Прыйшоў Вялікдзень. Хутка Радаўніца. Большасць беларусаў традыцыйна наведваюць мясціны, адкуль пачаўся іх род.

Яны аддаюць павагу сваякам, што сышлі ў іншы свет, наведваюць могілкі, прыбіраюць там.

Як прыбіраць

Праз «Рэгіянальную газету» я хачу звярнуцца да чытачоў і пажадаць ім падчас прыборкі складзіраваць рытуальныя і раслінныя адходы ў вызначаных месцах захоўвання.

Не выносьце смецце нацянькі, каб адразу выкінуць за агароджу могілак. Падграбаючы, не рабіце куч з лісця і звалак на суседніх, нікім не дагледжаных магілак. На жаль, такія выпадкі здараюцца паўсюдна як у нашым, так і суседніх раёнах. Гэта я магу  засведчыць як санітарны доктар і вандроўнік адначасова.

Як фарбаваць

Многія, рыхтуючыся да Радаўніцы, падфарбоўваць агароджы. Як краязнаўца, хачу нагадаць чытачам пра старадаўнія нацыянальныя традыцыі нашых продкаў.

Блакітны колер у міфалогіі беларусаў звязваецца з архаічнымі ўяўленнямі пра замагільны свет, з культам памерлых.

Сапраўды, калі прыгледзецца да старых вясковых могілак, то агароджы як агульныя, так і сямейныя на Павіллі, ды і па ўсёй Беларусі, здаўна фарбавалі ў блакітны.

У гэты колер фарбавалі і металічныя крыжы, нават помнікі, вырабленыя з бетону. Гэта адрознівае наш край ад суседзяў.

Сёння блакітны колер захаваўся толькі ў вёсках. На гарадскіх могілках ужо не пабачыш такой фарбы. Не хацелася б, каб гэту традыцыю мы страцілі ад простага няведання.

Заклікаю праявіць свядомасць усіх тутэйшых жыхароў, якія лічаць сябе беларусамі, захаваць гэту нашу адметнасць. Яна някідка вылучае наш край з усіх краін свету.

Зноў пра штучныя кветкі

Хацелася б выказаць уласную думку пра дыскусію, што развярнулася ў інтэрнэце ў сувязі з заклікам Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя пра тое, каб не аздаблялі магілкі штучнымі кветкамі.

Штучныя кветкі – некалі новая мода – на нашых вачах ператвараюцца ў новую традыцыю ўпрыгожання могілак.

Прычын таму шмат. Пластыкавыя кветкі куды танней, чым жывыя,  яны не сохнуць і не мяняюць фарбу. Такое ўпрыгажэнне здалёк відаць усім сваякам і суседзям, знаёмым і незнаёмым. Маўляў, глядзіце:  тут, на малой радзіме, пабылі гарадскія родзічы і ўшанавалі памяць сваіх дзядоў.

Не буду разважаць наконт вялізнай шкоды навакольнаму асяроддзю. Як спецыяліст скажу толькі, што эпідэмічнай небяспекі рытуальныя адходы са штучных кветак і вянкоў не нясуць. Па класу небяспечнасці іх можна аднесці да трэцяга. А самы шкодны і небяспечны – першы клас.

Тым не менш, менавіта тэрытарыяльныя санітарныя службы найбольш з усіх дапякаюць камунальнікаў і сельвыканкамы пастановамі, рэкамендацыямі аб найхутчэйшай прыборцы рытуальных адходаў, расліннага смецця. Пагражаюць штрафамі.

Сённяшні ўзровень эстэтычных светапоглядаў і ўяўленняў большасці пра прыгажосць, каштоўнасць, гармонію жывога і штучнага сусвету дазваляе ўпрыгожваць магілы рознакаляровымі штучнымі кветкамі.

Могілкі нашага краю апошнія 20 гадоў падчас Радаўніцы здалёк выглядаюць ненатуральна, страката. Вясёлка са штучных кветак, канешне, не замінае тут, але, на мой погляд, парушае сакральную гармонію святога месца.

Даўней камень – як сімвал  вечнасці –  і крыж – як надзея ўваскрашэння – дамінавалі. А цяпер дамінуюць яркія плямы штучных кветак.

Найпершая якасць штучнай кветкі – фальш. Але на жывыя кветкі ў большасці не хапае грошай.

Куды болей натуральна выглядае на магілках на Радаўніцу, ці, як казаў мой дзед, на Пасху мёртвых, свечка, чырвонае яйка, булка, поўная чарка гарэлкі. Гэта старадаўняя, яшчэ дахрысціянскага часу традыцыя ахвяравання ад жывых мёртвым.

Спадзяюся, са мной пагодзіцца той чытач, які разумее прымаўку «Не ўсё, што блішчыць, – золата».

Чаму людзі выбіраюць ненатуральнасць

Не можа быць прыгожай пальма ля хаты, вырабленая з ПЭТ-бутэлек. Чаму многія мае суайчыннікі, якія маюць ля хаты ці дачы кавалак зямлі, не шкадуюць часу, каб усталяваць ля брамкі тую фальшывую пальму. Ці не лепш, каб пасадзіць куст бэзу ці язміну?

Чаму з шын выразаюць гумовых лебедзяў?

Чаму леснікі, дарожнікі, выхавальнікі дзіцячых садкоў не бачаць, не цэняць і не разумеюць прыгажосць натуральных прыродных узораў і штогод фарбуюць малыя і вялікія камяні?

Але не ўсё згублена. Пакуль яшчэ наўрад ці знойдзем дзяўчыну, якая будзе рада, калі хлопец на спатканне прынясе штучныя кветкі замест жывых.

Заклікаю чытачоў процістаяць хвалі субкультуры і не набываць штучныя кветкі на могілкі. Лепш прыбярыце ігліцу, сухое лісце, запаліце свечку, прыгадайце светлыя вобразы і той час, калі былі разам.