Фота автора.

У рэдакцыю «РГ» звярнулася чытачка, якая расказала пра тое, што на цягнікі па маршруце Маладзечна-Мінск вечарам немагчыма набыць білет. Калі едзеш з пэўнай станцыі ці прыпынку, напрыклад, з Баяраў, пасля 20:00, касы ўжо зачыненыя.

“Ніколі не ездзіла ў цягніку вечарам. Калі давялося, заўважыла, што набыць білет не магу, бо касы не працуюць. Садзішся ў вагон і ўсю дарогу да Маладзечна хвалюешся, што з’явяцца кантралёры і аштрафуюць”.

Мы звязаліся з Беларускай чыгункай.

Згодна з Правіламі перавозак пасажыраў, багажу і грузабагажу чыгуначным транспартам агульнага карыстання, для праезду ў цягніку з ненумараванымі месцамі пасажыр абавязаны набыць білет для разавай паездкі ў адным напрамку ці ў напрамку “туды і назад”.

Калі на станцыі ці прыпынку касы не працуюць, а тэрміналу самаабслугоўвання няма, чалавек можа сесці ў такі цягнік без білета. Пры гэтым ён павінны аплаціць праезд і правоз ручной паклажы ў цягніку у ўпаўнаважанай асобы да наступнага прыпынку.

Бывае, што на прыпынку ці станцыі не працуюць касы і тэрміналы, а ў цягніку не прадугледжаная праца білетнага касіра – кандуктара цягніка. Тады пасажыр можа набыць білет у цягніку ў кантралёра-рэвізора без утрымання камісійнага збору і без прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці. Яму трэба назваць кантралёру чыгуначную станцыю ці прыпынак, дзе сеў у цягнік.

Месца пасадкі кантралёр усталёўвае са слоў пасажыра. Пра гэта паведаміў намеснік начальніка Мінскага аддзялення беларускай чыгункі Аляксандр Харашэвіч.

Каб пасажыры набывалі білеты не кожны дзень, на чыгунцы іх можна набыць загадзя: разавыя – за дзесяць сутак, абанементныя – за 30, без утрымання камісійнага збору.

Цяпер узяць білет можна ў касах і тэрміналах самаабслугоўвання. Але працуюць над тым, каб у хуткім часе можна было гэта зрабіць праз Інтэрнэт, мабільныя прылады і тэрміналы з купюра- і манетапрыёмнікамі.

• Текст доступен на языке: Русский