Лесапажарныя каманды ўсіх дзевяці лясніцтваў раёна высвятлялі, хто лепш гатовы да барацьбы з агнём. Праліўны дождж не астудзіў спрыту лесаводаў, якія змагаліся за перамогу ў спаборніцтвах па лесапажарных майстэрству.

З надыходам вясны лясная пажарная ахова пераходзіць у рэжым актыўнага дзяжурства: своечасова знайсці і патушыць ачаг узгарання ў лесе – адна з галоўных задач лесаводаў.

Падобны конкурс па ініцыятыве Астравецкага лясгаса ў апошні раз прайшоў у раёне два гады таму на Іванаўскім вадасховішчы. Спаборніцтвы ўключалі толькі адзін этап: лесаводам трэба было справіцца з баявым разгортваннем – дысцыпліна, найбольш адпаведная спецыфіцы тушэння лясных пажараў.

Сёлета дадалі яшчэ два заданні: апрананне баявога адзення і эстафету па перасечанай мясцовасці 3х70 метраў. На ўсіх этапах ўлічваўся час іх праходжання, а парушэнні «караліся» штрафнымі секундамі.

Па словах галоўнага ляснічага Астравецкага лясгаса Віктара Ляха, галоўная мэта спаборніцтваў – не высветліць, хто лепшы ці горшы, а паглядзець, як людзі працуюць у камандзе, адпрацаваць на практыцы навыкі тушэння.

Кожная з каманд прадставіла па адным добраахвотніку на выкананне першага задання – апранання баявога адзення на час. Дадатковыя секунды давалі тым, хто дапускаў памылкі пры апрананні, страціў элемент рыштунку ці дрэнна зашпіліў каску.

Большасць уклаліся ў хвіліну. Адзін з удзельнікаў пасля праходжання адзначыў, што такога адрэналіну нават у войску не адчуваў. Лепш за ўсіх справіўся з першым заданнем ляснік Астравецкага лясніцтва Аляксей Балтруковіч –  «апрануўся» ў за 38,8 секунды.

Некаторым камандам давялося праходзіць выпрабаванне пад дажджом. Па ўмовах другога этапу ў пажарнай эстафеце удзельнічала тры прадстаўнікі ад каманды, якія, акрамя асноўных заданняў на дыстанцыі 70 метраў, павінны былі перанесці баявы рыштунак і перадаць напарніку эстафетную палачку – пажарны ствол.

Першаму ўдзельніку трэба было правільна надзець ранцавы лясны вогнетушыцель, напоўнены 25 літрамі вады, другому – не забыцца спецыяльную рыдлёўку і запальны апарат, трэцяму – злучыць паміж сабой два дваццаціметровыя пажарныя рукавы, падключыць іх да троххадовага злучэння, пракласці лінію і фінішаваць з прышпіленым ствалом.

Суддзі сачылі за эстафетай – і «выпісвалі» штрафы «парушальнікам». на апошнім этапе ў адной з каманд разарваўся пажарны рукаў, нехта з удзельнікаў дрэнна «зашпіліў» гайкі – удзельнікі зарабілі 30 дадатковых секунд.

На апошнім заданні можна было зарабіць больш за ўсё балаў.

Каманды павінны былі далучыць заборны рукаў да мотапомпы і апусціць яго ў ваду, затым злучыць два пажарныя рукавы, працягнуць іх да троххадовага разгалінавання, ад якога пракласці яшчэ дзве лініі з пажарных рукавоў, далучыць пажарныя ствалы і ўвесці іх у пажарны модуль. Пасля таго як у ёмістасці набіралася паўтоны вады, аператар павінен быў разматаць пажарны рукаў на 20 метраў і падаць ваду.

Адна з каманд хутка злучыла рукавы, завяла мотапомпу і падключыла пажарны модуль, а вада не пайшла. Прычына банальная: аператар занадта заглыбіў заборны рукаў, які ў выніку забіўся глеем і багавіннем. І ўдзельнікам давялося па-новаму запускаць ўсю сістэму.

На гэтым этапе лепшай стала каманда Кемялішскага лясніцтва. А чацвёртае ад трэцяга месца аддзялілі ўсяго 0,50 секунды.

Перамагла каманда Палушскага лясніцтва. На другім месцы апынулася лесапажарная каманда Астравецкага лясніцтва. На трэцім – Гервяцкае лясніцтва.