У Маладзечне ў двары па Скарыны зрабілі стол для гульняў. Для фішак карыстаюцца вечкамі, якія захоўваюцца пад сталом. Набылі шашкі, кубік, выносяць іх на двор. Усё – сіламі жыхароў.

– Марым пра тыя часы, калі будзе можна ўсё смела пакідаць на вуліцы. Поле з чатырма гульнямі: шашкі, крыжыкі і нулікі, “Лудо”, і старая савецкая гульня, яшчэ майго дзяцінства, “Цырк”. Нават сталыя жанчыны са двара ўспомнілі, як са сваімі дзецьмі гулялі яшчэ ў 80-я гады мінулага стагоддзя, – расказвае адна з актывістак двара Ірына Тархан. – Як дзеці балдзелі, калі я іх у “Цырк” навучыла гуляць. Вішчалі. Асвоілі і “Лудо” за вечар. Вельмі цікавая гульня. З адной мамай са двара прайгралі разам у крыжыкі і нулікі,  успомнілі дзяцінства.

Даведка “РГ”: Лудо – настольная гульня, у якую могуць гуляць ад двух да чатырох чалавек адначасова. Мае простыя правілы і цікавы сюжэт. Для гульні трэба спецыяльнае гульнявое поле, ігральны кубік з лічбамі ад аднаго да шасці і шаснаццаць гульнявых фішак чатырох колераў.

“Цырк” – “хадзілка”, для якой акрамя поля спатрэбяцца фішкі па колькасці гульцоў і шасцігранны кубік. Тут трэба кідаць кубік, рухаць фішку і перамяшчацца па лесвіцах і іншых цыркавых прыстасаванях.

Фота забяспечаныя Ірынай Тархан.

Чытайце яшчэ:

Маладзечанскія актывісты зламалі сістэму. Як гэта – арганізаваць свята ў сваім двары

Зладзілі дзень шпакоўні, зрабілі лаўкі з паддонаў – глядзіце, што прыдумалі жыхары аднаго з двароў у Маладзечне (Фота)