З Андрэем Лук’яновічам мы сустракаемся на авіяцыйнай базе пад Мінскам. Ён – палкоўнік, ваенны лётчык-снайпер, камандзір 50-й змешанай авіяцыйнай базы. Экскурсію па часці можна пачынаць ужо з яго кабінета: тут Андрэй Юльянавіч сабраў калекцыю мадэляў самалётаў, звязаных з яго жыццём і з жыццём авіяцыйнай базы.

Навокал ужо кіпіць праца: база рыхтуецца да майскіх святаў. На ўзбраенні часці – вайскова-транспартныя самалёты і верталёты, многія з якіх не маюць аналагаў у свеце. Менавіта іх мы бачым у небе падчас паветраных парадаў у Мінску.

Вайскоўцы знаходзяць час, каб паказаць базу з іншага боку:  тут ёсць унікальны самалёт-музей, драўляная часоўня, алея Герояў, мемарыял аэрадрому, вялікі яблыневы сад і пасека.

І кіруе гэтым усім ураджэнец нашага рэгіёна, які пабачыў першы ў сваім жыцці самалёт менавіта пад Смаргонню.

Андрэй Лук’яновіч з беларускімі касманаўтамі Пятром Клімуком (злева) і Уладзімірам Кавалёнкам.

Лётчыкам стаў толькі дзякуючы касманаўту Уладзіміру Кавалёнку

– Дзе вы ўпершыню пабачылі самалёт? Якія гэта былі эмоцыі?

– Гэта было летам у бабулі. Сам я вырас у Смаргоні, хадзіў у школу №2. Але ўсе летнія канікулы праводзіў у бабулі – у вёсцы Сыраваткі, на хутары Зялёны Луг. Тады ў нашым раёне вельмі актыўна выкарыстоўвалася ваенная авіяцыя.

Над намі пастаянна лёталі знішчальнікі, пераходзілі на звышгук. Шыбы ў вокнах звінелі! Я зачаравана глядзеў у неба і разумеў, што лётчык – вельмі прыгожая прафесія. Але яна была такой недасягальнай.

– І ўжо ў дзяцінстве вы зразумелі, што без самалётаў не зможаце?

– Так, вельмі захацелася ў лётчыкі. І ўжо ў ваенкамаце, калі праходзілі першую камісію, я сказаў пра гэта. Тады ў мяне запыталіся – ці быў нехта ў сям’і лётчыкам? Я адказаў, што не, і мяне адразу папярэдзілі – “будзе складана”. Але ж мэту перад сабой я ўжо паставіў.

– Якімі былі першыя крокі?

– Паступіў у Балашоўскае вучылішча ў Саратаўскай вобласці. Конкурс быў вялізны: здавалі рускую мову, матэматыку, фізіку і фізічную падрыхтоўку. Быў прафесійны адбор і медкамісія.

Калі паступіў, то памятаю, як у парыве эмоцый напісаў маме тэлеграму на палову ліста А4 – а ў ёй жа плацілася за кожны знак! Колькі было грошай, столькі і аддаў, такі быў шчаслівы.

Праз чатыры гады вучобы атрымаў першыя пагоны лейтэнанта. Спецыяльнасць – лётчык-інжынер, выпуск 1992 года. Гэта быў складаны час, перыяд развалу Савецкага Саюза.

– Ці адбіліся на вашай кар’еры гістарычныя падзеі?

–  Так, бо выпуск нашага курса ўвогуле быў пад пытаннем. Ён стаў магчымым толькі дзякуючы генералу-палкоўніку авіяцыі, лётчыку-касманаўту Уладзіміру Кавалёнку. Ён быў старшынёй дзяржкамісіі і асабіста прыняў рашэнне, каб выпуск адбыўся.

Мы і цяпер з ім перасякаемся. Паколькі Кавалёнак – ганаровы лётчык нашай авіяцыйнай часці, за ім у Мачулішчах замацаваны асобны ложак, а таксама яго імя ёсць на алеі Герояў.

– Куды вас завяло размеркаванне?

