Мастак Ян Матэйка, карціна «Канстытуцыя 3 мая 1791 года», 1891 год. Кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст (злева з мантыяй) уваходзіць у Сабор Святога Яна Хрысціцеля, дзе паслы складуць прысягу Канстытуцыі.

Канстытуцыя 3 мая 1791 года прынятая ў Варшаве так званым чатырохгадовым соймам Рэчы Паспалітай. Праіснавала 19 месяцаў. Прызнаецца першым асноўным законам у Еўропе. У свеце – другім пасля  канстытуцыі ЗША.

Чаму беларусу трэба ведаць пра канстытуцыю Рэчы Паспалітай, гэта ж польская дзяржава?

Не так. Рэч Паспалітая – не польская дзяржава, а федэрацыя Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага (Кароны).  Утварылася як федэратыўная манархічная рэспубліка ў 1569 годзе. Праіснавала да 1795 года.

Калі мы прызнаём, што Беларусь пераемніца ВКЛ, то канстытуцыя федэрацыі, куды ўваходзіла ВКЛ, таксама і наша канстытуцыя.

Значыць, свята Канстытуцыі 3 мая – свята для Польшчы і Беларусі?

Не толькі. Ад 2007 года гэты дзень адзначаюць і нашы суседзі-літоўцы. У Польшчы 3 мая адно з галоўных дзяржаўных свят. У Беларусі пакуль гэты дзень абыходзяць маўчаннем. Хутчэй за ўсё, з-за няведання ўласнай гісторыі. Сёння мы крыху запаўняем гэты прабел.

Канстытуцыя 3 мая прынесла грамадзянам Рэчы Паспалітай шчасце і раўнапраўе?

Канстытуцыя 3 мая была прагрэсіўнай з’явай. Але гэта вельмі спрошчаны адказ на ваша пытанне. Паспрабуем разабрацца больш падрабязна ў гэтай дастаткова неадназначнай праблеме.

Канстытуцыя стала апошняй на­дзеяй вырата­ваць Рэч Паспалітую ад гібелі пасля першага падзелу дзяржавы ў 1772 годзе паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. Гэтага, праўда, не адбылося. Другім (1793) і трэцім (1795) падзеламі Расія і Прусія забілі апошні цвік у труну нашай раннебуржуазнай дзяржаўнасці.

Сённяшнія гісторыкі лічаць канстытуцыю прагрэсіўнай, таму што яна ўводзіла канстытуцыйную манархію. Чым не дэмакратыя ў Вялікабрытаніі сёння? А там, не забывайцеся, той самы лад.

Яна падзяляла галіны ўлады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Заканадаўчая ўлада належала двухпалатнаму сойму. Выканаўчая ўлада – каралю (вялікаму князю) і «Стражы правоў» з шасці міністраў, падсправаздачнай сойму. Суды станавіліся цалкам незалежнымі ад выканаўчай і заканадаўчай уладаў.

Кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст ІІ Панятоўскі

Канстытуцыя захоўвала феадальныя традыцыі, у тым ліку саслоўнасць грамадства. Заставалася шляхта, мяшчане, сяляне, грамадзянскія свабоды і прывілеі прызнаваліся за шляхтай, але мяшчане таксама валодалі асабістай недатыкальнасцю, правам набыцця шляхецкага статусу і зямлі. Наступіла некаторая лібералізацыя ў адносінах да сялян. Спрасціўся пераход у вольныя сяляне.

Канстытуцыя пацвярджала наяўнасць кантрактаў паміж землеўладальнікам і селянінам і абвяшчала юрыдычную апеку над гэтымі кантрактамі, што спрыяла паляпшэнню становішча сялян. Абавязкі па выкананні кантрактаў ускладаліся на абодва бакі. Палажэнні артыкула аб сялянах прадугледжвалі не толькі статус вольнага чалавека для сялян-іншаземцаў (былі, аказваецца, і такія!), якія прыязджаюць у Рэч Паспалітую на сталае жыхарства, але і для сялян-уцекачоў з Рэчы Паспалітай, а таксама даўгавую амністыю апошнім. Ад гэтага колькасць свабодных сялян павінна была ўзрастаць.

Канстытуцыя 3 мая скасавала паасобныя цэнтральныя органы выканаўчай улады Польскага Каралеўства і ВКЛ, ствараючы адзін кабінет міністраў, але не ліквідоўвала дзяржаўную унію паміж Польскім каралеўствам і ВКЛ. Польскі кароль захоўваў тытул вялікага князя літоўскага.

Калі ўсё было так добра, чаму была моцнай апазіцыя прыняццю гэтай канстытуцыі?

Калі адкінуць прыватныя і асабістыя прычыны, то можна згадаць слабыя месцы новага і ў цэлым прагрэсіўнага на той час асноўнага закона федэрацыі. Хаця б тое, што манархія станавілася спадчыннай. Да гэтага часу караля (вялікага князя) выбірала шляхта. Гэта была праява хоць нейкай тагачаснай дэмакратыі. Пасля смерці караля і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста ІІ трон, паводле канстытуцыі, павінны быў заняць саксонскі курфюрст Фрыдэрык Аўгуст ІІІ, а пасля яго – яго сыны ці муж дачкі. Канстытуцыя тлумачыла спадчыннасць трона імкненнем да стабільнасці дзяржавы.

Некаторыя прадстаўнікі эліты бачылі ў спадчыннасці «міну запаволенага дзеяння», падкоп пад правы шляхты выбіраць манарха. Адсюль і была незадаволенасць апазіцыі.

Але яшчэ больш шкодным было абвяшчэнне канстытуцыяй пануючай рэлігіі, якой станавіўся каталіцызм (рыма-каталіцызм і ўніяцтва). Гэта выклікала пратэсты сярод праваслаўнага кліру. Пераход з каталіцызму ў іншыя канфесіі ўвогуле мог закончыцца смяротным пакараннем.

Чаму канстытуцыя 3 мая праіснавала нядоўга?

Таму што праціўнікі яе, аб’яднаўшыся ў так званую Таргавіцкую канфедэрацыю, падтрыманую і аплачаную Расіяй, назвалі ўхвалу 3 мая 1791 года «дзяржаўным пераваротам».

Факсіміле канстытуцыі 3 мая. Варшава

А 23 лістапада 1793 года дзеянне канстытуцыі было скасаванае ў Гродне Гарадзенскім соймам. Рэч Паспалітая перастала існаваць пад ботамі прускіх і расійскіх жаўнераў у 1795 годзе.

Дык ці можам мы называць канстытуцыю 3 мая першай беларускай канстытуцыяй?

Ва ўсякім разе, мы на гэта маем права.