Адна з наведвальніц прыйшла са сваімі гаршчочкамі. Арганізатары акцыі дапамаглі ёй пасадзіць кветкі. Фота забяспечанае Ларысай Якавюк.

Такую ідэю даўно марыла ўвасобіць жыхарка Вілейкі Ларыса Якавюк. Сёлета гэта атрымалася.

– Мы, эколагі, ужо некалькі год выступаем супраць пластыку. Звычайна расказваем пра шкоду пластыкавых кветак для прыроды. А сёлета вырашылі дзейнічаць, – дзеліцца Ларыса Якавюк.

Натхняльнікам Ларысы быў Сяргей Юшкевіч з Цэнтра экалагічных рашэнняў. Менавіта ён расказаў, як летась у Мінскім раёне дзяўчына-эколаг ужо рабіла падобную акцыю на могілках.

Ларыса набыла расаду ў аранжэрэі. Далучылася сяброўка, якая прынесла дзясятак кусцікаў рознакаляровай прымулы і цюльпаны з уласнага агарода.

Сёмага мая жанчыны размясцілі столік з кветкамі каля гарадскіх могілак у Вілейцы. Побач паставілі інфармацыйны стэнд. Але не столькі для інфармацыі, колькі для таго, каб прыцягнуць увагу.

– Некаторыя праходзілі міма. Некаторыя падыходзілі, але баязліва. Думалі, што мы прадаём кветкі. Большасць людзей у нас вельмі насцярожана ставіцца да ўсяго бясплатнага, – кажа Ларыса.

Асабліва ўразіла маладая жанчына, якая прынесла з сабой гаршчочкі з зямлёй. Расказала, што прачытала пра акцыю ў сацсетках і спецыяльна прыйшла, каб пасадзіць кветкі на могілках.

Улічваючы, што ў гэты дзень людзі прыходзяць на могілкі ў парадным адзенні, арганізатары узялі з сабой рыдлёўку і пальчаткі, каб дапамагчы ахвотным пасадзіць кветкі.

Многія казалі, што кветкі садзіць няма дзе, бо на магілах усё абкладзена пліткай. Тады ім прапаноўвалі цюльпаны.

– Прыемна, што сустракалі людзей, якія самі прыйшлі з жывымі кветкамі. Асабліва запомніўся мужчына, што ішоў на могілкі з вялізным букетам цюльпанаў, дзеліцца Ларыса.

Хоць кветкі раздавалі бясплатна, некаторыя людзі давалі за іх сімвалічную плату. Адзначалі, што актывісткі робяць вельмі добрую справу.

Адмоўных рэакцый ад наведвальнікаў могілак не было. Але часам можна было пачуць:

– Як гэта? Ва ўсіх пластыкавыя кветкі стаяць, а я не пастаўлю? Вось каб прадаваць забаранілі…

Сёлетняй акцыяй Ларыса задаволеная. Плануе абавязкова паўтарыць у наступным годзе больш прадумана і арганізавана.

– Часта людзі самі супраць пластыку, але нясуць кветкі, каб быць як усе. Атрымлівецца, што робяць гэта не для сябе, а для задавальнення нейкага свайго гонару, – падсумавала Ларыса.

Інфаграфіка забяспечаная Ларысай Якавюк.

 

• Текст доступен на языке: Русский