З якімі праблемамі ў адукацыі і працаўладкаванні сутыкаюцца людзі з інваліднасцю, абмеркавалі на круглым стале ў «Рэгіянальнай газеце»

Атрымаць адукацыю і працу для чалавека з інваліднасцю – сапраўдны выклік. Прафесію часта выбіраюць не па жаданні, а так, каб можна было фізічна заехаць ва ўніверсітэт. А праца – гэта рызыка страціць групу і льготы.

Якія складанасці ў адукацыі і рабоце чакаюць чалавека з інваліднасцю і як іх магчыма зменшыць, абмеркавалі на чарговым круглым стале ў рэдакцыі.

У абмеркаванні ўдзельнічалі юрыст Офіса людзей па правах з інваліднасцю з Мінска Алег Граблеўскі. Псіхолаг Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алена Жданюк.  Наведнікі Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Павел Цыбульскі і Таццяна Баўтрэль. Менеджар праектаў з Маладзечна Ганна Холад. Яна працавала ў праекце «Інклюзіўны барыста». Навучэнка радыётэхнічнага каледжа, дзяўчына на вазку з Маладзечна Аксана Карніловіч.

Мадэратарам гутаркі была журналіст «Рэгіянальнай газеты» Аксана Ярашонак.

Аксана Ярашонак, журналіст «Рэгіянальнай газеты».

Аксана Ярашонак: Давайце пачнём з вашых асабістых гісторый. Ці складана было атрымаць адукацыю?

Аксана Карніловіч: Школу закончыла на дамашнім навучанні. Хацела паступіць ва ўніверсітэт, але не пацягнула ЦТ. Пайшла бюджэтна вучыцца ў каледж. Першы паверх нам у асноўным арганізавалі, але нават на ім ёсць прыступкі. У нашай групе ёсць яшчэ хлопец на вазку.

Таццяна Баўтрэль, наведнік Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Таццяна Баўтрэль: Пасля школы я падпрацоўвала. Была непаўнагадовая, таму нават працоўнай кніжкі не было.

Павел Цыбульскі, наведнік Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Павел Цыбульскі: Шмат дзе прапаноўвалі працаваць, але трэба быў дазвол ад валожынскага доктара. Мне яго не далі.

Алег Граблеўскі: Людзі з інваліднасцю вымушаныя выбіраць накірунак адукацыі не той, які хочуць і да чаго здольныя. Выбіраюць тую ўстанову, куды могуць фізічна трапіць. У Беларусі толькі адзін універсітэт, які адпавядае патрабаванням безбар’ернага асяроддзя – у Баранавічах. Адна дзяўчына хацела стаць дызайнерам, але мусіла абраць тэхнічную спецыяльнасць.

Другая складанасць – для паступлення абітурыент павінны атрымаць даведку аб стане здароўя. Даводзіцца ісці на хітрыкі – хаваць інваліднасць, не казаць, што маеш групу.

У дашкольных установах і школах прадугледжаны педагог, які будзе суправаджаць чалавека з інваліднасцю падчас навучання. У вышэйшых навучальных установах такія пазіцыі заканадаўствам не прадугледжаныя. Вінавата як заканадаўства, так і нежаданне ВНУ штосьці мяняць.

Чаму толькі ў Баранавічах установа ўладкаваная для людзей з інваліднасцю? На маю думку, гэта не праблема грошай, усе бар’еры і стэрэатыпы ў галовах. Гэта каштуе не так шмат грошай. Знаёмая вучылася ў Беларусі, Маскве, цяпер паехала па праграме ў Ню-Ёрк. Кажа, такога стаўлення, як у ЗША, не сустракала ніколі. Менавіта стаўлення.

Алена Жданюк, псіхолаг Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Алена Жданюк: У Валожыне адзін хлопчык на вазку ходзіць у навучальную ўстанову. Усё ў школе перамянілася са зменай дырэктара. Там нічога новага не пабудавалі, але ён пачаў хадзіць у школу, таму што змянілася стаўленне. Знік бар’ер, які быў у галаве.

Калі фізічныя бар’еры мы паціху прыбіраем, то з псіхалагічнымі яшчэ трэба працаваць.

Калі размаўляеш са спецыялістамі, яны пачынаюць расказваць пра безліч прычын, чаму класна вучыцца дома. Аксана, дома вучыцца класна?

Аксана Карніловіч: Не зусім.

Алена Жданюк: Калі адпраўляць дзяцей на вазку ў школы, ім будзе прасцей пасля трапіць ва ўніверсітэт, а затым ісці на працу.

Аксана Ярашонак: Ганна, раскажыце пра вашы праекты, якія дапамагаюць людзям з інваліднасцю атрымаць адукацыю.

Ганна Холад, менеджар праектаў, Маладзечна.

