Фота Радыё Свабода

На цэнтральнай плошчы Смаргоні знеслі помнік Леніну перад будынкам райвыканкаму. Ленін стаяў тут ад 1970-х. П’едэстал таксама дэмантавалі.

Як паведамілі Свабодзе ў раённай камунальнай службе, Ленін мае вярнуцца на сваё месца ўвосень, калі ў горадзе пройдуць абласныя «Дажынкі», прызначаныя на 17 лістапада. У рамках падрыхтоўкі да іх райвыканкам прыняў рашэнне адрэстаўраваць помнік Леніну.

Выдаткі на гэтыя мэты не раскрываюцца, праект таксама. Пакуль скульптура знаходзіцца на базе раённай жыльлёва-камунальнай гаспадаркі.

Адмыслоўцы выказваюць думку, што аўтарам смаргонскага Леніна быў савецкі скульптар Сяргей Мяркураў — менавіта пад яго кіраўніцтвам былі створаныя шматлікія помнікі Леніну, Сталіну ды іншым камуністычным дзеячам па ўсім СССР.

У Беларусі ёсць падобныя працы ў іншых гарадах, што дае падставу казаць пра тыповую форму. Падчас так званага «ўкраінскага ленінападу» былі зрынутыя тысячы такіх статуй, у тым ліку помнік работы Мяркурава на Бесарабскай плошчы ў Кіеве.

Помнік Леніну на высокім пастаменце з’явіўся ў цэнтры Смаргоні у 1972 годзе, апошнім часам ён быў моцна занядбаны.

З усіх бакоў смаргонскага Леніна атачаюць культавыя збудаванні: касцёл святога Міхаіла Архангела (былы кальвінскі збор XVI стагодздзя), хрысціянскі адукацыйны цэнтр пры ім, а таксама праваслаўная Спаса-Праабражэнская праваслаўная царква на месцы разбуранай у Першую сусветную вайну.

Смаргонскі Ленін не ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцеў, з кожным годам ён выглядаў усё менш прэзентабэльна. Але адмовіцца ад савецкай спадчыны, якая не мае ні мастацкай, ні культурнай каштоўнасці, раённая адміністрацыя не захацела.

"Ленін у Смаргоні". Аўтар: смаргонскі мастак Андрэй Анро
“Ленін у Смаргоні”. Аўтар: смаргонскі мастак Андрэй Анро

На форуме Смаргонскай раённай газэты «Светлы шлях» некаторыя жыхары горада выказваюцца за знос гэтага помніка і сьцвярджаюць, што замест Леніна варта ўшанаваць, напрыклад, Станіслава Радзівіла, заснавальніка знакамітай «мядзьведжай акадэміі» ў Смаргоні.

• Текст доступен на языке: Русский