Пра выпадкі, калі існуюць бясспрэчныя паказанні да выдалення зуба, а жорсткіх супрацьпаказанняў няма

Штогод на Беларусі некалькі пацыентаў паміраюць з-за зубных і калязубных прычын. Гэты артыкул для тых, хто хоча выдаліць зуб, але застацца ў жывых.

Калі выдаляць зуб

Ідэальны момант для выдалення зуба такі: вы адпачылі, добра пачуваецеся, старыя раны і хваробы маўчаць, нікуды не спяшаецеся, цягам наступнага тыдня не чакае фотасесія, вяселле, лазня, даклад на асамблеі ААН, узыходжанне на Эверэст, пагружэнне ў Марыянскую ўпадзіну і неўзараны дачны ўчастак. А на руках рэнтгенаўскі здымак вашага героя ў поўны рост разам з суседзямі па зубным шэрагу.

Дамы, для вас ідэальны момант – калі месячныя нядаўна скончыліся ці бліжэйшым тыднем не пачнуцца.

Памылкі на перадаперацыйным этапе

Вось забаліць, тады

Боль сведчыць пра абвастрэнне: інфекцыя сабрала вялікае войска, дачакалася, пакуль аслаблі абарончыя сілы цела, і атакуе. Вы з лейкацытамі ў меншасці.

Боль у зубе, якому прысуд вынеслі даўно, – гэта ўжо ўскладненне, вы рызыкуеце захварэць усур’ёз і надоўга.

Боль – кепскія ўмовы для анестэзіі.

Вось перастане балець, тады

Сярод 40 ложкаў гнойнай сківічна-тваравай хірургіі 1-й мінскай клінічнай бальніцы мінімум 20 круглы год запоўненыя тымі, у каго само не прайшло.

На памяць пра марныя надзеі застаюцца бяззубыя раты і шабельныя шнары на твары. За год 1-2 чалавекі выпісваюцца праз морг.

Калі зубны боль дапоўнілі ацёк, асабліва, калі ацёклыя ўчасткі цвёрдыя, чырвоныя і баляць, тэмпература, моцны боль пры глытанні, пры спробе раскрыць рот, калі кепска рухаецца альбо не змяшчаецца ў рот язык, з’яўляюцца цяжкасці з дыханнем  – вашае жыццё пад пагрозай.

У асобных выпадках чалавек можа згубіць крытыку свайго стану; атручэнне арганізма гноем выклікае суб’ектыўна ілюзію паляпшэння. Гэта – інтаксікацыйны дэлірый, трызненне, і, калі вы бачыце такога чалавека, ведайце: лік ягонага жыцця ідзе на гадзіны.

Падумаеш, інфаркт

Калі вы маеце праблемы са здароўем, а менавіта: перанеслі інфаркт ці інсульт, хіміятэрапію ці апраменьванне, маеце дыябет ці эпілепсію, цыроз печані, лейкоз ці гемафілію, арытмію, анеўрызму, цяжарнасць любога тэрміну, і не папярэдзілі свайго доктара, вы:

а) клінічны ідыёт

б) камікадзэ – імкняцеся памерці самі і паламаць кар’еру доктару.

Мае значэнне, на што вы хварэеце і якія лекі прымаеце. Рэдкі дзень у нашай бальніцы абыходзіцца без таго, каб сціплыя сардэчнікі, якім прызначаны варфарын, не прыязджалі з бледным выглядам і поўным ротам крыві.

А трэба было папярэдзіць хірурга, здаць аналіз на хуткасць згусання крыві, пры патрэбе – пад наглядам кардыёлага перапыніць прыём варфарыну, знізіць дозу ці замяніць. Складана? Да кардыёлага не трапіць? Аналагі варфарыну не па кішэні? Накіруюць выдаляць у бальніцу? Значыць, ваш выбар – сысці крывёй. А «хуткую» навошта выклікалі?

Не буду есці, каб не званітаваць, мець чыстыя зубы, не патыхала з рота

Голад + смага + страх + лекі + страта крыві = агульная слабасць. Можна страціць каардынацыю ці нават знепрытомнець.

Знепрытомнець = упасці = атрымаць траўму: разбіць твар ці галаву, зламаць сківіцу ці іншую костку, пашкодзіцца аб шкло, пліту, станок – падзенне небяспечнае і ў медыцынскай установе, і на вуліцы, і ў транспарце, і дома, і на працы.

Страта прытомнасці можа суправаджацца сутаргамі. Памножце рызыку.

Рэальнасць беларуса выглядае так: прамучыцца з хворым зубам некалькі дзён без нармальнай ежы ды сну, на пачках абязбольвальных, пайсці а пятай за талонам на другую змену, адмучыцца паўдня на працы, збегчы ў паліклініку, адседзець чаргу да кабінета, атрымаць накіраванне на рэнтген, адседзець чаргу, дачакацца здымка, адседзець чаргу, перанесці аперацыю і пачуць… Правільна: дзве гадзіны не есці! (Насамрэч – болей, чаму – будзе ніжэй.)