Ганна Холад: Мы займаемся не такой адукацыяй, як у школе. Пры адукацыі людзей з інваліднасцю неабходна мець безбар’ерны асяродак. Такі ёсць у Баранавічах і Мінскім інстытуце імя Гётэ. Матэрыялы для навучання не заўсёды падыходзяць для пэўных груп, напрыклад, для інвалідаў па слыху або зроку.

Мы больш займаемся нефармальнай адукацыяй. Нядаўна ў Маладзечне праходзіў курс “Інклюзіўны барыста”. Гэта праект па сацыяльнай адаптацыі, які мы ладзілі разам з Сашам Аўдзевічам. Пляцоўкай абралі буйны магазін, каб звычайныя пакупнікі прызвычайваліся бачыць людзей на вазках. Пакуль не атрымалі варыянт працаўладкавання выпускнікоў курсаў, працуем з гэтым. Адным з удзельнікаў была Аксана.

Аксана Карніловіч, навучэнка радыётэхнічнага каледжа, дзяўчына на вазку, Маладзечна.

Аксана Карніловіч: Пасля курсаў ездзіла ў Брэст, Мінск варыць каву.

Алена Жданюк: Мы на Валожыншчыне ладзілі праект “Вешанкі”. Людзі з інваліднасцю маглі папрацаваць. Купіць такія экалагічна чыстыя грыбы было шмат ахвотных. Сярод удзельнікаў была Таццяна.

Таццяна Баўтрэль: У спецыяльным памяшканні вырошчвалі вешанкі, апрацоўвалі, запакоўвалі. Было цікава назіраць, як яны растуць, даглядаць. Так бы дома сядзела, сумавала б. Спецыялісты навучаць, пакажуць.

Ужо дзесяць год, як хаджу ў цэнтр, пастаянна нечым займаемся – нават самаадчуванне палепшылася, весялей жыць стала.

Аксана Ярашонак: Якія правы чалавека з інваліднасцю парушаюцца, калі яму адмаўляюць у працаўладкаванні, калі немагчыма вучыцца, дзе хочаш?

Алег Граблеўскі: Права на адукацыю, самастойнае жыццё, годны ўзровень жыцця і сацыяльную абарону, даступнасць. Вясна – складаны перыяд для бацькоў, чые дзеці маюць інваліднасць. У гэты час адбываюцца пасяджэнні псіхолага-медыка-педагагічных камісій. Яны вырашаюць, дзе вучыцца дзіцяці – дома або ў класе, ці маюць яны права на суправаджэнне. Дзясяткі тэлефанаванняў у офіс, бацькі плачуць. Напрыклад, сын або дачка хадзілі ў школу, а цяпер іх пераводзяць на дом.

Менавіта бацькі адказныя за тое, якім будзе адукацыйны маршрут дзіцяці. Ніякая камісія ці спецыяліст не можа прымаць гэта рашэнне за бацькоў. Іх парады – толькі рэкамендацыя.

Есць тэст Векселера, яго вынік даследуе ўзровень інтэлекту. Ім правяраюць дзіця, і калі яно тэст не прайшло – гэта адна з прычын адмовіць у школе. Мы знайшлі гэты тэст у інтэрнэце, ніхто ў офісе яго не прайшоў.

Бацькі шукаюць псіхолагаў і лагапедаў, каб іх слова было аргументам. Бывае, праходзяць камісію ў іншым раёне. Атрымліваецца, што ў адным раёне праходзяць, у іншым не. Гэтыя пытанні вырашаць трэба на карысць бацькоў, а не бюджэту. Бо пакуль так: у нас няма грошай, таму не можам наняць чалавека, які будзе суправаджаць дзіця ў школе.

Аксана Ярашонак: Ці могуць бацькі суправаджаць дзіця ў школе?

Алег Граблеўскі: Многія бацькі гатовыя вучыцца на такога спецыяліста ва ўніверсітэце імя Максіма Танка. Было так, што бацькі прайшлі такое навучанне, але ў школу іх не пусцілі.

Аксана Ярашонак: Якая сітуацыя з працаўладкаваннем для людзей з інваліднасцю?

Ганна Холад: У праекце «Інклюзіўны барыста» паўдзельнічалі чатыры чалавекі. У такіх праектах многае залежыць ад таго, што цікава ўдзельнікам. Калі рамесніцтвам хацела б займацца хаця б пяць чалавек, то, канешне, упор трэба рабіць на гэта.

У Лідзе ёсць кавярня, дзе працуе дзяўчына пасля праекта. У Мінску ёсць сетка кавярняў, дзе ўзялі на працу людзей з інваліднасцю. Задача праектаў – садзейнічаць, даць магчымасць. І каб мы ладзілі той ці іншы праект, найперш павінна быць зацікаўленасць з боку тых, для каго мы робім.

Пасля завяршэння праекта ў Маладзечне некалькі чалавек з інваліднасцю сказалі, што толькі цяпер даведаліся пра «Інклюзіўны барыста» і хацелі б далучыцца. Магчыма, паўторым.

