«Есць, ажно вушы трашчаць» – так кажуць пра людзей з добрым апетытам. Ахвота смяяцца, аднак, прападае, калі трэск, шчоўканне, храбусценне ды іншыя трывожныя гукі пасяляюцца за ўласнымі вушамі, а калі быць дакладным – перад вушамі.

Акурат там знаходзяцца тыя шчаўкунчыкі, якія носяць шляхетнае імя: скронева-ніжнясківічныя суставы.

Спачатку турбуе не вельмі прыемны гукавы эфект, які можна і не заўважаць. Але аднойчы да храбусцення далучыцца боль і абмежаванне руху ніжняй сківіцы, з-за болю вы не зможаце як след адкрыць рот.

Гэта пройдзе, ад такога не паміраюць. Але паўторыцца. Таму прапаную разабрацца, што не так, што можна з гэтым рабіць, а чаго лепей не рабіць.

Сустаў – гэта рухомае спалучэнне двух (трох) костак, з якіх адна – выпуклая, другая – угнутая, і некалькіх груп мышцаў, якія мацуюцца рознымі канцамі на розныя косткі, і менавіта яны рухаюць сустаў. Калі ўвогнутая і выпуклая паверхні некангруэнтныя (не дапасуюцца, як ключ да замка), між імі будзе храсток, як у калене, напрыклад. Называецца меніск, і вісіць гэты храсток на звязках, крыху соваючыся ў адпаведнасці з рухамі костак абапал яго.

Гэты сустаў – парны, ён рухаецца ў трох плоскасцях, мае сустаўны дыск-меніск. Чым жа ён розніцца ад астатніх? Зубамі. На рухі любой часткі цела ўплывае стан костак, храсткоў, сустаўных сумак, мышцаў, сухажылляў, нерваў і сасудаў. На суставы ніжняй сківіцы ўплываюць яшчэ і зубы.

Фігурысты, гімнасты і танцоры дасканала валодаюць суставамі цела. Але ніхто з іх не адчуе макавага зерня, пакладзенага ў сагнутае калена ці локаць. Многія людзі не адчуюць такую драбязу нават у пальцах. А паміж верхніх і ніжніх зубоў адчуе кожны. Мы можам грызці арэхі і згінаць зубамі сталёвы дрот. А можам гадзінамі трымаць у роце яйка ці злёгку пажаваць уласны язык, не прычыніўшы болю і шкоды. Пачухайце ніжнімі зубамі верхнія, ацаніце тонкую настройку вашай сківічнай сістэмы.

Што ж прымушае такі дасканалы механізм рыпець і барахліць?

  1. Вострая траўма

Увесь арсенал байцоўскіх прыёмаў, прыкладзены да любога месца вашай сківіцы, выклікае траўму абодвух суставаў. Тое ж датычыцца падзення на падбародак. Невялічкія сустаўныя галоўкі, ратуючы галаўны мозг ад сур’ёзнай траўмы, не проста ламаюцца – літаральна складваюцца, разрываючы не толькі звязачкі меніска, але і сустаўную капсулу, а ў цяжкіх выпадках – нават вонкавы слыхавы праход.

Адламаная косная частка можа сама прырасці на месца, а калі плошча кантакта са сківіцай недастатковая ці кантакту няма, адламаны фрагмент з часам рассмокчацца, а рэшта сківіцы, цалкам верагодна, вырасціць новую сустаўную галоўку. Хай не такую дасканалую, але дастатковую, каб сустаў-напарнік не застаўся без партнёра. А вось звязачкі меніска, небаракі, цяжка аднаўляюцца нават пасля моцнага ўдару сустава, калі пералом не адбыўся, але ўдар быў моцны.

Бывае так, што сустаўная ўпадзіна неглыбокая, сустаўная галоўка ад прыроды пляскатая, і пры моцным крыку, сутаргах, шматразовых ванітах ці спробах празмерна адкрыць рот звязкі груба расцягваюцца, сківіца выскоквае з сустава. Рот адкрыўся – і сам закрыцца не можа.

Дыск-меніск пачне правісаць, боўтацца і зашчамляцца між чэрапам ды сківіцай, а потым саскокваць – і мы гэта адчуем, як храбусценне ці шчоўканне.

Што трэба рабіць?

Пры кожнай траўме сківіцы звяртацца да сківічна-тваравага хірурга ці хірурга-стаматолага. Ён распіша схему лячэння і рэабілітацыі.