А чаму гэта мне стала кепска, задаецца пытаннем рэальны беларус пасля лячэння ў доктара. Добра, калі млоснасць напаткала ў стаматалагічным крэсле. Тут акажуць тэрміновую дапамогу.

Калі вам не есца, не значыць, што можна не есці перад прыёмам да дантыста. Адзінае выключэнне – перад агульным наркозам. Пасля яго вас ніхто нагамі нікуды не вядзе, а вязуць на каталцы – з чаго б гэта, як думаеце?

Нават калі на зуб не накусіць ад болю, выйсцяў процьма: любыя віды дзіцячага харчавання, канцэнтраваныя булёны ці разведзеныя пюрэ, каларыйныя напоі – смакчыце праз саломінку. Марозіва з’ешце: холад дапаможа часова зменшыць ацёк, цукар ды тлушч падтрымаюць сілы, эндарфіны падымуць настрой.

Дзе выдаляць зуб, вы добра пачуваецеся

Там, дзе вы давяраеце доктару. Добры доктар – не той, хто робіць, як падабаецца вам, а той, хто даступна тлумачыць, што для вас лепей. Выбар медыцынскай установы і спецыяліста за вамі.

Плюс, які цяжка пераацаніць, – магчымасць на месцы зрабіць рэнтген.

Варта ўлічваць: аперацыя выдалення зуба можа запатрабаваць назірання ў пасляаперацыйным перыядзе. Удакладніце, за чый кошт будуць перавязкі. Спытайцеся, ці выдадуць вам лісток непрацаздольнасці, калі для вас гэта актуальна.

«Усыпіце мяне!»

Наркоз – гэта падарожжа на той свет без гарантыі вяртання.

Паказанні: дзеці да пяці год, псіхічна хворыя, алергікі, якім нельга падабраць прэпарат для мясцовай анестэзіі нават пад прыкрыццём гармонаў. Выпадкі, калі аперацыйнае поле вялікае, і такая колькасць лекаў можа быць таксічнай – неабходна некалькі разрэзаў з глыбокім пранікненнем.

Шаноўныя напалоханыя стаматолагамі! Ваш выбар мусіць супасці з выбарам спецыяліста – анестэзіёлага, які адказвае за ваша жыццё. Дантысту, па вялікім рахунку, пляваць, спіце вы ці дрэмлеце. Наркозам кіруюць анестэзіёлагі, але яны могуць толькі перавезці вас на той бок Леты. Вяртанне адтуль – іншая справа. Як казаў Д’Артаньян, не турбуйцеся, спадарства, назад мы вернемся не ўсе.

Ну, вось вы і ў крэсле. Выдаленню зуба папярэднічае анестэзія. І так павінна быць у кожным разе. Калі ад пацыента патрабуецца гераізм, значыць, у доктара адсутнічае прафесіяналізм.

Падвойная доза замарозкі

Замарозка можа не браць з розных прычын.

Галоўная з іх – адсутнасць даверу да канкрэтнага доктара, прычына значэння не мае.

Другая – доктар рэдка практыкуецца ў тэхніцы анестэзіі, таму коле не туды. Сучасныя лекі і шпрыцы дазваляюць рабіць анестэзію каля зуба, пры гэтым рызыка ўскладненняў мінімальная, і прэпарата трэба менш. Але прыйдзе той пацыент, якому трэба больш глыбокая анестэзія, а яе апошні раз доктар рабіў у студэнцтве, і не сам.

Трэцяя прычына – казуістычная: гэтаму чалавеку гэты лек, што вада. Насамрэч нават у наркаманаў анестэзія наступае, хоць успрымаецца не так выразна. Іншых прычын, на маю прафесійную думку, няма. Ёсць адно але: усё ж анатомія розніцца, і нават дасведчаны доктар можа з першага разу выключыць толькі частку нервовых ствалоў. Але прафесіянал адчувае, як укалоць другі раз, каб не спатрэбіўся трэці – восьмы.

Каб не хвалявацца дарма

Анестэзія зубоў наступае не адразу, не імгненна, можа і 15 хвілін наступаць. Чым таўсцейшы нервовы ствол, тым даўжэй. Зверху хутчэй, чым знізу. Спераду – хутчэй, чым ззаду.  Калі мозг прызвычаіцца, можа з’явіцца адчуванне, што анестэзія заканчвае дзейнічаць. Сучасныя прэпараты выключаюць нервы на некалькі гадзін.

Анестэзія выключае не ўсю адчувальнасць, а боль. Як правіла, вы адчуваеце дотык, ціск. Не прымайце гэта за боль: вы прысутнічаеце на аперацыі, мозг, які атрымлівае скажоную інфармацыю, лёгка панікуе і спрабуе патлумачыць карціну на свой лад. Нехта можа літаральна не адчуваць, ці ёсць у яго губа, але, дакрануўшыся языком, спалохацца: я ўсё адчуваю! Гэта натуральна: язык жа не замарожаны.

