пастаянны склад – камандзір Уладзімір Кавалеўскі са Смаргоні. Атрад пакрывае Маладзечанскі, Вілейскі, Валожынскі і Смаргонскі раёны. З пастаянных удзельнікаў з Маладзечна, акрамя Максіма, – Святлана Пятрова, Ігар Вольны, Андрэй Астроўскі.

За няпоўныя чатыры месяцы гэтага года атрад шукаў толькі па Маладзечанскім раёне пяцярых зніклых.

Атрад не мае фінансавання, усё за свой кошт. Часам з абсталяваннем дапамагаюць сваякі зніклых. Напрыклад, дапамаглі набыць радыёстанцыі, ліхтары, аку мулятары, квадракоптар. Паліва для выезду – таксама за свой кошт.

Не ўсе сваякі разумеюць, чаму «анёлы» займаюцца сваёй справай.

– Ёсць жаданне дапамагчы, чаму не? Часам блізкія кажуць, а чаму дзецям у Афрыцы не дапамагаеш? Усіх не выратуеш. Раблю, што магу. Калі людзі стараюцца быць больш чулымі, згуртаванымі, грамадства становіцца лепшым.

Многія складанасці пакрывае падзяка сваякоў, якім дапамаглі. Нішто не параўнаецца з эмоцыямі, калі важнага для цябе чалавека, якога ледзь не згубілі, вяртаюць жывым. На такое здольныя сапраўдныя «анёлы».

Даведка «РГ». «Анёл» – добраахвотны рух па пошуку людзей у Беларусі. «Анёл Паўночны Захад» – добраахвотная арганізацыя па пошуку людзей, якая аб’ядноўвае актывістаў Маладзечанскага, Вілейскага, Валожынскага і Смаргонскага раёнаў.

• Текст доступен на языке: Русский