Госця сённяшняга выпуска «Таршэра» – адна са стваральніц праекта «Вуліца стрыт-фуда», сузаснавальніца адукацыйнага цэнтра, маладзечанка Валянціна Сідоркіна. Жанчына расказала пра свой спіс з дзесяці любімых кніг і фільмаў.

Люблю кнігі і фільмы, якія прымушаюць задумацца, перагледзець стаўленне да жыцця, пакідаюць адчуванне дабрыні і святла, жаданне любіць сям’ю і блізкіх.

Чытаю ў асноўным з электроннай кнігі – гэта лепшы падарунак, які атрымала за апошнія гады. Можна знайсці і ўзяць з сабой любую кнігу.

Фільмы гляджу радзей, чым хацелася б, таму выбіраць стараюся максімальна якасныя. Раней было шкада кінуць фільм, не дагледзеўшы, цяпер так і раблю, калі адчуваю, што не дацягвае – шкада часу на пустыя рэчы.

Кнігі

  1. “Віно з дзьмухаўцоў”, Рэй Брэдберы

Самая любімая, самая летняя кніга! Яна напоўненая пахамі, гукамі і пачуццямі. Спякотнае лета ў маленькім гарадку, у якім жывуць звычайныя людзі: хлопчыкі, дзяўчынкі, дарослыя і старыя… Усяго толькі тры месяцы, але гэтыя тры месяцы – цэлае жыццё з мільёнам адкрыццяў!

Успамінаецца сваё сонечнае дзяцінства, і хочацца дзяцінства сваіх дзяцей зрабіць такім жа – светлым, радасным, блізкім да прыроды. “Віно з дзьмухаўцоў” – сапраўдная порцыя чарадзейства, схаваная пад кніжнай вокладкай.

  1. “Другое жыццё Увэ”, Фрэдрык Бакман

І кніга, і аднайменны фільм цудоўныя! Яны пра адзінокага мужчыну, які пасля смерці каханай жонкі пачынае губляць сувязь з рэальнасцю, ні з кім не размаўляючы, часам забываючы нават паесці.

І як жа моцна ён супраціўляецца з’яўленню ў сваім жыцці маладой цяжарнай суседкі, якой пастаянна нешта ад яго трэба! За ёй у яго жыццё чарадой прыходзяць іншыя людзі – і раскрываюць тыя рысы, пра якія і сам Увэ не падазраваў.

  1. “Такі цудоўны дзень”, Айра Левін

Я вялікая прыхільніца антыўтопій, чытаю шмат у такім жанры. Гэтую кнігу была гатовая чытаць ў любы час дня ў любым месцы! Забягае на гадоў на 150-200 наперад, дзе людзі моцна змяніліся: няма больш шкодных звычак, зайздрасці, агрэсіі. Здаецца, ідэальны свет, але вядома, не ўсё так проста.

Сюжэт настолькі непрадказальны – увесь час паварочваў у нечаканы бок. Гэта, напэўна, было адным з галоўных плюсаў кнігі для мяне, а яшчэ тое, што падзеі, якія адбываюцца, учынкі і герояў кнігі нельга падзяліць на белае і чорнае, усё неадназначна.

kinopoisk.ru
  1. “Клуб аматараў кніг і пірагоў з бульбяных ачысткай”, Мэры Эн Шеффер і Эні Бэрроуз.

Пачала чытаць з-за незвычайнай назвы і маёй цікавасці да кніжных клубаў. І аказалася, што гэты раман у лістах цудоўны. Ён прабіваў і на шчырыя слёзы, і на смех у голас. Аказваецца, і ў ваенны час можна радавацца жыццю і захоўваць пачуццё гумару.

Доўга пасля гэтай кнігі ў мяне было шчымліва-светлае пачуццё!

А яшчэ ў рамане ёсць выдатная фраза, якая ў поўнай меры адносіцца і да самога твора: “Добрыя кнігі адбіваюць ўсю ахвоту ад дрэнных”.

  1. “Злая зорка”, Іван Шамякін

З беларускіх аўтараў самы любімы – Шамякін. Гісторыя Чарнобыля паказаная праз жыццё звычайных людзей, такіх жывых і зразумелых, і для мяне зусім па-новаму адкрыўся маштаб таго, што адбылося.

