24 красавіка ў сярэдняй школе №11 падвялі вынікі сацыяльнага праекта “30 добрых спраў”. Дэвіз мерапрыемства – “Дагрукацца да сэрцаў”. Падчас сустрэчы кожны клас расказаў пра дасягненні ў рэалізацыі асабістых праектаў, паказаў фотасправаздачу.

У школе 30 класаў, таму праект назвалі менавіта так.

– Памятаеце, як мы сабраліся ў гэтай зале ў снежні, кожны клас прапанаваў на “Кірмашы ідэй” сваю. І пасля жыццё ў школе закіпела, пацягнуліся нябачныя ніткі ад сэрца да сэрца. Здаецца, што можа значыць адна маленькая справа ў маштабах горада? Яна важная для тых, для каго яе робяць, і для вас саміх, – пачала мерапрыемства дырэктар школы Анжаліка Хандзецкая.

Праекты ладзілі ў шасці намінацыях. Вучні першага класа ўдзельнічалі ў намінацыі “Мы за бяспеку”. Яны расказалі навучэнцам як сваёй школы, так і выхаванцам бліжэйшых дзіцячых садкоў пра неабходнасць выкарыстання флікераў. Самі і зрабілі іх, і раздарылі.

“Школьны буккросінг” рабіў трэці клас. Дзеці прыносілі з дому кнігі, якія хацелі парэкамендаваць аднакласнікам, абменьваліся. Потым падвялі вынік: рэкардсменам па чытанні стаў Канстанцін Броўка, якому ўручылі дыплом і падарылі кнігу.

Самі зрабілі зборнік

Пад дэвізам “Добрае слова – гэта добрая справа” кожную раніцу ў  фае першага паверха школы вучні сёмага класа вывешвалі выказванні знакамітых людзей. Галоўны прынцып падбору фраз – іх пазітыўны настрой. Цытаты суправаджалі кароткай інфармацыяй пра аўтараў, каб павысіць агульнае развіццё вучняў. Пасля сямікласнікі апыталі вучняў школы і сабралі топ-5 выказванняў пра дабрыню.

Па выніках праекта ў школьнай бібліятэцы з’явіўся зборнік з цытатамі, у якім прысутнічае нават інфаграфіка.

– Ідэй шмат, даўно хацелася зрабіць падобнае. Паняцце дабра, маральнасці вельмі тонкае. Да ідэі зрабіць сацыяльны праект некаторыя вучні спачатку ставіліся скептычна. Але ўцягнуліся. Падтрымліваюць праект некалькі актыўных вучняў з класа – астатнія ідуць за імі, – расказвае дырэктар.

У намінацыі “Рабіць дабро – проста!” школьнікі і бралі шэфства над першакласнікамі, і дасылалі паштоўкі з добрымі пажаданнямі ў Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Дзевяцікласнікі дапамагалі малодшым рабіць урокі, а яслі-сад №28 атрымаў у падарунак кнігі, пазлы і настольныя гульні.

Высадзілі елкі і туі, прытулілі кацяня

“Алея добрых спраў”, так называўся праект пятага класа ў намінацыі “Экалагічны марафон”. На тэрыторыі школы з’явілася 50 елак. Па словах дырэктара, хутка пасадзяць і іншыя дрэвы.

Таксама вучні збіралі накрыўкі ад пластыкавых бутэлек і пасадзілі дзве туі.

Некаторыя класы працавалі сумесна. Напрыклад, у намінацыі “Вялікая дапамога маленькаму сябру” для бадзяжных жывёл школьнікі сабралі каля 90 кілаграмаў корму і перадалі яго валанцёрам. Як зваротны крок, тыя прывялі ў школу дрэсіраваных аўчарак. Дырэктар кажа, што дзецям вельмі спадабалася іх выступленне.

Адна з навучэнак падабрала кацянё, а потым падумала, што гэта можна аднесці да праекта.

– Я тады была з сястрой Палінай. Пачула званок у дзверы, потым пабачыла пад дзвярыма каробку з кацянём, якое сядзела ў сене. Яно было вельмі чорнае, але калі памылі, стала чорна-белае. У Інтэрнэце паглядзелі, як травіць блох. Накармілі і назвалі Мішам. Гэта другі наш кот, першага завуць Міця. Каты адзін аднаму спадабаліся, – дзеліцца вучаніца 7 “Б” Марыя Чаўлытка. – Бабуля заўжды вучыць нас дзяліцца, сам не з’ясі – падзяліся з іншымі. Дзякуючы ёй, магчыма, мы такія міласэрныя.

Сястра Марыі таксама вучыцца ў гэтай школе, у дзясятым класе.

Дапамаглі набыць бойлер у прытулак

У намінацыі “Рука дапамогі” сямікласнікі дапамаглі набыць бойлер у Пухавіцкі дзіцячы сацыяльны прытулак. Туды збіраўся ехаць пошука-выратавальны атрад “Анёл”, які аб’явіў збор грошай. Вучні і іх бацькі сабралі пэўную суму і аддалі “Анёлу”.

Ля школы з’явілася “Птушынае кафэ” – дзеці рабілі кармушкі. Дзевяцікласнікі аднеслі ў гарадскую ветэрынарную станцыю ручнікі і пялёнкі.

Пасля выступленняў кожны прадстаўнік класа прыляпіў лісток з указаннем класа і назвай добрай справы на “Дрэва дабра”.

– Плануем зрабіць праект традыцыяй школы. У наступным годзе хочам запрасіць на “Кірмаш ідэй” школы раёна, магчыма, яны патрымаюць і зладзяць падобнае ў сябе, – спадзяецца дырэктар.

Фота аўтара.

• Текст доступен на языке: Русский