Аляксей з жонкай Кацярынай і дочкамі Палінай і Ульянай (на руках у таты).

У сучасным свеце мы перанасычаныя лішняй інфармацыяй. Часам, каб знайсці вартую кнігу ці фільм, мы губляем не адзін вечар. Таму “РГ” вырашыла рабіць падборкі самых вартых твораў мастацтва, каб нашы чытачы маглі знайсці ў іх падказкі.

Гэта могуць быць кнігі, фільмы, серыялы, музыка ці карціны. Важна, каб гэта былі сапраўды вартыя ўвагі творы. Каб вы, вярнуўшыся з працы дамоў, ведалі, як з карысцю можна бавіць вечар.

Героямі гэтай рубрыкі мы запрашаем нашых чытачоў і герояў публікацый. Яны выбіраюць свой спіс і расказваюць, чаму менавіта гэтыя творы зачапілі іх. Няхай у вашых вечарах з таршэрам будзе больш вартых увагі твораў.

Першым героем нашай рубрыкі “Таршэр” мы запрасілі чытача Аляксея Ліса.

Аляксей жыве ў Красным Маладзечанскага раёна. Працуе інжынерам. Штодзень прачынаецца ў 4:30, каб паспець на электрычку на працу ў Мінск.

Жанаты, выхоўвае дзвюх дачок. І шмат чытае. Вось якімі творамі падзяліўся з чытачамі “РГ” Аляксей:

– Некалькі гадоў таму даведаўся пра буккросінг. Гэта рух, калі людзі бясплатна мяняюцца кнігамі. Я хацеў аб’яднаць у адным месцы ўсё, што з гэтым рухам звязанае на Беларусі. Стварыў суполку ў сацыяльных сетках, дзе збіраем інфармацыю. Дзе ёсць паліцы, з якіх можна ўзяць кнігі, якія можна знайсці.

Шмат кніг трапіла ў рукі дзякуючы такім паліцам. Прыйшоў, пакінуў сваю і ўзяў тое, што найбольш зацікавіла. Часта перад тым, як пачаць чытаць кнігу, чытаю водгукі ці іншыя кнігі.

Прачытаць кнігу, каб прачытаць кнігу

  1. «Інферна», Дэн Браўн

Ёсць аўтары, якія пішуць кнігі цяпер, а мы, чытачы, чакаем іх. Адзін з такіх аўтараў – Дэн Браўн.

Некалькі гадоў таму даведаўся, што з’явілася яго кніга “Інферна”. Пачытаў пра твор у інтэрнэце. Зразумеў, што перад тым, як пачаць чытаць гэты твор, трэба ўзяць «Боскую камедыю» Дантэ.

Твор вельмі спадабаўся, чытаў доўга, можа з месяц. Пакуль чытаў, давялося прачытаць яшчэ кучу ўсяго, бо многае ў тэксце было незразумелым.

Многае трэба было ўдакладніць у інтэрнэце. Але на той момант інтэрнэта заўсёды пад рукой у мяне яшчэ не было, то рабіў пазнакі ў блакноце, і ўжо дома ўсё гэта пераглядаў.

Цяпер амаль у кожнай пятай кнізе сустракаюся з тым, што ўзгадвалі ў “Інферне”. І аж гонар бярэ, калі трапляецца такі момант, а я разумею, пра што гаворка.

  1. «Бягучы за ветрам», Халед Хасейні

Яшчэ адзін сучасны аўтар, які мне даспадобы – Халед Хасейні. Але яго кнігі я ніколі не стану перачытваць. Чытаць іх вельмі цяжка. Закранаюць душу да самай глыбіні.

У Хасейні няшмат кніг, я вылучаю менавіта «Бягучы за ветрам».

  1. «Перагружаны каўчэг. Заапарк у маім багажы», Джаральд Дарэл

Я чытаю толькі папяровыя кнігі. Вельмі падабаецца трымаць іх у руках, адчуваць пах. Праз год-два забываюцца дэталі з прачытанай кнігі. Але ўбачыш вокладку – і прыгадваеш.

