У палітэхнічным каледжы зладзілі дабрачынную акцыю «У дапамогу і абарону бадзяжных жывёл». Акцыю арганізавалі па просьбе валанцёрскага руху «Шанец на жыццё».

Да стварэння таварыства абароны жывёл ішлі даўно. Летась восенню Вераніка Сакалоўская стварыла групу ў Вайберы «Яны таксама хочуць жыць», куды далучыліся неабыякавыя людзі. На базе гэтай групы стварылі Таварыства абароны жывёл “Шанец на жыццё”, старшынёй якога стала Тамара Сіняўская.

Таварыства абароны жывёл створанае для папярэджання жорсткасці да катоў і сабак, яно прапагандуе гуманнае стаўленне да жывёл. Супольнасць прыцягвае да сваёй справы і моладзь.

– Трэба пачынаць з дзяцей, выхоўваць у іх у першую чаргу добрае стаўленне да жывёл. Цяпер у школах, каледжах сталі праводзіць заняткі, тыдні дабра. На жаль, іх няшмат, – расказвае валанцёр Ларыса Трафімава. – Нават дарослыя часам не ведаюць пра праблему ці наўпрост не задумваюцца, наколькі яна сур’ёзная.

На сустрэчу прыйшлі ўладальнікі сабак з гадаванцамі. Дзяніс Буркевіч – кінолаг, які таксама дапамагае сабакам здымацца на расійскім тэлебачанні, ставіць трукі. Напрыклад, ён працаваў у кінастужцы «Мухтар. Новы след». У каледж Буркевіч прывёў ратвейлера Сімбу.

Дзмітры і Наталля Батышавы прывялі ўсходне-еўрапейскую аўчарку Казбека. Казбек – абсалютны чэмпіён прыгажосці ў пяці краінах. А яшчэ ён здымаўся ў расійскім фільме «Салдацік», дзе выступалі дрэсіраваныя Буркевічам сабакі.

Георгій і Святлана Чарняўскія з’явіліся з афрыканскім бурбулем Балу і беспароднай Бусінай. Апошняга некалі знайшлі валанцёры з Барысава ў смеццевым кантэйнеры, тры разы спрабавалі аддаць у сем’і, але не атрымалася. Чарняўскі ўзяў яе па дагаворы адказнасці, зладзіў курс дрэсіроўкі ў кінолага, і сабака стаў часткай сям’і.

Падчас акцыі гадаванцы дэманстравалі гледачам разнастайныя трукі, напрыклад, давалі лапу.

Напрыканцы сустрэчы зладзілі фотасесію – кожны змог сфатаграфавацца з сабакамі. Бадзяжным жывёлам перадалі мяшкі з кормам, лекі, якія студэнты набылі за ўласныя грошы.

Фота забяспечаныя Ларысай Трафімавай.

• Текст доступен на языке: Русский