Налібоцкая пушча – самы вялікі лес у Беларусі. Яго не маглі кантраляваць акупанты, таму месца стала паратункам для тысяч людзей.

Але пры гэтым усю значнасць і адметнасць масіву, яго ролю ў палітычнай гісторыі цягам стагоддзяў даследавалі мала. Таму мы падрыхтавалі некалькі фактаў пра пушчу, пра якія вы, магчыма, не ведалі.

Яе немагчыма кантраляваць чужынцам

Гэта самы вялікі лясны масіў у Беларусі. Плошча ў 140 тысяч гектараў – прыкладна тры Андоры.

Гэта выдатнае месца, каб пабыць з прыродай. Мабільная сувязь ловіць кепска. А гушчар хавае ад знешняга свету. У Другую сусветную вайну тут хавалася каля 20 тысяч чалавек. Кантраляваць тэрыторыю чужынцы так і не змаглі.

Пушча была ідэальным месцам для супраціўленцаў. Тут былі партызаны як савецкія, так і Арміі Краёвай. Лакалізаваўся таксама яўрэйскі атрад братоў Бельскіх. Многія мясцовыя жыхары вёсак каля пушчы мелі сувязь з партызанамі. За гэта значную частку навакольных вёсак спалілі.

Тут водзяцца зубры

Ад 1994 года зуброў паўторна засялілі прыстасоўвацца да пушчы. У 18 стагоддзі іх знішчылі ў гэтай мясцовасці. Але дзякуючы энтузіястам Валожынскага лясніцтва сюды завезлі першых 15 зуброў з гадавальнікаў. Цяпер тут налічваюць каля сотні галоў зуброў.

Таксама тут жывуць алені, ласі, дзікі, рысі, гарнастаі, глушцы, цецерукі, чорныя буслы.

Сімвал – зімародак

Гэта птушка здаўна лічыцца сімвалам пушчы. У 2016 годзе менавіта зімародка абралі птушкай-сімвалам Валожынскага раёна.

Гэта прыгожая птушка з сінім і аранжавым пер’ем. Выявы з ёй вы можаце ўбачыць на муралах у Валожынскім раёне.

Тут ёсць экалагічная сцяжынка

Першая ў краіне інклюзіўная экалагічная сцежка “Белакорац” з’явілася менавіта тут. Цягам маршруту размешчаныя лаўкі, інтэрактыўныя стэнды, тактыльныя карты, макеты жывёл, альтанкі і біятуалет.

Пра падзеі ў пушчы знялі галівудскі фільм

Пра яўрэйскі партызанскі атрад братоў Бельскіх у Галівудзе знялі фільм “Непавінавенне” (у рускамоўным пракаце – “Выклік”) у 2008 годзе. Галоўную ролю выканаў Дэніэл Крэйг, вядомы роляй Джэймса Бонда. Фільм распавядае, як пасля масавых распраў над яўрэямі больш за тысячу чалавек выратавалі дзякуючы братам Бельскім.

5 фільмаў пра Другую сусветную вайну, якія варта паглядзець. Выбірайце, які ўключыце сёння

Карціна заснаваная на рэальных падзеях, апісаных у кнізе Нехамы Тэк “Выклік: партызаны Бельскія”. Аўтар кнігі нарадзілася ў 1931 годзе ў польскім Любліне. Яна атрымала доктарскую ступень па сацыялогіі ў Калумбійскім універсітэце ЗША, даследавала Халакост.

Аўтар кнігі пісала, што неаднаразова звярталася да беларускага боку, каб яе дапусцілі да працы ў архівах або выслалі копіі патрэбных матэрыялаў, але адказаў не атрымала. Таму яе праца грунтуецца на ўспамінах удзельнікаў атрада і сваякоў Бельскіх.

Рэжысёрам карціны выступіў Эдвард Цвык. Менавіта ён атрымаў “Оскар” у 2009 годзе за працу “Закаханы Шэкспір”. Сярод іншых яго вядомых фільмаў – “Легенды восені” 1994 года, “Апошні самурай”, “Крывавы алмаз”.

Эдвард Цвык так тлумачыць, чаму вырашыў экранізаваць менавіта гэту гісторыю. Звыклы вобраз яўрэяў у час Халакосту – выявы выжыўшых з пустымі вачыма ў паласатай піжаме, горы трупаў ці шкілеты, што чапляюцца за калючы дрот. Гэта вобраз пасіўных бездапаможных ахвяр, які ў Эдварда выклікаў пачуццё сораму. Таму калі ён у кнізе Нехамы Тэк убачыў зусім іншы вобраз, вырашыў, што яго абавязкова трэба паказаць. Тым больш, што гэта не проста вобраз, а рэальныя людзі.

Кіно здымалі ў Літве. Некаторыя статысты паходзілі з сямей, якія выратавала група Бельскіх.

У масоўцы ўдзельнічылі ў тым ліку студэнты Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. У сцэнары ёсць момант, калі супраціўленцы спяваюць народную песню. Спачатку меркавалася, што гэта будзе «Чорны воран», але менавіта студэнты пераўпэўнілі, што яе варта замяніць на «Купалінку».

Крытыка ацаніла фільм сярэдне, прыкладны бал карціны – 58 са 100. Калі амерыканскія крытыкі абмяркоўвалі вобраз герояў у фільме, то польскія ўзрушаліся за гістарычныя неадпаведнасці. У прыватнасці, за спрашчэнне гісторыі. У некаторых кінатэатрах Польшчы фільм забаранілі.

Беларускія аглядальнікі крытыкавалі карціну за адсутнасць беларускай мовы. Некаторыя крытыкі адзначылі, што фільм праігнараваў злачынствы партызан Бельскага супраць мясцовых жыхароў.

Акрамя гэтага фільма, Налібоцкая пушча стала месцам дзеяння рамана Уладзіміра Багамолава “У жніўні 1944-га” Людмілы Уліцкай “Даніэль Штайн, перакладчык”.

• Текст доступен на языке: Русский