Перада мной старыя дакументы, лісты, фатаграфіі. Адзін стосік, беражліва прашыты, падпісаны: “Паведамленне і пісьмы аб смерці маіх сыноў, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны 1941-45 гг.”

Папка з дакументамі, падпісаная “Мая асабістая справа”, засталася ў нашай сям’і ад бацькавага дзядзькі Іосіфа Данатавіча Манцэвіча (1888 – 1974). Баявы афіцэр у першую сусветную, кавалер трох ордэнаў за баявыя подзвігі, пасля камандзір палка ў Чырвонай Арміі, у чэрвені 1941 года вяртаецца “пасля адбыцця тэрміну пакарання” па славутым 58-м артыкуле ў горад Каўроў. А менш чым праз месяц ён ужо ў эвакуацыі ў Фергане.

Удавец, два сыны-студэнты вучацца ў Маскве.

Невялічкі аркушык. Пахавальнае паведамленне на чырвонаармейца Усевалада Манцэвіча аб яго геройскай смерці 23 сакавіка 1943 года. Два лісты ад аднапалчан Дзмітрыя, які загінуў вясной 1942 года ў вёсцы Паўлава Малвоціцкага раёна Ленінградскай вобласці. Абодва на адваротных баках пісьмаў бацькі да Дзмітрыя. Аўтар аднаго – камісар ПТР (процітанкавая рота), другога – палітрук Матвееў.

Сярод гэтых дакументаў і ліст ад саслужыўца Дзмітрыя па Баўманскім камуністычным батальёне. Падпісаны 23 лістапада 1971 года Кірылам Аркадзьевічам Салазкіным.

Лісты Іосіфа Данатавіча, напісаныя простым чарнільным пяром на аркушы з вучнёўскага сшытка ў клетку, нават сёння ўражваюць каліграфічнасцю почырку. Акрамя Полацкай настаўніцкай семінарыі, як і два яго браты Павел і Флор, ён скончыў Віцебскі настаўніцкі інстытут.

З ліста бацькі да сына, датаванага 7 красавіка 1942 года:

“Дарагі Дзіма!

Радуюся за цудоўны стан байцоў, як камандзір, і ў прыватнасці за твой, як бацька. Чакаю, ведаю, што пройдзешся па маіх родных месцах. БССР не мала ў мінулым пахавала на сваіх палях псоў-рыцараў, хопіць месца і для фашысцкай сволачы.

Гані і знішчай фашысцкіх малойцаў, як гналі нашы продкі іх псоў-рыцараў.

Атрымаў сёння і ад Марусі паштоўку. Піша, што і ты, і Воля (Усевалад – А.М.) ёй пішаце. Пішыце, не забывайце, як і яна нас не забывае.

Цалую моцна! Татка”.

На абароце ліста простым алоўкам хуткім почыркам адказ. Не ад Дзімы.

“Дарагі тав. Манцэвіч. Гэтым паведамляю вам, што Ваш сын загінуў смерцю героя ў барацьбе з нямецкімі фашыстамі і пахаваны ў вёсцы Паўлава Малвоціцкага раёна Ленінградскай вобласці.

Палітрук роты П.Матвееў (неразборліва).

P.S. Жадаю Вам поспеху і бадзёрага духу”.

На лісце прыпіска, зробленая дзедам Іосіфам ужо ў 60-я–70-я гады: “Загінуў Дзіма ў сакавіку 1942 г. на захадзе ад возера Селігер у Малвоціцкім р-не”.

Бацька не ведаў, пішучы гэты ліст, што сына ўжо няма ў жывых.

Дзіма загінуў 21 красавіка, праз два дні, 23 красавіка, загінуў і Воля, Усевалад (у пахавальным паведамленні памылка – замест 1942 указаны 1943 год). Сёння дзякуючы раскрытым архівам ёсць шанец удакладніць такія сумныя для сем’яў даты.

Яшчэ адзін ліст з фронту тлумачыць абставіны смерці Дзмітрыя. Піша камісар ПТР Жураўлёў З.Р.

“Ваш сын загінуў ад міны ворага, калі населены пункт намі быў узяты. На адпачынку міна патрапіла проста ў тое месца, дзе знаходзіўся Ваш сын. Тав. Манцэвіч, ваш сын змагаўся як патрыёт радзімы.

Не ведаў ніякага страху. І мы пахавалі яго як дастойнага воіна нашай краіны.