– З гэтым мне пашанцавала. Я служыў у Забайкаллі, горадзе Улан-Удэ, на самалёце Ан-12. І ў 1995 годзе стаў камандзірам гэтага самалёта. Тады быў нялёгкі час. Заробку амаль не атрымлівалі – 15-20 долараў. Калі цяпер на гэта глядзіш, то разумееш – цяжка было. А тады так не ўспрымалася, мы маладыя былі.

Тым больш, што побач заўсёды была жонка Святлана. Усё ж сям’я – самае галоўнае ў жыцці. І тая, якая цябе выхавала, і тая, якую ты пасля стварыў сам.

– Калі вы вярнуліся ў Беларусь?

– У 2000 годзе, калі я быў ужо першакласным лётчыкам, пачаў служыць у Мачулішчах. Прайшоў усе пасады – ад памочніка да камандзіра авіяцыйнай базы.

Андрэй Лук’яновіч з жонкай Святланай.

Служыў у Расіі, а жонку сустрэў у Смаргоні

– Як атрымалася, што вас так пакідала па Расіі, а жонку ўсё роўна знайшлі ў роднай Смаргоні?

– Адпачынак я праводзіў дома! Яшчэ бабуля мне казала: не бывае дзве радзімы, таму жонку лепей шукаць у родных мясцінах. У мяне так і атрымалася. Увогуле два самыя галоўныя чалавекі ў маім жыцці – мама і жонка. Без іх не было б мяне і маёй кар’еры.

Жонка працуе выхавальніцай у дзіцячым садку. І там дзеці, і дома дзеці. Цяпер чацверты раз “атрымоўвае” сярэднюю адукацыю – некалі сама адвучылася, а пасля з трыма дзецьмі праз гэта праходзіла. Дом – гэта тое месца, дзе я сапраўды адпачываю душой і целам.

– Ці часта бываеце ў Смаргоні?

– На жаль, не вельмі. Раз у квартал атрымоўваецца. Раней выбіраліся часцей, а цяпер служба не дазваляе. Вядома, там ёсць чым заняцца: дапамагаю маме па гаспадарцы, хаджу на Вілію рыбачыць.

– Ваш старэйшы сын таксама звязаў жыццё з авіяцыяй. Ці шмат у гэтым рашэнні вашага ўплыву?

– Ён скончыў Ульянаўскае вучылішча, грамадзянскую авіяцыю. Якраз на днях пачынае працаваць па першым кантракце. Вядома, я хацеў, каб сын стаў лётчыкам. Але гэта быў яго выбар.

Лётчык – гэта прафесія, у якую з-пад палкі не загоніш. Цяпер мы з ім сталі нашмат бліжэй адзін да аднаго. Столькі новых тэм для абмеркавання – самалёты, навігацыя, аэрадынаміка, усё на свеце!

Андрэй Лук’яновіч з жонкай Святланай.

– А як ставяцца да авіяцыі малодшыя дзеці і жонка?

– Малодшага сына да самалётаў не цягне. А дачка цяпер вучыцца ў тэхнічным універсітэце ў Берліне, спецыяльнасць – эканамічная інфарматыка. Так што ў сцюардэсы не пайшла.

У жонкі асаблівае стаўленне да авіяцыі – яна з такой любоўю і клопатам ставіцца да мужа, сына і нявесткі-пілота, што ўжо сама амаль стала членам лётнага экіпажа.

– З мінулага года вы не толькі камандзір, але і дэпутат Мачулішчанскай выбарчай акругі. Чаму вырашылі балатавацца?

– Дапамагаць людзям – самая важная мэта любога чалавека. Хачу быць карысным для іншых, для гэтага мы ўсе і існуем.

“Лётчыкі – сапраўдныя валадары часу”

– Можаце прыгадаць свой першы самастойны палёт?

– Гэта было выдатна! Зразумела, што гэта вялікая падзея. Не кожнага пускаюць у самастойны палёт. А калі цябе дапусцілі і ты ўсё зрабіў правільна – зваротнай дарогі няма. Толькі вышэй. Эмоцыі перапаўнялі, вядома.

