Каля 130 матацыклаў стартавала з плошчы Старое Места. Байкеры былі не толькі з Маладзечна, але і рэгіёна –  Нарачы, Вілейкі, Ашмянаў, Астраўца, Смаргоні.

Таксама Маладзечна наведалі прадстаўнікі Крупак, Мінска, Брэста, Крычава. Узрост мотааматараў – ад 18 да 60 гадоў, стаж ва ўсіх розны. За рулём былі і некалькі дзяўчат.

Калона праехала па Цэнтральнай плошчы, а потым здзейсніла стокіламетровы прабег уздоўж Вілейскага вадасховішча.

– Так маштабна адкрываем сезон другі раз. “Тусяць” з намі незалежна ад катэгорыі пасведчання кіроўцы і тыпу матацыкла. Галоўнае, каб чалавек быў добры. Мы заўжды адкрытыя для зносінаў, – расказаў адзін з арганізатараў мерапрыемства матацыкліст Андрэй Рухля.

Спявалі “Песеньку маманцяняці”

Пасля мотапрабегу байкеры адправіліся адпачываць у адну з кавярняў Маладзечна. Урачыстасць пачалася з узняцця флага свабодных байкераў.  Яго падняў 13-гадовы Марат Дасюкевіч. Бацька хлопца, Пётр, водзіць байк.

У кавярні спявалі, гутарылі, танцавалі і ладзілі шматлікія конкурсы. Вядоўцы далі байкерам перамешаныя вараныя і сырыя яйкі і прапанавалі разбіць іх аб галаву. Такая “яйкавая рулетка”. У выніку ўсе яйкі аказаліся варанымі. Таксама матацыклісты ігралі на імправізаваных інструментах. Да прыкладу, замест барабанных палачак выкарыстоўвалі доўгія паветраныя шарыкі, а падчас ігры спявалі “Песеньку маманцяняці”.

Падчас аднаго з конкурсаў байкеры забівалі цвікі ў бервяно малаткамі, спецыяльна зробленымі для спаборніцтва – яны былі меншымі за звычайныя. А яшчэ канкурсанты агучвалі, як шуміць іх матацыкл.

Паміж конкурсамі ладзілі латарэі – са шлема выцягвалі нумары тых, хто набыў білет на мерапрыемства. Разыгрывалі кубкі і наклейкі. Адзін з удзельнікаў захацеў дапамагчы і выцягнуць нумар пераможцы. І дастаў свой нумар.

Важная не дарога, а хуткасць

Байкер з Нарачы Сяргей Латушкін за рулём матацыкла ад 16 гадоў. У 21 год перайшоў на транспарт японскай вытворчасці і ўжо дзесяць гадоў катаецца на ім. Меў Yamaha YZF600R Thundercat, потым Yamaha R1, цяпер ужо пяты сезон водзіць Yamaha FZ6 S2.

Сяргей Латушкін.

Кажа, звычайна ўдзельнічае ў адкрыцці, прычым не толькі ў Маладзечне: бываў у Паставах, Смаргоні, Астраўцы. А вось у Мядзеле адкрыцця не было. Па словах Сяргея, там вельмі мала матацыклістаў і збірацца асабліва ніхто не хоча.

Бліц-апытанне для Сяргея:

– Байк – гэта панты ці лад жыцця?

– Лад жыцця, прызванне душы і цела, аўто – зусім не тое, калі шчыра. Буду ездзіць да перамогі.

– Ці думаеце, што перашкаджаеце людзям спаць, калі ноччу ганяеце па горадзе?

– Я не ганяю па горадзе, для гэтага ёсць трэк і трасы, і хай у мяне штатныя глушыцелі, моцнага шуму яны не ствараюць. Для мяне важная не хуткасць, а дарога, ехаць і ўсё.

– Байкераў аўтамабілісты часта называюць “камікадзэ”. Як думаеце, чаму?

– Ну, такі ў іх стэрэатып: калі на моце, лётаеш без памяці і не выконваеш правілы. Таму нас часта ненавідзяць. Хаця гэта тое ж самае, калі чалавека судзяць па адзенні.

– Назавіце тры прычыны, чаму матацыкл лепшы за машыну?

– Манеўранасць і зручнасць. Свабода і драйв. Матацыкл дазваляе адысці ад знешніх фактараў і адключыць унутраны дыялог.

– Ці ўсе байкеры ездзяць на скрут галавы?

– Не ўсе, ёсць з канкрэтным “ручніком”, усё залежыць ад чалавека і ад мэты, якую ён пераследуе, калі садзіцца на байк.

Маладзечанка Алена Балабашкіна пачала ездзіць летась у верасні. Пасведчанне кіроўцы аўтамабіля мае ад 2003, але кажа, заўжды падабаліся матацыклы. Таму вырашыла асвоіць і іх. Катэгорыю А атрымала ў 2017 годзе. Водзіць Honda VFR750 1996 года выпуску і прызнаецца, пераважна дзяўчыне на байку дзівяцца матацыклісты-мужчыны.

Алена Балабашкіна.

Бліц-апытанне для Алены:

– Байк – гэта панты ці лад жыцця?

– Для каго як, але для мяне лад жыцця і для нашых хлопцаў з Sun City таксама.

– Ці думаеце, што перашкаджаеце людзям спаць, калі ноччу ганяеце па горадзе?

– Люблю больш за горадам ездзіць, падарожнічаць, і ў мяне асабіста матацыкл не так гучна “гудзе”.

– Байкераў аўтамабілісты часта называюць “камікадзэ”. Як думаеце, чаму?

– Матацыкл – вельмі небяспечны транспартны сродак, часта кіроўцы аўто нас не бачаць ці спецыяльна падразаюць, абганяюць, спрабуюць “паказаць перавагу”. Вось і бываюць усялякія небяспечныя сітуацыі. Плюс абарона ў матацыклістаў вельмі ўмоўная.

– Назавіце тры прычыны, чаму матацыкл лепшы за машыну?

– Чытала неяк, што кіроўцы бачаць дарогу быццам “з акварыума”. А матацыклісты з’яўляюцца непасрэднымі ўдзельнікамі. Матацыкл дае свабоду, быццам ляціш на ім і маеш крылы. Ну, і адрэналін.

– Ці ўсе байкеры ездзяць на скрут галавы?

– Далёка не ўсе, асабліва тыя, што на круізэрах, ездзяць вельмі спакойна. У любой супольнасці, групе ці калектыве розныя людзі, так і тут.