Фота minobl.mvd.gov.by.

Каля года жыхарка Маладзечаншчыны не набірала «102», каб расказаць пра скандаліста-сужыцеля. Тэлефанаваць у міліцыю не хацела, баялася, суседзяў саромелася. Звярнуцца ў праваахоўныя органы дзяўчыну ўгаварылі на працы, калі зноў убачылі яе ў сіняках, паведамляе minobl.mvd.gov.by.

У той вечар 36-гадовы жыхар вёскі Мароські як звычайна быў «пад шафэ». Выпіваць пасля працы як мінімум 2 літры піва для мужчыны стала штодзённай нормай. Толькі вось у прыхільнасці да алкаголю ён абвінаваціў сваю сужыцельку, маўляў, у п’яным выглядзе ходзіць на працу. Гэта падазрэнне і стала падставай для скандалу.

Лаянка перарасла ў рукапрыкладства. Забраўшы мабільны тэлефон, мужчына наносіў ўдары нагамі і рукамі па целе сужыцелькі, біў па галаве, цягаў за валасы і душыў.

Усвядоміўшы пагрозу забойствам рэальна, яна спалохалася за сваё жыццё толькі калі пачула словы «я цябе заб’ю і закапаю за хлявом, і ніхто не даведаецца» … Верагодна, спалохалася яна не толькі за сваё жыццё. Разам з імі пражывае яе дзевяцігадовая дачка.

Скарыстаўшыся няўважлівасцю сужыцеля, дзяўчына схапіла яго тэлефон і патэлефанавала брату. Сваяк адразу прыехаў на дапамогу і забраў сястру. Дарэчы, пасля скандалаў дзяўчына заўсёды ўцякала да сваякоў. Толькі яны і калегі былі ў курсе сямейнага жыцця.

У адных шукала прытулак пасля скандалаў, ад іншых чакала падтрымкі. Суседзі  адмоўчваюцца, маўляў, нічога не чулі.

Зразумела, усяму віной алкаголь. Мужчыну прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці. Аднак сам ён апраўдвае сябе, бо «праводзіў з выбранніцай «выхаваўчыя гутаркі».

Раней у поле зроку міліцыі ён не трапляў. Па месцы працы, у мясцовым рыбгасе, яго характарызуюць станоўча.

У дзеяннях сужыцеля-агрэсара праваахоўнікі угледзілі склад злачынства, прадугледжанага артыкулам «Пагроза забойствам». Узбудзілі крымінальную справу.

Ад пачатку года ў Маладзечанскім раёне міліцыянеры ўжылі больш за 50 ахоўных прадпісанняў да асоб, якія ўчынілі гвалт у сям’і, з усталяваннем абавязка пакінуць жыллё на 30 сутак. Меру прымянілі да ўсіх, так званых-, «бытавікоў». За парушэнне правілаў «высялення» склалі 45 пратаколаў.

Акрамя таго, у 2019 годзе ўжо ўзбудзілі дзесяць крымінальных спраў прэвентыўнай накіраванасці, з іх дзевяць па артыкуле «Пагроза забойствам» і адну па артыкуле «Катаванне». У лячэбна-працоўны прафілакторый накіравалі больш за 40 чалавек. За правапарушэнні ў побыце да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнулі 471 чалавек.

• Текст доступен на языке: Русский