Пасля першага палёту ёсць традыцыя падарыць пачку папяросаў інструктару, а таксама пачаставаць тых, хто дапамагаў падрыхтаваць палёт. Так я тады і зрабіў.

– Цяпер часта падымаецеся ў неба?

– Вельмі. Нават сёння, пасля нашай размовы, буду збірацца ў палёт. Калі ў тыдзень хаця б раз не злётаў – тыдзень выпаў з жыцця.

Тое пачуццё, калі губляеш фізічны кантакт з зямлёй, – неверагоднае, яго ні з чым не параўнаць. І не апісаць. Нікому не шанцуе так, як лётчыкам. Мы з неба бачым такія краявіды, такія ракурсы! Беларуская зямля вельмі прыгожая.

Ілюстрацыйнае фота.

– Што самае прыгожае даводзілася бачыць?

– Цяжка сказаць. Але ўсё лётчыкі ў нейкім сэнсе валадары часу. Напрыклад, палёт з Уладзівастока – гэта восем тысяч кіламетраў, і з-за розніцы ў часе наш дзень расцягваецца на адзінаццаць дадатковых гадзін.

Былі выпадкі, калі некалькі гадзін запар мы любаваліся захадам сонца. Хто яшчэ можа такое пабачыць, калі не лётчык? А світанкі ў палёце наадварот праходзяць вельмі хутка.

– Як жа рэагуе арганізм на такія скачкі часу?

– Медыкі ўсё пралічылі. Калі мы перасякаем пяць гадзінных паясоў, то маем 48 гадзін адпачынку, каб аднавіцца.

– Але ж праца лётчыка – гэта не толькі палёты. Што застаецца за кадрам?

– Так, палёты – толькі вяршыня айсбергу. Ёсць яшчэ арганізацыя, выпаўненне і забеспячэнне палётаў, выкананне задач па прызначэнні. У іх прымае ўдзел увесь асабісты састаў базы – ад ваеннаслужачых тэрміновай службы да камандзіра.

Таму а шостай раніцы я звычайна ўжо тут. А працягласць працоўнага дня залежыць ад пастаўленых задач.

– Што вы больш за ўсё любіце ў сваёй прафесіі?

– Яна ў мяне проста найлепшая, іншай такой няма.

“Калі “лавілі” птушку, то даводзілася выключаць рухавік”

– Ці ёсць у вас нейкія рытуалы, якія вы выконваеце перад палётам?

– Так, напрыклад, абавязкова вітаюся з самалётам, бо ў кожнага лётнага судна ёсць душа. Да яго трэба дакрануцца, абысці яго.

– Ці здараліся ў вашай практыцы надзвычайныя сітуацыі ў небе?

– На шчасце, нічога катастрафічнага. Тэхніка, з якой мы працуем, вельмі надзейная. Бывала такое, што “лавілі” птушку – яна трапляла ў рухавік і даводзілася яго выключаць. Нічога больш сур’ёзнага.

– У вас не было жадання перайсці з ваеннай авіяцыі ў грамадзянскую?

– Такіх прапаноў было вельмі шмат, асабліва калі я стаў камандзірам. Не сакрэт, што фінансавы складнік там больш унушальны. Але мяне не адпусціла пачуццё адказнасці за людзей, за авіяцыю. І не шкадую.

У нашай авіяцыі служаць толькі ідэйныя людзі. “Ёсць такая прафесія – Радзіму абараняць” – і гэта не гучныя словы, так яно і ёсць. З ваеннай авіяцыі часта пераходзіць у грамадзянскую, але гэта асабісты выбар кожнага.

– З якімі эмоцыямі вы глядзіце фільмы пра лётчыкаў? Ці чапляецца прафесійнае вока за нейкія ляпы?

– Бывае такое, асабліва ў сучасных фільмах. Гэта раней карціны здымалі гадамі, там былі добрыя кансультанты. І мы на такіх фільмах вучыліся. А тыя фільмы, што цяпер кляпаюць, – там хапае ляпаў. Але на адзін раз паглядзець – падыдуць.

Калі вас цікавіць авіяцыйная тэматыка, то ўсе палёты можна адсочваць на  flight status.

• Текст доступен на языке: Русский