Падчас сустрэчы з журналістамі, якая адбылася 30 красавіка ў Мінску, спадарыня пасол закранула тэму развіцця турызму. Яна пазітыўна ацаніла змены, якія адбываюцца ў гэтай сферы ў Беларусі.

– Крок Беларусі з бязвізавым уездам – спачатку на 5, пасля на 30 дзён, – гэта геніяльны крок. Сапраўды відаць, як узрастае лічба турыстаў, – заўважыла пасол Юхансан. – Калі вы не Італія і не Іспанія з цёплымі марамі, то прыцягваць турыстаў вельмі складана. Мала сказаць “у нас прыгожая прырода”, трэба знайсці нешта ўнікальнае.

Спадарыня пасол распавяла, што пакуль ездзіла па Беларусі не так шмат, як хацелася. Але пабываць у нашым рэгіёне ўжо паспела.

– Два разы была ў Налібоцкай пушчы. Там не толькі ўнікальная прырода, але вельмі цікавая гісторыя саміх мясцін і тых людзей, што там жылі і жывуць, – прыгадала Крысціна Юхансан. – Мы цэлы дзень хадзілі па лесе. Там у нас быў самы смачны абед, які я ела ў жыцці: яйкі, боб, яблыкі, гарбата – усё прыгатаванае на адкрытым агні.

Пасол прыгадала, што гісторыі Беларусі і Швецыі неадначасова перасякаліся ў мінулым. Неаднаразова падчас паездак па Беларусі ёй даводзілася чуць фразу “вось у нас тут быў старажытны будынак, але пасля шведы яго спалілі”.

– Цяпер мы імкнёмся наладзіць з Беларуссю больш цесныя сувязі па многіх кірунках, – кажа спадарыня Юхансан. – Напрыклад, шведскае агенцтва па бяспецы ўжо супрацоўнічае з беларускімі ўладамі ў Гомелі ў пытаннях наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Калі нашыя тэхналогіі ці экспертызы спатрэбяцца падчас будоўлі Астравецкай АЭС, мы будзем рады дапамагчы.

А для беларусаў хутка будзе чарговая магчымасць бліжэй пазнаёміцца з гэтай паўночнай краінай. 1 чэрвеня ў Мінску пройдзе Дзень Швецыі. Гасцей чакае музычная праграма, квэсты і віктарыны, а таксама экадворык з выступленнем экатэатра.

• Текст доступен на языке: ruРусский