Маладзечанец скраў і выкінуў чужую куртку – цяпер ён выплаціць мінімум 500 рублёў

Наведнік бара ў Маладзечне для нажывы скраў у гардэробе чужую куртку, а калі зразумеў, што узбагаціцца няма чым, выкінуў за вуглом установы. Цяпер абвінавачаны панясе пакаранне і выплаціць шкоду на суму не менш за 500 рублёў. Намеснік пракурора Маладзечанскага раёна Дзмітры Кулеш распавёў МЛЫН.BY:

– Інцыдэнт здарыўся 9 лютага ў бары па Касманаўтаў. Туды прыйшоў мясцовы жыхар. Ён выпіваў, а калі сабраўся сыходзіць, прыхапіў з барнай стойкі чужы жэтон з гардэроба. Атрымаў па ім уртку коштам 200 рублёў, знайшоў у яе кішэнях толькі пашпарт, ключы і навушнікі. Зразумеў, што браць няма чаго, і выкінуў рэч за вуглом установы.

24 красавіка суд Маладзечанскага раёна вынес абвінавачанаму прысуд па частцы першай артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Беларусі «Крадзеж».

Па словах Дзмітрыя, мужчына сваю віну прызнаў і кампенсаваў уладальніку кошт курткі. Суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе папраўчых работ на тэрмін восем месяцаў са штомесячным утрыманнем з яго заробку 10% у даход дзяржавы, але не менш за адну базавую.

Маладзечанец таксама абавязаны выплаціць пацярпеламу ў якасці кампенсацыі маральнай шкоды 100 рублёў і пакрыць судовыя выдаткі.

Прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны ва ўстаноўленыя законам тэрміны.

• Текст доступен на языке: Русский