Алена Жданюк: Праблема працаўладкавання двухбаковая. Пераважна працадаўцы не гатовыя наймаць людзей з інваліднасцю. Але і многія людзі з інваліднасцю не імкнуцца працаваць, кажуць, ім хапае пенсіі.

Калі бацькі з дзяцінства не казалі дзіцяці, што ў яго нейкія недахопы, дзіця спазнавала свет не толькі з іх расказаў, мела сяброў, то яно мае больш жадання і магчымасцяў у дарослым жыцці.

Алег Граблеўскі: У краіне есць працэдура пазбаўлення дзеяздольнасці. Калі чалавека прызнаць недзеяздольным, ён губляе грамадзянскія правы. Гэта самая безабаронная катэгорыя. Сярод іншага яны не могуць працаваць.

Думаю, людзі з інваліднасцю не столькі не хочуць працаваць, колькі баяцца страціць статус. Медыцынскі дыягназ не гарантуе, што атрымаеш групу інваліднасці. Важна, з якімі бар’ерамі з-за захворвання сутыкаешся ў паўсядзённым жыцці. Напрыклад, у чалавека была другая група, паступіў. Значыць, сацыялізаваўся. Ці ўладкаваўся на працу, хаця нага не вырасла. Усё гэта – падстава зняць групу. Натуральна, што чалавеку страшна страціць тое малое, што ёсць.

Адна дзяўчына ўладкоўвалася на працу ў сферы інфармацыйных тэхналогій. Там высокія заробкі. Яна хавала сваю інваліднасць, каб не адправілі на медыка-рэабілітацыйную экспертную камісію, якая магла б забараніць працаваць.

Некаторыя кажуць: «У мяне другая непрацаздольная група, на работу выйсці не магу». Насамрэч ніхто не можа пазбавіць чалавека права на працу. Чыноўнікі кажуць, што цяпер не будуць у заключэнні МРЭКа пісаць «непрацаздольны». Будуць указваць толькі абмежаванні, якія тычацца гэтага канкрэтнага чалавека.

Няма навучальных матэрыялаў, падручнікаў, якія б улічвалі захворванні. І многія працадаўцы не могуць забяспечыць патрэбнымі ўмовамі людзей з інваліднасцю. Мой калега Сяргей Драздоўскі паступаў на юрыста. Яму хацелі адмовіць, кажучы: «Як вы на вазку будзеце бегаць за даўжнікамі?». Цяпер ён дырэктар Офіса людзей па правах з інваліднасцю.

Некаторыя гадамі не ходзяць на МРЭК, каб іх не пазбавілі групы. Гэта велізарны канфлікт. Маё меркаванне – праблема не ў працы, а ў аплаце. Работа ёсць, але якасць жыцця ад яе не палепшыцца. А інваліднасць забяруць.

Ёсць яшчэ такая катэгорыя, так мая кліентка пра сябе кажа: «Каб узялі на працу, я занадта хворая, а каб групу далі, я занадта здаровая».

Ганна Холад: Працадаўцы пазбягаюць наймаць людзей з інваліднасцю, таму што яны маюць права на скарочаны рабочы дзень, у іх большы адпачынак, і працоўнае месца трэба ўладкаваць. Падчас праекта «Інклюзіўны барыста» мы з гэтым сутыкнуліся – многія былі гатовы прыняць праект у сябе, але прастора не адаптаваная для вазкоў.

Алег Граблеўскі: У БДУ ў бібліятэцы працаваў чалавек на вазку. Змяніўся рэктар і здзівіўся – чаму чалавек працуе не поўны рабочы дзень. Праблемы працадаўцаў узнікаюць з-за неінфармаванасці. Напрыклад, калі на прадпрыемстве палова супрацоўнікаў мае інваліднасць, арганізацыя атрымлівае льготы.

Аксана Ярашонак: Што мінімальна могуць зрабіць працадаўцы, улады, каб палепшыць сітуацыю з адукацыяй і працай для людзей з інваліднасцю?

Алена Жданюк: Усе стандарты па безбар’ерным асяродку прапісаныя – што якой вышыні павінна быць, пад якім вуглом. Але працуюць звычайныя рабацягі. І яны сапраўды не ведаюць патрабаванняў, ці робяць упершыню. Мы плануем зрабіць шэраг навучальных семінараў, каб распавесці пра гэтыя нормы. Патлумачыць, для чаго трэба апускаць бардзюры.

Алег Граблеўскі: Пра гэтыя праблемы нельга маўчаць. Пра гэта трэба расказваць. Таму што многія пра гэта проста не ведаюць.

Алена Жданюк: Вельмі важна, каб праблемы людзей з інваліднасцю вырашалі з удзелам менавіта гэтых людзей.

• Текст доступен на языке: Русский