Ганну Уліцкую і яе сябровак Ніну і Варку з вёсачкі Язджэнцы на мяжы сённяшніх Мядзельскага і Вілейскага раёнаў нямецкі хапун накрыў у лесе.

Дамоў яны ніколі не вярнуліся. Ніколі. Магілы іх калі і засталіся, то безыменнымі ў далёкім Гамбургу. Але пасля дывановых бамбардзіровак саюзнікамі ў 1944 годзе ад рабоў рэйху мала што заставалася.

І толькі да самай сваёй смерці Кацярына Уліцкая, мама Анюты, кожны дзень перабірала тонкія паштовачкі ад любай донькі, учытваючыся ў кожнае слова сціплых на інфармацыю паведамленняў з Германіі. І ніяк не верыла, што больш ужо і не ўбачыць сваю крывінку.

Да нас дайшлі толькі некаторыя з лістоў, бо пасля смерці Кацярыны Фёдараўны ў 1988 годзе сваякі разабралі гэты архіў на памяць аб Ганне.

Большая частка паштовак, якія перадала ў рэдакцыю яе пляменніца Зоя Ардзяка з Вілейкі, пісаная па-беларуску лацінкай. Але першая напісаная кірыліцай. Мы робім у тэксце толькі невялікія праўкі, якія не ўплываюць на яго ўспрыманне.

“Пушчаю 20 ХІ 1943 г. Здрастуй, дарагія радзіцелі маі. Паведамляю я вам, што я жыва і здарова. Пасылаю я вам свой сердзечны прывет: тату, маме, Толю, Валодзю, дзеду, бабе, дзядзьку Пётру, ево жане Соні і Жэні.

Паведамляю я вам, што я ужэ паслала да вас 4 аткрыткі і ад вас не палучыла. Мы яшчэ усе 3 разам у горадзе Ганбурке (Гамбургу – рэд.). Работаем мы на фабрыке.

Работаем мы с пол 8 утра да 5 вечара. Патом мы знаходзімся в лагерах. В лагерах нас всех 147 дзевачак. Украінскіх. Украінскіх в нашай комнаце 13 дзевачак і нас 3. Пра харч я вам паведамляць не буду, бо вы павінны самі знаць.

Жысь мая харошая. Днём раблю, а ночы не сплю. Очень я страдаю за то, што я пра вас нічога не знаю і думаю, што вас жывых нет, бо знаю, как я вас аставіла. Прашу, паведаміце пра вашу сям’ю.

Зацем дасвіданіе, жалаю вам всего найлутшага. Уліцкая Анна”.

Ганна нарадзілася ў 1927 ці 1928 годзе. Значыць, на час ліставання ёй было ўсяго 15-16 гадоў. Вучылася Анюта ў польскай школе. Гэтым і тлумачыцца, што большасць яе паведамленняў напісаныя лацінкай.

Трымаліся разам

У адным з лістоў Ганна пасля стандартных слоў прывітання і пажаданняў здароўя пераходзіць да сваіх сябровак. Піша пра знаёмых і сваякоў у Германіі, просіць адрас дзядзькі Івана. І, канечне, перадае прывітанні і пажаданні бацькам і меншым братам Толю (1931 г.н.) і Валодзю (1932 г.н).

“Паведамляю я вам, што мы ўсе 3 умесце, Ніна, Варка і я. Дарагія радзіцелі, паведамляю я вам, што я палучыла ад вас адкрытку што вы пісалі 3І мне. За каторую вам крэпка дзякую, мы очэнь абрадаваліся, што узналі, што вы жывы і здаровы і што уся ваша сям’я умесце. Дарагія радзіцелі, із са мной есць знакомых дзяўчат і хлопцаў ад мяне недалёка кайровічаў Мішка і бруская (з вёскі Брусы – рэд.) Данілавы Сцяпан і Валодзя і многа знакомых людзей. Дарагія радзіцелі, прашу я вас прышліце мне дзядзькі Івана адрас.

Пасылаю я вам свой сердзечны паклон із Германіі дарагой мамачцы, тату і брацяткам Толю і Валодзю і всем родным і знакомым. Паведамляю, што я ўжо сфатаграфіравалася і можа пашлю вам сваю фатаграфію на памяць”.

“Прышліце сухароў”

У некалькіх пісьмах гучыць адна просьба прыслаць у Германію сухароў. Пры ўмове, калі бацькі жывуць так як жылі. Бо гаварыць шчыра і пытацца аб шчырых адказах аб падрабязнасцях жыцця не выпадала. Мабыць, Анюта баялася цэнзуры або іншых наступстваў перапіскі.