Існуюць канкрэтныя крытэры наступлення канкрэтнай анестэзіі, яны залежаць ад таго, які нерв выключаецца. Калі вам абязболілі верхні зуб, не чакайце, што занямее язык, як у суседа, якому абязболілі ніжні зуб.

Увогуле, не прымярайце на сябе суседскую шкуру. Што, у вас усё ж і язык адубеў? Не, вы не марсіянін: канюля на шпрыц была насунутая няшчыльна, прэпарат капнуў вам на язык.

Пры абязбольванні ніжніх задніх і бакавых зубоў у вас можа з’явіцца здранцвенне, адчуванне мурашак на баку анестэзіі: у палове ніжняй губы, вобласці кута рота, шчацэ, зубах і дзяснах, кончыку ці краёчку языка. Гэта класіка.

Бонусам у асобных шчасліўчыкаў ідзе: здранцвенне вушной ракавіны, сценкі глоткі, вока – аж да немагчымасці заплюшчыцца. Гэта варыянты нормы, усё мінецца разам з анестэзіяй. Здараецца такое і пры абязбольванні верхніх зубоў мудрасці.

Фразу «дзве гадзіны не есці», да сэнсу якой я буду вяртацца ніжэй, трэба ўспрымаць так: «дзве гадзіны не есці, і нават даўжэй, пакуль не адновіцца адчувальнасць у роце». Іначай вы рызыкуеце сябе моцна ўкусіць, бываюць глыбокія раны.

У рэдкіх выпадках боль усё ж адчуваецца, як правіла, калі зуб балеў працяглы час. Гэта хімія: кіслы асяродак запалення не спрыяе працы анестэтыку. Скажыце стаматолагу, у які момант вам баліць. Калі можна нешта з гэтым зрабіць, ён зробіць.

У тых, хто панікуе, анестэзія як след возьмецца на аўтобусным прыпынку па дарозе дамоў. Яно вам трэба? Значыць, не панікуйце.

Колькі мусіць доўжыцца выдаленне зуба

Ад пяці секунд да двух гадзін і даўжэй. Дасведчаны хірург мае прадчуванне, але заўсёды агаворыцца: калі пойдзе так, як выглядае. Гарантаваць можна адно: ніводзін доктар не стане доўжыць маніпуляцыю звыш патрэбы, нават калі прыплаціце.

Кантрольныя рэнтгенаграмы падчас аперацыі – не марная доза радыяцыі, а спосаб пазбегнуць цяжкіх ускладненняў і паскорыць працэс.

«Яна такая маленькая, у яе проста не хопіць сілы!»

З таго моманту, як з’явіліся хірургічныя стаматалагічныя прылады, хірургу-стаматолагу патрэбная толькі сіла волі, астатняе вырашае тэхніка і кантакт з пацыентам.

Веданне анатоміі + адчуванне фізікі працэсу + кантакт з пацыентам = выдаленне зуба.

Калі любы са складнікаў замяніць на фізічную сілу, сума зменіцца ці на «траўматычнае выдаленне зуба з наступствамі» альбо на «выдаленне зуба іншым хірургам», як пашанцуе.

На волю з чыстым сумленнем?

Дапусцім, вы ўсё яшчэ жывыя. Не расслабляйцеся. Пасляаперацыйныя ўскладненні затаіліся ў кустах. У параўнальна здаровых людзей іх два:

А) інфекцыя на маршы

Б) кровацячэнне.

Не, вам не занеслі інфекцыю. Вы з гэтай інфекцыяй жывяце з той секунды, як вашая мама ўпершыню аблізала вашую пустышку. Проста маніфестуе інфекцыя не круглыя суткі, ад пры зручным выпадку. Выдалены зуб нічога не гарантуе. Пакінуты хворы зуб гарантуе пагаршэнне. Такі расклад.

Самае бяскрыўднае ўскладненне – пустая лунка. Ідэальны варыянт – лунка пасля выдалення запоўнілася крывёй, кроў сгусцілася ў жоўценькі фібрын – найлепшая біялагічная павязка, пад якой усё зажывае бы на сабаку.

Парады дзве гадзіны не есці, рот не паласкаць, зубы не чысціць, не перанапружвацца, у лазню не хадзіць, цяжкое не падымаць і іншыя скіраваныя на захаванне фібрынавай плёнкі і папярэджанне кровацячэння.

Дзеля пункта А існуюць антыбіётыкі ды антысептыкі, тут проста слухайце доктара. Разбяром пункт Б у табліцы.

Перачытайце абзац пра ідэальны момант для выдалення зуба. Усё вельмі проста, праўда?

• Текст доступен на языке: Русский