Свята Юр’е заўсёды адзначаецца 6 мая на праваслаўны дзень святога Георгія. Святы Юры, альбо як часцей нашы продкі называлі яго, Ягоры ў народных уяўленнях пераняў функцыі паганскага бога Ярылы, апекуна жывёлаў і сялянскай нівы.

Той жа бог Ярыла ўяўляўся юнаком на кані і пазней стаў правобразам нацыянальнага герба Пагоні.

Націсніце на фота, каб павялічыць.

Таму гэта свята часам называюць Ярылавіцай, Ярылкі… Разам са святым Міколам Юры (Георгій) адзін з самых шанаваных святых у беларусаў. Ці не ў кожнай хаце вісіць яго абраз. На Юр’е ўпершыню ў вёсках выганяюць жывёлу ў поле і ахвяруюць каравай зямлі з спадзевам на багаты ўраджай.

На жаль, сёння традыцыя святкавання на Павіллянскім краі знікла і ў Беларусі захавалася збольшага толькі на Усходнім Палессі, на Тураўшчыне. Сёння традыцыю ваджэння Юраўская карагода аднаўляецца на Любаншчыне і Гомельшчыне, хочацца спадзявацца, што людзі нашага краю яшчэ памятаюць, як гэта адбывалася ў нашым рэгіёне і абрад будзе адноўлены і ў нас.

Вёска Луткі Столінскага раёна захавала традыцыю амаль ў нязменным выглядзе. Пачынаецца святкаванне ранкам. Адна з галоўных жанчын, завадатар святкавання Кацярына Лясько, а шостай раніцы расчыняе цеста і рыхтуе печ для выпякання каравая. Каравай тут не проста хлеб, гэта і назоў абрада і сімвал дабрабыта.

Пасля таго, як каравай прыгатаваны, жанчыны збіраюцца каля царквы ў нацыянальных строях. Адметна, што строі зробленыя ўласнаручна. Удзельнікі карагода маюць і ўласную харугву, узнятыя ўверх граблі, з дзьвума фартушкамі, чырвонага і зялёнага колераў. Каравай упрыгожваюць стракатымі стужачкамі і галінкамі альбо кветкамі. Яго нясуць разам з краблямі наперадзе працэсіі.

Найперш святкуецца на жытнёвым полі. Зараз у ім удзельнічае і мясцовы святар, але ў некаторых вёсках абыходзяцца і без яго. Святар праводзіць службу, жанчыны водзяць карагод і, зачытаўшы патрэбную малітву, ахвяруюць зямлі кавалак велікоднага пірага. Мясцовыя вераць, што гэта дапамагае спрыянню ўраджая.

Ад поля са спевамі жанчыны ідуць па вуліцах вёскі. Каля кожнай хаты водзяць карагод і спяваюць песні. Гаспадары мусяць вынесці яйкі і грошы на пачастунак. Прайшоўшы вёску з песнямі і пажаданнямі, жанчыны ідуць святкаваць у адну з найбольшых хат. Там спевы народныя і велікодныя будуць гучаць аж да самага вечара.