Памежнік кантрактнай службы Мікалай Г. засіліўся ў ноч на 12 мая. Ён служыў кіроўцам у Смаргонскай памежнай групе.

Пра гэта паведаміў у сваім тэлеграм-канале блогер Nexta.

Прапаршчыку было 33 гады. У яго засталіся жонка, двое дзяцей, бацькі.

Як расказаў стрыечны брат нябожчыка Юры, 11 мая Мікалай быў на дні народзінаў сваёй хрэсніцы ў Смаргоні. Пасля свята яны паехалі начаваць у бацькоўскі дом у Солах Смаргонскага раёна. Раніцай цела мужчыны ў гаспадарчай прыбудове знайшоў бацька.

Аб прычынах смерці сваяк не бярэцца казаць і не ведае, ці яна неяк звязаная са службай.

Вядома, што перад смерцю мужчына пакінуў запіску.

«Люблю жонку, дзяцей. Гэта нейкія сурокі. Воля [жонка загінулага. — РС], прадавай кватэру і з’яжджай з гэтага горада. Мама, тата, дзякуй за ўсё», — па памяці пераказвае апошнія словы нябожчыка Юры.

Сям’я загінулага, па словах брата, была добрай, заможнай. Мікалай алкаголем не злоўжываў. Яны нядаўна набылі кватэру ў Смаргоні. Жонка таксама служыць у Смаргонскай памежнай групе.

Афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэта Антон Бычкоўскі пацвердзіў Радыё Свабода, што сапраўды 12 траўня ў 6.30 раніцы па месцы жыхарства бацькоў знойдзена цела вайскоўца-кантрактніка Мікалая Г.

«Прапаршчык па службе характарызуецца станоўча. Паводле папярэдняй інфармацыі, гэта суіцыд, не звязаны са службовай дзейнасцю прапаршчыка. Працуе следчая аператыўная група, якая высвятляе прычыны і абставіны трагедыі. Іншых падрабязнасцяў пакуль паведаміць не можам. Дзяржаўны памежны камітэт выказвае свае спачуванні сям’і і аказвае дапамогу», — паведаміў палкоўнік Антон Бычкоўскі.