Фота nn.by.

Беларусы вырабілі дэсерт, які дагэтуль не выпускалі сусветныя вытворцы. Марозіва «Белы полюс» з пялёсткамі валошак і насеннем лёну ў жытнёвым кубачку мінчукі змогуць пакаштаваць з 13 мая. Цана 90-грамовай порцыі з першай партыі — рубель 50 капеек, піша Наша ніва.

Беларускі трэнд на валошкі задаў стагоддзе таму паэт Максім Багдановіч, а цяпер гэтыя кветкі з’яўляюцца на самалётах, шыльдах рэстаранаў і нават у марозіве. Нацыянальны дэсерт з «кветак радзімы» вырабіла найстарэйшая ў Беларусі фабрыка марозіва «Белы полюс».

Валошка — не адзіная беларуская фішка: пламбір змяшчае насенне лёну, а кубачак — жытнёвую муку. Задумка вытворцаў — стварыць прадукт, пакаштаваўшы які, турыст у літаральным сэнсе адчуе Беларусь на смак.

«Мы даўно заўважылі, што простае пытанне турыста «што незвычайнае можна пакаштаваць у Беларусі?» ставіць у тупік нашых людзей, якія адразу прыгадваюць толькі дранікі. Спадзяёмся, што валошкавы пламбір вырашыць праблему. Малочная аснова марозіва дапаўняецца кветкава-травяным водарам, а калі здараецца раскусіць зерне лёну, адчуваецца салодкі мядова-масляны прысмак», — каментуе намеснік дырэктара па маркетынгу «Белага полюса» Максім Журовіч.

Брэнд прасоўвае беларускую мову і культурныя сімвалы. З сярэдзіны мая валошкавы пламбір стануць паступова завозіць у супермаркеты сталіцы ды іншых беларускіх гарадоў. Экспартаваць дэсерт за межы краіны вытворцы адмовіліся прынцыпова, каб пакінуць разынку (дакладней валошку) «толькі ў Беларусі і нідзе болей».