У Вільню едуць за ўражаннямі, атмасферай, адпачынкам. Нехта прыязджае сюды на святы да сваякоў. Іншыя спадзяюцца танна закупіцца рэчамі. Некаторыя едуць на вучобу. Але ядуць усе. Мы прайшліся па Вільні і паглядзелі, наколькі адрозніваюцца цэны на ежу ад маладзечанскіх.

Раніца. Вы выйшлі з цягніка ў Вільні, падняліся па эскалатары, пайшлі па каву. Бліжэйшая на вакзале прадаецца ў аўтамаце, які знаходзіцца ў накірунку білетных кас. Кава тут каштуе 1 рубель 89 капеек, прычым без розніцы, якой аддаяце перавагу – макачына ці звычайнай чорнай. Кошт аднолькавы. Нават для чаю і булёну, што таксама тут ёсць.

Што рабіць, калі любіце натуральную каву? За дзесяць рублёў прапаноўваюць 500 грамаў молатай кавы па акцыі, цана без зніжак – 15 рублёў. Да прыкладу, “Лавацца” ў бляшанцы абыдзецца ў 13 рублёў 50 капеек. Удвая меншы аб’ём каштуе звычайна шэсць-сем рублёў. А калі любіце каву ў пакеціках, цэны вам спадабаюцца – ад 30 да 55 капеек. Напрыклад, “Нескафэ” каштуе 0,54 рубля.

А што наконт кафэ? Недзе можна папіць кавы па “дэмакратычнай” цане за 2 рублі 30 капеек. Найвялікшая цана, што знайшлі, – 10 рублёў. І гэта не дарагі рэстаран, і кава не з золата – па такой цане прапаноўваюць каву з алкаголем, напрыклад, па-ірландску. Пакецік пернікаў да кавы ў краме можаце набыць за 1 рубель 30 капеек.

Магчыма, вы ўжо прагаладаліся, паглядзім, што ляжыць на прылаўках.

Слоік “Нутэлы” каштуе крыху менш за восем рублёў, эквівалент удвая танней. За кілаграм мандарынаў у краме бяруць каля трох рублёў. Вінаград па акцыі каштуе пяць. Агуркі прапаноўваюць па 3 рублі 50 капеек. Па такой жа цане можаце набыць пекінскую капусту.

Цэны на цукар вар’іруюцца ад 1 рубля 10 капеек да двух рублёў. Пакет звычайнай солі абыдзецца ў 1 рубель 30 капеек. Самую танную знайшлі па 92 капейкі. На прылаўках таксама можна сустрэць марскую соль. Каштуе прыкладна 2 рублі 30 капеек. Соду прапаноўваюць па 1 рублю 15 капеек.

Масла каштуе 4 рублі 50 капеек. 720 мл маянэзу ў шкляным слоіку – крыху менш за пяць рублёў. Самыя танныя яйкі, што знайшлі – дзясятак – каштуюць 2 рублі 34 капейкі. Літр малака 3,2% тлустасці ў каробцы прапаноўваюць за 2 рублі 30 капеек. Малако 2,5% тлустасці – менш чым за два рублі. Паўлітра можна набыць за 1 рубель 40. Кошт малака ў пакеце пачынаецца ад 1 рубля 50 капеек. За кілаграм 9% тварагу аддасце 10 рублёў. Тварожныя сыркі прапаноўваюць прыкладна па рублю.

Сыр ва ўпакоўцы – ад трох рублёў. 900 грамаў кефіру каштуюць 2 рублі 60 капеек. За 400 грамаў смятаны аддасце на 30 капеек менш.

Дзіўна, але ў крамах можна сустрэць жуйку ў цюбіку. Трэба адкруціць накрыўку і выціснуць, колькі трэба. Каштуе 2 рублі 25 капеек.

У крамах шмат сасісак менавіта ва ўпакоўках. Цана за 12 штук – каля 10 рублёў. 13 рублёў  просяць за кілаграм філе свініны гарачага вэнджання. Слоік селядцоў па акцыі каштуе крыху менш за два рублі. Без акцыі можна знайсці і за пяць. У два рублі абыдзецца кансерваваная кукуруза.

Паўлітра мінеральнай вады з газам прапаноўваюць за 1 рубель 70 капеек. “Стандартны” торт каштуе прыкладна 16 рублёў.

Для аматараў “хуткага перакусу” прапаноўваюць “Ролтан”. Ён абыдзецца ў 65 капеек.

А што ў кавярні

Калі стаміліся хадзіць па краме, завітайце ў кафэ, рэстаран ці бар, іх тут шмат.

Макарону з курыцай і грыбамі можна замовіць за 14 рублёў, бульба  фры з кетчупам каштуе ад васьмі да дзесяці. З закусак папулярныя аліўкі па пяць рублёў і сухарыкі з часнаком за два пяцьдзясят. Такія ж сухарыкі з сырам і маянэзам каштуюць амаль пяць рублёў. 200 мл соку можна знайсці за два рублі 30 капеек.

А яшчэ заўжды можна замовіць піцу. 50-сантыметровая абыдзецца ў 26 рублёў. Хаця, у залежнасці ад складу, цана піцы такога памеру можа пераваліць за 50.

За кілаграм мандарынаў у краме бяруць каля трох рублёў.

Фота аўтара.

 

• Текст доступен на языке: Русский