Вярхоўны суд не задаволіў скаргу на смяротны прысуд за забойства дзвюх жанчын у Бабруйску

Калегія крымінальных спраў Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь 14 мая адхіліла апэляцыйную скаргу асуджанага да смяротнага пакарання жыхара Бабруйску Аляксандра Асіповіча, піша Радыё Свабода.

Маці забітай Алесі сказала, што задаволеная рашэннем суда.

Маці асуджанага сказала, што будзе змагацца за сына да канца. Яна збіраецца абскардзіць прысуд у парадку нагляду і звярнуцца ў ААН.

Андрэй Палуда, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакараньня» кажа, што ў Асіповіча ёсць усе падставы звяртацца ў Камітэт правоў чалавека ААН з скаргай на парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва.

У Аляксандра Асіповіча ёсць дзесяць сутак на падачу прашэння аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Маці сказала, што ён гэтым абавязкова скарыстаецца.

Пра што прасіў асуджаны на смерць

Перад разглядам скаргі Аляксандар Асіповіч хадайнічаў перад судом аб правядзенні новай комплекснай судова-псыхіятрычнай экспэртызы.

Ён згадваў пра атрыманую раней траўму галавы, казаў, што раней яму не зрабілі тамаграфію мозгу, і прасіў суд адкласці разгляд скаргі да правядзення экспэртызы.

Таксама абвінавачаны прасіў перакваліфікаваць дзеянні з забойства з асаблівай жорсткасцю на забойства ў выніку перавышэння неабходнай абароны. Аднак маці адной з ахвяр, Ніна Клімава, была супраць задавальнення хадайніцтваў Аляксандра Асіповіча.

«Ён хоча жыць, але дзяўчаты таксама хацелі жыць»

​У перапынку ў судзе Ніна Клімава ў размове з карэспандэнтам Свабоды абуралася паводзінамі падсуднага Асіповіча:

«Пра якую экспэртызу ідзе гаворка? Яго ўжо прызналі псыхічна здаровым, а цяпер ён цягне час. Хіба можна яго лічыць хворым на галаву? Але, ён гэтак знявечыў маю дачку Алесю, што я хавала яе ў закрытай труне. І яе сяброўку таксама знявечыў. Але далей дзейнічаў вельмі мэтанакіравана: целы дзяўчын былі раздзетыя і складзеныя ў ваннай. Ён рыхтаваў іх да расчлянення, толькі не аказалася пакетаў, таму пайшоў у краму і набыў там пакетаў, а заадно і піва. На вуліцы, калі піў піва, яго і затрымаў патрульны нарад, які ездзіў па раёне. Не затрымалі б тады, дагэтуль бы нічога не знайшлі, і забойствы працягваліся б», — сказала Свабодзе Ніна Клімава.

«Просім даць магчымасьць выкупіць віну працай»

У маці асуджанага Антаніны Асіповіч свая праўда пра тое, што рабіў яе сын пасля забойства дзяўчын.

«Яго затрымалі каля пад’езда: сядзеў на лаўцы, піў піва. За гэта яго адвезлі ў міліцыю, і ўжо там ён прызнаўся, што забіў. І ніякіх пакетаў для вынасу целаў ён не набываў. На рэшту з піва набыў упакоўкі звычайных смеццевых пакетаў пад вядро — акцыя была ў краме. Калі б былі патрэбны будаўнічыя пакеты, пайшоў бы ў суседнюю краму. Ніякага расчлянення ён не рыхтаваў».

У судзе Антаніна Асіповіч спрабавала перадаць судздзям хадайніцтва, якое падпісалі ў абарону Аляксандра Асіповіча 40 ягоных суседзяў, сваякоў і знаёмых.

«Просім даць магчымасьць выкупіць віну працай», — напісана ў хадайніцтве. Але судовая калегія хадайніцтва не прыняла:

«Вы не ўдзельніца працэсу. Трэба дзейнічаць паводле закону», — сказаў старшыня калегіі Руслан Аніскевіч. Раней, паводле Антаніны Асіповіч, яе хадайніцтва не прынялі ў Магілёўскім судзе.

