У Маладзечне з пад’езда скралі дзіцячы ровар. Гаспадыня на наступны дзень пабачыла яго ў краме

Маладзечанка Ганна Жукавец расказала, што увечары 26 красавіка з пад’езда іх дома скралі дзіцячы ровар, піша “Наша ніва“.

«Скралі ці з вечара, ці раніцай 27 красавіка. Ровар дарагі, ён каштуе больш за 100 рублёў. Я ведаю, што такіх у Маладзечне ўсяго 4-5 штук. Я адразу ж напісала абвестку пра гэта ў гарадскую суполку «Укантакце». Канечне, мы спадзяваліся, што нехта ўбачыць ровар і паведаміць нам», — расказвае жанчына.

Але так адбылося, што сваю рэч жанчына ўбачыла ў чужых руках сама.

«Мы жывём у Маладзечне на вуліцы 17 Верасня. І ўжо збіраліся несці заяву ў міліцыю, але вырашылі спачатку па справах заехаць на вуліцу Янкі Купалы, а гэта амаль другі канец горада, і там у краме я ўбачыла жанчыну, якая каціла наш ровар», — працягвае Ганна.

Спачатку жанчына не захацела прызнавацца, што гэта не яе ровар.

«Я стала ў яе распытваць: дзе купілі, за колькі? Яна спрабавала нешта адказваць накшталт таго, што купіла з рук у нейкага мужчыны, а калі я прыстрашыла яе тым, што выклікаю міліцыю, жанчына ровар аддала», — падсумавала Ганна Жукавец.

Сваю рэч жанчына вярнула, таму ў міліцыю звяртацца не стала.

• Текст доступен на языке: ruРусский