Падобныя эмоцыі былі ад спектакля “Чарнобыльская малітва” ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі і ад кнігі Святланы Алексіевіч – калі толькі слёзы дапамагаюць справіцца з эмоцыямі. Быццам бы і далёка тыя падзеі, і ў той жа час зусім побач, закранулі і маю сям’ю.

  1. “Сага пра Пеўзнэраў”, Анатоль Алексін

Алексіна вельмі шмат чытала ў старэйшых класах – бо і пісаў ён шмат чаго для падлеткаў. Якая ў яго мова!

“Сагу пра Пеўзнэраў” прачытала некалькі месяцаў таму ўпершыню. Кніга да глыбіні душы мяне ўразіла. Яна распавядае пра яўрэйскую сям’ю – бацькоў і траіх блізнят, што праходзяць праз пасляваенныя падзеі ў СССР, якія выклікаюць адчуванне безвыходнасці і здзіўлення: няўжо такое магло быць?

Кніга, цудоўная па напале і трагічнасці, душу вывернула навыварат і прымусіла падумаць пра тое, пра што я так востра не думала раней: наколькі гэта важна – жыць, не звяртаючы ўвагі на прозвішчы і нацыянальнасці.

Фільмы

  1. “Стажор”

Фільм пра 70-гадовым ўдаўца, які рызыкнуў ўладкавацца стажорам у буйную інтэрнэт-фірму па продажы адзення. Яго задача – дапамагаць Джулс, маладому кіраўніку, заснавальніку фірмы, жанчыне з нялёгкім на першы погляд характарам.

Фільм спадабаўся, напэўна, яшчэ і таму, што вельмі цікава было назіраць за бізнесам і стылем працы Джулс. Дзяўчатам ў бізнэсе “Стажор” дакладна спадабаецца.

  1. “Жыццё па Джэйн Осцін”

Столькі кахання і гармоніі ў гэтым фільме! Паглядзела зусім выпадкова, і з таго часу перагледзела не раз. Пяць жанчын і адзін мужчына ствараюць кніжны клуб для абмеркавання кніг знакамітай пісьменніцы.

А пакуль чытаюць і абмяркоўваюць кнігі, паралельна імкнуцца разабрацца са сваімі душэўнымі перажываннямі, якія на самай справе не вельмі далёкія ад перажыванняў літаратурных герояў.

І кожны знаходзіць для сябе адказ. Менавіта з гэтага фільма пачалася мая цікавасць да кніжных клубаў.

У Маладзечне ён таксама як раз з’явіўся, такі доўгачаканы для мяне, хутка першая сустрэча!

  1. “Заплаці іншаму”

Даўно і горача любімы фільм, які дае штуршок паспрабаваць змяніць свет, ці хаця б зрабіць невялікую добрую справу для таго, хто побач. Выконваючы школьнае заданне, хлопчык прыдумляе сістэму “заплаці іншаму”: ты робіш камусьці добрую справу і просіш яго дапамагчы іншым тром людзям, кожны з якіх, у сваю чаргу, аддзячыць яшчэ траім і так далей па ланцужку. Фільм прымушае зрабіць два высновы:

  • Гэта ж рэальна, вельмі проста і можа працаваць, чаму б і не?
  • Трэба верыць у дзяцей і даваць ім бязмежную прастору для творчасці і фантазіі.

10. Серыял “Гэта мы”

Серыялаў на маім рахунку не шмат, і большасць былі досыць цяжкімі. Як жа я ўзрадавалася, калі знайшла серыял “Гэта мы”! Ён настолькі просты, зразумелы, лагічны, і самае галоўнае, светлы.

Сям’і, пра якую ідзе гаворка, сапраўды верыш і суперажываеш – яны цудоўныя ў сваёй неідэальнасці. Думаю, кожны зможа адшукаць у адным з герояў сябе. Але самае галоўнае, серыял пра каханне: ён вучыць любіць і прымаць не толькі сваю сям’ю, але і сябе такім, як ты ёсць.