Чаму нас трасе, калі холадна, і як арганізм хранічнага алкаголіка пачынае забіваць сам сябе?

Цікавосткі пра сваю працу распавяла дзяржаўны медыцынскі судовы эксперт-хімік Маладзечанскага міжрайаддзела Дзяржкамітэта судовых экспертыз Валянціна Яршэвіч.

Як працуе судовы эксперт-хімік

Маладзечанскі аддзел Дзяржкамітэта судовых экспертыз абслугоўвае Маладзечанскі, Вілейскі, Валожынскі і Мядзельскі раёны. Валянціна Яршэвіч працуе тут дзесяць год.

Яе праца з даследаваннямі выглядае так. Эксперт атрымлівае аб’екты – кроў, мачу, частку шклавіднага цела ці іншую частку цела ахвяры. Уся праца ідзе строга па пратаколе, усё неабходна дакладна фіксаваць. Гэта не проста аб’екты, а рэчавыя доказы.

Валянціна Яршэвіч.

Задача эксперта-хіміка – прааналізаваць аб’екты. Напрыклад, ці ёсць ва ўзоры вуглякіслы газ, алкаголь і іншыя рэчывы. Гэта не заўсёды проста. Калі рэчыва праходзіць праз арганізм, яго формула змяняецца. Яно ўзаемадзейнічае з іншымі рэчывамі, штосьці ў формуле можа адваліцца, штосьці дадацца.

А эксперт па формуле на выхадзе павінна зразумець увесь шлях аб’екта і чым жа рэчыва было ў пачатку шляху па арганізме. Сучаснае абсталяванне вельмі дапамагае спецыялісту і дае адказы на складаныя пытанні. Атрыманыя звесткі накіроўваюць эксперту, які дае дакладнае заключэнне, што стала прычынай смерці.

Як арганізм алкаголіка забівае сам сябе

Нярэдкія выпадкі, калі здараюцца перадазіроўкі алкаголем. Для чалавека чатыры праміле – смяротная доза. Канцэнтрацыя алкаголю залежыць ад многіх фактараў – генатыпу, целаскладу, полу, стану здароўя. Хранічныя алкаголікі часам могуць набраць дозу і ў пяць, і ў шэсць праміле.

Ёсць выпадкі, калі алкаголю няшмат або зусім няма. А ў паказчыках выскоквае ізапрапілавы спірт або ацэтон. Гэта рэчывы, якія ў арганізме быць не павінны, атруты.

Хранічнаму алкаголіку не абавязкова выпіць шмат, дастаткова піць доўга.

Тады чалавек атручвае арганізм настолькі, што той сам пачынае выпрацоўваць таксічны прадукт. Арганізм сам сябе забівае рэчывамі – ізапрапілавым спіртам і ацэтонам. У такім выпадку надыходзіць кетаацыдоз – стан арганізма перад смерцю, калі з’яўляюцца такія таксічныя і атрутныя рэчывы. Гэта і прыводзіць да смерці. Пры хранічным алкагалізме праблема не толькі ў тым, што выпрацоўваецца ацэтон і ізапрапанол. Змяняецца бялковы і ферментны абмены, частая рвота.

Такі ж стан можа ўзнікнуць не толькі ад алкаголю, а таксама пры дыябеце, пераахаладжэнні і галаданні. Атрымліваецца, што галадаць нельга, інакш заганяеш арганізм у гэты ступар.

Як арганізм змагаецца за жыццё

Арганізм супраціўляецца вялікім дозам алкаголю. Калі ж бар’ер чалавек пераадолеў, арганізм больш не супраціўляецца і можа набраць шмат праміле.

Калі чалавек не п’е і раптам вырашыў прыняць, цела ўключае ахоўную сістэму. Пачынае рваць, каб выкінуць частку атруты. Смяротныя дозы набіраюць менавіта моцным алкаголем. У найбольшай рызыцы тыя, хто ўжывае неразведзены спірт.

Асобная небяспека чакае тых, хто п’е сурагаты – шклоамывальнікі, шклоачышчальнікі, антыфрызы. У іх складзе ёсць метылавы спірт, сталовая лыжка якога можа выклікаць смерць.

Хто памірае ад алкаголю?

Сярод спраў эксперта ўсе смерці ад алкаголю – мужчынскія, ва ўзросце 30-40 год. Набраць чатыры праміле складана, асабліва для жаночага арганізма. Але нават вялікі ўзровень алкаголю можа стаць не самой прычынай смерці, а прыцягнуць яе.

Напрыклад, нецвярозыя трапляюць у аварыі, засынаюць з непатушанай цыгарэтай, могуць задыхнуцца з-за рвоты. У такіх выпадках алкаголь ускосна прывёў да смерці.

Часам здараюцца выпадкі, што чалавек перад смерцю выпіў шмат, а алкаголю, паводле экспертызы, нямнога. Алкаголь трапіў у страўнік, але адурманьванне пачынаецца тады, калі ён усмоктваецца ў кроў.

Чаму нас трасе, калі холадна

У трупах вызначаюць таксама ўзровень глікагену, якім правяраюць пераахаладжэнне чалавека. Гэта паказчык глюкозы.

Глюкоза неабходная, каб працаваў арганізм. Калі яна ёсць – чалавек у свядомасці, рухаецца. Калі ж цела пераахалоджваецца, пачынае трэсці. Такім чынам арганізм вытрасае з мышцаў, сэрца, пячонкі глікаген. Ён расшчапляецца ў крыві, і такім чынам папаўняецца ўзровень глюкозы.

І толькі калі ўжо арганізм скарыстае ўсе запасы, адключаецца. Калі чалавек памірае ад пераахаладжэння, у яго шкілетнай мышцы глікагену нуль.

Чаму ён памёр?

Эксперт-хімік дае адказы на пытанні, якія біяхімічныя працэсы прывялі чалавека да смерці. Здараецца, сваякі хочуць даведацца больш, чым могуць сказаць спецыялісты. Напрыклад, чаму іх сваяк здзейсніў суіцыд.

На гэта пытанне можна адказаць толькі тое, што смерць наступіла, напрыклад, ад асфіксіі. Што ж прывяло да яе, не адкажуць нават самыя дасканалыя прыборы.