У лісце з гамбургскім штэмпелем ад 28 красавіка 1944 года мы чытаем:

“…Паведамляю я вам, што я палучыла ад вас 5 адкрытак і 1 ад сястры Марыі, за каторыя вам шчыра дзякую. І палучылі мы 3 пасылкі, за каторыя тожа шчыра дзякую.

Дарагія радзіцелі, еслі вы так жывяце як і жылі, то просім вас вышліце нам і яшчэ сухароў, а еслі не, то і не шліце.

…Я палучаю пісьмы ад бруской цёткі і будзкой (з вёскі Будкі – рэд.) Соні. Дарагія радзіцелі, паведаміце пра будзскіх Марысю і Уладзіміра, дзе яны знаходзяцца. Не скучайце па мне, пражывайце самі як можаце і як найлепей у гэта врэмя, а я буду тожа як магчы. Зацем досвіданіе, жалаю вам усяго найлутшага у жызні вашай і жду атвета як пціца лета. Ваша доч Анюта”.

“Здрастуй, неба галубое…”

Хутка перапіска перарвецца. Ужо ў ліпені 1944 года савецкія войскі вызваляць Мядзельшчыну, а разам і Язджэнцы. Сувязь разарве фронт. Бацька Анюты Ларыён будзе прызваны на фронт. І таксама ніколі ўжо не вернецца ў родны дом.

Анюта ж загіне пад бомбамі саюзнікаў. Але пакуль вельмі тонкая нітачка яшчэ звязвала незнаёмы і страшны вялікі Гамбург і маленькія Язджэнцы, што прытуліліся паўтара дзесяткамі хат да берага Вузлянкі.

І татка чытаў прывітанне ад дачкі. І бацькі адчувалі непадробную радасць Анюты ад таго, што яны атрымалі фатаграфію Ганны:

“Здрастуй неба галубое, здрастуй, сіні аблака. Здрастуй татка, шлю прывет іздалека. Пісьмо ад вашай дочкі Анюты…

Пісалі вы нам, што палучылі нашы фатаграфіі. І мы очань рады, што вы палучылі. Очань мы былі б рады, што б вы выслалі нам свае фатаграфіі. Бо мы вас ужо даўно не відзілі і не знаем, калі увідзім.”

Фота Ганны Уліцкай з Германіі.

І тут зноў просьба прыслаць, калі ёсць магчымасць, сухароў. І тлумачэнне аднаго, спачатку не зразумелага моманту. Гэты ліст быў падпісаны не Ганнай Уліцкай, а Ганнай Белавус. Мабыць, былі абмежаванні ў колькасці лістоў, якія можна было высылаць рабыням нацыстаў:

“Не падумайце, што гэта хто пісаў аткрытку. Пісала лічна ваша дочка Анюта, ну фамілія другая. Ну нам так прыходзіцца. Зацем дасвіданіе. Жалаю вам усяго харошага”.

Сум – асноўная хвароба выгнаннікаў

Анюта ліставалася не толькі са сваімі бацькамі. Засталася паштоўка да стрыечнай сястры Марыі і яе мужа Валодзі з Брусоў. Яна паведамляе, што атрымлівае лісты і ад іншых сваякоў, пералічваючы іх па імёнах. І што  “Ваша мамаша і браты Валодзя і Коля ад мяне далёка ў другім горадзе. Яны усе умесце у хазяіна ім жыць очань харашо. Яны толькі скучаюць, што не дома”.

Ганна просіць сваякоў пісаць ім часцей, не забывацца на яе маму, каб тую наведвалі.

Сярод паштовак ад дачкі у Кацярыны Фёдараўны захавалася і паштоўка з Германіі ад сваяка Міхаіла Балаховіча, які той пісаў у Брусы брату Міцю. Яно раскрывае некаторыя дадатковыя падрабязнасці нямецкай няволі.

Ён паведамляе, што калі зробіць фатаграфію ва ўвесь рост, а такое не можна рабіць, то ён абавязкова прышле. Пра тое, што ніхто не можа мець ўяўлення, якая радасць, калі атрымліваеш ліст з дому. Ёсць гармонік, ходзяць купацца на вялікую раку, дзе можна скакаць у ваду з вышак. Але ён вельмі і вельмі сумуе па сваім доме.

Сведак таго часу становіцца ўсё менш. І толькі напісанае застаецца.

“Паведамленне і пісьмы аб смерці маіх сыноў…”. Што такое не дачакацца дзяцей з фронту