Агульныя парады:

– холад двое сутак пасля траўмы (лепей па 10-15 хвілін на кожны сустаў напераменку, нават калі баліць толькі з аднаго боку);

– кругавая павязка эластычным бінтам, якая падтрымлівае рот закрытым без удзелу вашых мышцаў (зубы па магчымасці самкнёныя ў звыклым прыкусе), першыя дні – круглыя суткі, потым – падчас сну, агулам два тыдні;

– абязбольвальныя прэпараты, але не аспірын, не цытрамон ды іхнія джэнерыкі;

– катэгарычна забаронена на два тыдні кусаць, жаваць грубую ежу ці жуйку, пазяхаць, шмат і гучна размаўляць, спяваць, псіхаваць, прастываць, труціцца, лячыць і выдаляць зубы (толькі па жыццёвых паказаннях).

Ідэальна: нямая рыба ў намордніку, якая ў цёплым утульным акварыуме смокча дзіцячае харчаванне і супы-пюрэ праз саломінку і размаўляе толькі на мігах з выключна прыемнымі людзьмі.

  1. Хранічная траўма

Прырода дала чалавеку тры дзясяткі зубоў і размясціла іх ідэальным чынам, каб разцы адкусвалі, клыкі адрывалі, карэнныя зубы перамолвалі, прычым на правы і левы бок прыходзілася аднолькава раўнамерная нагрузка.

У вас не так? А калі вы хочаце мець добрыя скронева-ніжнясківічныя суставы, павінна быць так. І дапамогуць вам стаматолагі-артапеды.

План лячэння будзе вельмі індывідуальны, і ў той жа час даволі падобны:

А) Залячыць усё, што трэба, уключаючы прафесійную гігіену, карыес, дэфекты зубоў і пломбаў, дзясны; шыніраваць зубы, калі гэта неабходна.

Б) Выдаліць усё, што не можа быць якасна залечана, асаблівую ўвагу – зубам «мудрасці». Калі яны лезуць «не ў дугу», варта развітацца, хай сабе карыес іх нават не крануў.

В) пры дапамозе пратэзаў, пломбаў, аклюзійных накладак аднавіць форму і змест зубных шэрагаў, наблізіўшыся да вышэй апісанага ідэалу.

Г) маладым зубатым асобам любога веку паказаная перыядычная прышліфоўка зубоў. Ведаеце, як падганяюць пломбу пры дапамозе капіравальнай паперы? Вось так можна праверыць, на якім месцы сківіца «падскоквае на ўхабе», наносячы дробную шкоду суставу, якая рана ці позна матэрыялізуецца ў боль, храбусценне і іншую трасцу.

Лёгкі дотык бормашыны да праблемнай кропкі – і сківіца пачынае слізгаць як трэба. Для зубоў гэта не шкодна: зубы мусяць паступова сцірацца, гэта прадугледжана эвалюцыяй. Толькі сціранне не заўжды адбываецца раўнамерна, і гэта варта падправіць.

Д) выпраўленне прыкусу, калі дазваляе ўзрост і стан здароўя.

Тое, што прыкус можна выправіць у кожным узросце – абсалютная праўда. Але варта ведаць яшчэ дзве праўды:

– не любы стан зубоў  (і не любы стан агульнага здароўя) дазваляе выпраўленне прыкусу;

–  калі прыкус выправіць, а звычкі, сфармаваныя дзесяцігоддзямі, пакінуць, хутка пасля лячэння ўсё стане як было, толькі горш, і мінус грошы і патрачаны час.

Для аматараў тонкасцяў: на прыкус уплывае дыханне, жаванне, глытанне, міміка, мова і асаблівасці маўлення, пастава, у тым ліку – падчас сну, харчаванне, псіхічны стан і гарманальны фон. І шкодныя звычкі. А здольнасць зафіксаваць станоўчыя вынікі лячэння моцна звязаная з агульным станам: дыябет, астэапароз, праблемы шчытападобнай залозы і процьма іншых пашыраных дыягназаў.

  1. Псіхічная траўма

Схема простая, як тэарэма Піфагора:

Хранічны стрэс – няправільная пастава – паталагічны тонус мышцаў шыі – паталагічны тонус мышцаў твару. Востры стрэс – крык альбо сцісканне зубоў – спазм мышцаў твару. Гэта прыводзіць да няправільнай траекторыі ніжняй сківіцы.

Паколькі пазбавіцца стрэсаў – утопія, ідзём насустрач здароўю адразу трыма шляхамі:

– медытацыі-рэлаксацыі-аўтатрэнінгі;

– седатыўныя прэпараты-супакойвальныя працэдуры;

– гімнастыкі-масажы-кінэзіятэрапіі.

Ці перастане шчоўкаць? Перастане, пры адной умове: катэгарычна нельга правяраць, а ці перастала шчоўкаць. Прывучыцеся адкрываць рот, не даводзячы да таго моманту, пакуль трэсне. Тады і храбусцець перастане, і балець не пачне.