Ваш сын быў у  мяне з Масквы – адным з самых (лепшых) грамадскіх актывістаў і адданым нашай радзіме і партыі Сталіна. Мы пакляліся за нашу кроў жорстка ворагу адпомсціць”.

Перад вайной Дзіма вучыўся ў Маскоўскім інстытуце хімічнага машынабудавання (МІХМ). Добраахвотнікі-студэнты і выкладчыкі гэтай ВНУ ў кастрычніку 1941 года сталі касцяком 3-й Маскоўскай камуністычнай дывізіі. Пра гэта напісаў у 1971 годзе ў сваім лісце да Іосіфа Данатавіча аднапалчанін Дзмітрыя Кірыл Салазкін.

“З кастрычніка па канец студзеня 1942 года Дзіма быў камандзірам узвода разведкі Баўманскага камуністычнага батальёна. Мне давялося служыць у гэты час пад яго камандаваннем, то магу запэўніць Вас, што з гэтай службай ён спраўляўся вельмі добра (а гэта было складана, бо ўсе байцы былі такія ж студэнты, як і ён, а некаторыя ўжо сталі інжынерамі).

Дзіма ўмеў падтрымліваць добрую дысцыпліну, не парушаючы таварыскіх стасункаў.

На фатаграфіі, змешчанай у газеце (шматтыражная газета інстытута, падшытая разам з пісьмамі – А.М.), – узвод, якім камандаваў Дзіма. Дзіма сядзіць у сярэднім радзе трэці злева. Побач з ім сядзіць камісар нашага батальёна. На гэтай фатаграфіі нас 20 чалавек. У жывых засталося толькі 5”.

Дзмітрый Манцэвіч.

Кірыл Аркадзьевіч Салазкін пасля другога ранення вярнуўся ў свой родны інстытут. З часам стаў выкладчыкам, прафесарам. Да сваёй смерці ў 1991 быў адным з захавальнікаў памяці герояў той вайны, вучняў і выкладчыкаў МІХМа.

Даследчыца гісторыі інстытута Ніна Міхайлаўна Канавалава піша, што Дзмітрый Манцэвіч быў ужо выкладчыкам гэтай ВНУ. Магчыма. Толькі гэта ні на ёту не магло зменшыць боль ад страты двух сыноў Іосіфа Манцэвіча, жыццё якога пасля вайны пачало ва ўсіх сэнсах зваротны адлік.

З характарыстыкі на І.Д.Манцэвіча, выдадзенай загадчыкам Ферганскага аблана Узбекскай ССР Юнусавым 21 мая 1943 года.

“Характарыстыка на маёра запасу Манцэвіча Іосіфа Данатавіча за перыяд з 22.10.1941 па май 1943.

…дысцыплінаваны, акуратны. Стойка пераносіць  нягоды (удавец, з двух сыноў на фронце адзін геройскі загінуў, другі ў невядомасці). Беларус па нацыянальнасці, пажылы (55 гадоў), адзінокі, але бадзёры і здаровы. Сэнс жыцця ў цяперашні час бачыць толькі ў няспыннай і лепшай рабоце, якая забяспечвае не толькі выгнанне, але і поўнае знішчэнне фашызму, як выключнага зла чалавецтва”.

Памёр Іосіф Данатавіч у 1974 годзе ў Мінску, дзе дажываў свой век у сям’і пляменніка, майго дзядзькі Георгія, Юры. Пахаваны на сваёй радзіме ў мястэчку Іказнь на Браслаўшчыне. Калі не стала і Юры, паперы патрапілі майму бацьку.

Перабіраю акуратна падпісаныя і падшытыя стосікі дакументаў і лістоў Іосіфа Данатавіча, дзеда Іосіфа. На што і на каго ён разлічваў, калі на схіле свайго жыцця падпісваў і прыводзіў у парадак гэтыя паперкі?

Не шукаю на гэта адказу. Проста лічу неабходным расказаць пра гісторыю пісьмаў з фронту сваім сучаснікам, каб памяць пра Дзіму і Волю заставалася жывой.

Дзякую за дапамогу ў падрыхтоўцы гэтай публікацыі майму бацьку Барысу Флоравічу Манцэвічу і прафесару Генрыху Аруцюнавічу Кардашаву (Масква).

“Жысь мая харошая. Днём раблю, а ночы не сплю”. Што пісалі дамоў маладыя беларусы, сілком вывезеныя ў рэйх у 1942 годзе