Вельмі падабаюцца кнігі пра прыроду і жывёл. Мала хто ведае такога пісьменніка Джаральда Дарэла. Неверагодны чалавек! Першай яго кнігай, якую прачытаў, была “Перагружаны каўчэг. Заапарк у маім багажы”. Трапіла да мяне з паліцы буккросінга.

На сёння я прачытаў усе яго творы, што змог знайсці ў шасці бібліятэках – Мінска, Краснага, Чысці. Першая кніга – адна з самых цікавых, можа таму, што першая.

  1. «Тры таварышы», Эрых Марыя Рэмарк

Адным з любімых аўтараў для мяне стаў Рэмарк. З яго творамі пазнаёміўся не без буккросінга. Першай прачытаў «Тры таварышы».

Цяжка апісаць эмоцыі, якія ўзнікаюць пасля таго, як прачытаў нешта цікавае. Помню цеплыню ад гэтай кнігі, якая ахутвала пры чытанні. У Рэмарка шмат іншых неверагодных кніг.

  1. “Начавала хмарка залатая”, Анатоль Прыстаўкін

Ёсць кнігі, якія цяжка чытаць, але яны пакідаюць адбітак у душы.  Я такую кнігу прачытаў у 4 класе. Магчыма, быў яшчэ маленькі для яе.

Цэлы дзень хадзіў і плакаў. Ледзь стрымліваўся ў школе, каб не заплакаць пры ўсіх. А калі ішоў дамоў, то даваў волю эмоцыям. Гэта кніга “Начавала хмарка залатая” Анатоля Прыстаўкіна.  Яна аўтабіяграфічная і распавядае пра лес дзяцей, якія ў вайну сталі сіротамі.

  1. «Песня льду і агню», Джордж Марцін

Не так даўно пазнаёміўся з новым для сябе жанрам – фэнтэзі. Усё пайшло з серыяла «Гульня тронаў», праглядзеў некалькі сезонаў, а потым вырашыў пачытаць.

Ніколькі не шкадую, што ўзяўся. Джордж Марцін вельмі таленавіты аўтар, складана выдзеліць адну кнігу, таму назаву цыкл «Песня льду і агню».

Кніжка, якая не спадабалася

  1. «Маё жыццё ў лесе духаў», Амос Тутуола

Ёсць кніга, якая мне вельмі не спадабалася. Гэта «Маё жыццё ў лесе духаў» Амоса Тутуола. І яна моцна ўразіла негатыўна.

Спачатку чытаў, думаю, зараз пачнуцца тлумачэнні, чаму яму ўсё гэта мроілася. Але кніжка закончылася без аніякага тлумачэння – маўляў, чакайце чарговую порцыю бязглуздзіцы ў наступнай. Не разумею, як гэта ўвогуле можа падабацца.

  1. «Зверабой», Джэймс Фенімор Купер

Мне падабаецца ўсё, што звязана з індыйцамі і дзікім захадам. Цяпер чытаю трылогію Карла Мая «Цыкл “Віннету».

Калі вылучыць кнігу з гэтай серыі, гэта «Зверабой» Джеймса Фенімора Купера.

  1. «Флавіян»

Я вучыўся ў БДАТУ, у адным з корпусаў была царкоўная лаўка. Сябраваў з людзьмі, што там працавалі, яны давалі пачытаць кнігі – проста браў, вельмі акуратна чытаў і вяртаў.

Так пазнаёміўся з вельмі цікавым творам «Флавіян». Пасля такіх кніг пачынаеш інакш глядзець на свет.

  1. «Хто пачуе канаплянку», Віктар Ліхачоў

Зачапіла яшчэ «Хто пачуе канаплянку».

Пасля гэтай кнігі сабраўся ў вялікую вандроўку па Беларусі. Ужо сабраліся з братам у пешае падарожжа.

Але праз тры месяцы павінна было быць вяселле, таму нявеста не пусціла. Калі быць шчырым, то цяпер крышачку шкадую, што не пайшоў.

Калі вы хацелі б падзяліцца сваім спісам самых яскравых твораў мастацтва, якія надзвычай зачапілі вас, пішыце на пошту regionnews@rh.by.

• Текст доступен на языке: ruРусский