Да нас у рэдакцыю часам звяртаюцца чытачы з рэгіёна, якіх непакоіць абрэзка дрэў на гарадскіх вуліцах.

Чытачы пытаюцца, ці можна абразаць дрэвы

Нядаўна прыйшла маладзечанка Ала. Яна занепакоеная, што на вуліцах Маладзечна і ў большасці гарадоў рэгіёна абразаюць дрэвы. Ці шмат пражыве дрэва, якому спілавалі ўсе галіны, пакінуўшы адзін ствол, пытаецца чытачка.

Ала мае біялагічную адукацыю.  Хвалюецца, што абрэзаныя да ствала дрэвы доўга не жывуць.

ЖКГ: Ёсць дрэвы, якія мы не можам чапаць

За каментаром мы звярнуліся ў ЖКГ Астраўца. Тут спецыялісты растлумачылі нам, што абрэка дрэў рэгулюецца Законам аб раслінным свеце. У рэгіёне праводзяць санітарную, фармовачную і амаладжальную абрэзку.

Галіны з дрэў абразаюць пераважна вясной і восенню. Часцей робяць амаладжальную абрэзку. У старых дрэў, напрыклад, у ліпы, можна абрэзаць трэцюю частку ўсіх галін для таго, каб выраслі маладыя.

Санітарную абрэзку робяць тады, калі трэба выдаліць хворую крону або сук. Гэта можна зрабіць і летам.

Фармовачная абрэзка патрэбная для дрэў у першыя два гады пасля пасадкі. Яе робяць для таго, каб прыдаць дрэву жаданую форму. Напрыклад, зрабіць яго шарападобным.

Ёсць дрэвы, якія абразаць нельга. Звычайна не чапаюць бярозу, каштан, ясень, бо яны не абнаўляюцца.

Асаблівае стаўленне і да старых дрэў, напрыклад, дубоў, якія маюць гістарычную каштоўнасць. Тут задача спецыялістаў – да апошняга спрыяць захаванню такога дрэва.

Эколаг: Топінг – праблема ўсёй Беларусі

Мы звязаліся з актывістам грамадскай кампаніі «Гарадскі ляснічы» эколагам Ігарам Корсунам і спыталі, што пра абрэзку дрэў думаюць эколагі.

– Ад топінгу – абрэзкі дрэў – адмаўляюцца ці ўжо адмовіліся многія прагрэсіўныя краіны. А мы, пераняўшы гэту практыку ад Амерыкі, усё ніяк не можам спыніцца, кажа Ігар.

Па яго словах, у той жа Амерыцы ўжо не практыкуюць абрэзку дрэў. Заўважылі, што абрэзанае дрэва жыве менш, становіцца больш небяспечным.

– Калі спілоўваюць вялізныя галіны, з імі губляюцца рэчывы, неабходныя для энергіі дрэва. Дзе дрэву іх браць, як аднавіцца? З каранёў. А гэта ідзе на шкоду ахоўным механізмам. У выніку ў абрэзанага дрэва карані становяцца значна меншымі, з’яўляецца грыбок, шкодныя насякомыя, хваробы.

Пры гэтым не натуральна вялізныя галіны ў такога дрэва вырастаюць вельмі хутка. Ролю пажыўных рэчываў, таго ж неабходнага крухмалу, выконвае вільгаць. Галіны вырастаюць нетрывалымі.

• Текст доступен на языке: Русский