Пазыцыя асуджанага: «Я абараняўся»

​Калегія Вярхоўнага суду хадайніцтвы Аляксандра Асіповіча адхіліла і перайшла да разгляду скаргі.

Прагучалі паказанні Аляксандра Асіповіча з матэрыялаў справы. Паводле асуджанага, пацярпелыя дзяўчыны хацелі яго абрабаваць, а калі ён гэта ўбачыў, то зачыніліся ў ванным пакоі і патэлефанавалі ў міліцыю, каб зымітаваць напад на іх. Калі ён адчыніў ванную, пацярпелыя нібыта на яго напалі, а ён абараняўся. Пры гэтым усіх абставін падзей 20 ліпеня ён не памятае, бо быў нецвярозым.

«На мяне напала з нажом Клімава, выхапіў нож і ўдарыў яе. Далей не памятаю, што рабіў». Калі ачуняў і ўбачыў, што нарабіў, раздзеў забітых, каб кроў не нацякла пад плітку”. Паўтарыў, што пасля затрымання за распіцьцё піва сам у міліцыі напісаў яўку з павіннай. Працягваў сцвярджаць, што пацярпелыя першымі напалі на яго.

Сказаў, што не хацеў забіваць дзяўчат. Папрасіў прабачэння ў іх маці і ва ўсіх.

Пра сябе расказаў, што ад дзесяці гадоў застаўся без бацькі, які трагічна загінуў. Прыглядаў за малодшай сястрой як бацька. Рана пайшоў працаваць, бо ў сям‘і не хапала грошай. Быў тройчы судзімы, але ў зняволенні ўвесь час працаваў. «Люблю працаваць, не з’яўляюся ўдзельнікам ніякай злачыннай групы».

Сказаў, што «да жаночага полу ўвесь час ставіўся добра, не крыўдзіў». Пры гэтым голас дрыжаў.

У канцы папрасіў пераглядзець прысуд, перакваліфікаваць яго дзеянні на перавышэнне неабходнай абароны (артыкул 143 КК). Абаронцы Асіповіча таксама прасілі калегію ВС аб гэтым.

Пракурор прасіў не задавальняць скаргу Асіповіча і пакінуць прысуд яму без змены.

Паводле слоў адваката Асіповіча, яго правы на папярэднім следстве былі парушаныя. Таксама абаронца знайшла шэраг працэсуальных парушэньняў падчас следства. У прыватнасці, што відэазапісы з крамы, дзе Асіповіч набываў пакеты, былі ўзятыя без адпаведнага дазволу.

Асіповіч у сваіх паказаньнях заявіў, што следчы адразу узяў кірунак на тое, што ён учыніў наўмыснае забойства. «А потым СМІ раздзьмулі справу як маглі. Мяне агаварылі і распалілі грамадскую думку супраць мяне», — падсумаваў Аляксандр Асіповіч.

Ён згадаў, што пазнаёміўся з дзяўчатамі ў кавярні, дзе піў піва, і сказаў, што не шукаў знаёмства. «Да мяне падышла Алеся, якая пачала навязваць сваё знаёмства. Потым пазнаёміліся і з другой дзяўчынай, Крысцінай, і паехалі да мяне, хоць я іх не запрашаў».

Паводле яго, дзяўчыны справакавалі канфлікт з ім, бо «зневажалі і абзывалі». Ён нібыта спрабаваў іх выгнаць з кватэры, але яны замкнуліся ў ваннай. Таксама Асіповіч прызнаў, што выпіў больш за восем літраў піва і 100 грамаў гарэлкі: «Я не быў у той час нармальным».

Што казала маці забітай дзяўчыны

«У яе была раздробленая ўся галава. 77 удараў ён нанёс нажом. Хлопцаў з Аўганістану у лепшым стане прывозілі. Гэта звер у клетцы, і ён не раскаяўся», — сказала суду Ніна Клімава.

Таксама яна расказала абставіны забойства другой дзяўчыны:

«Я бачыла матэрыялы справы: ён забіў яе ззаду ўдарамі нажом і скронь і ў цемя. Яшчэ і правярнуў нож». Ніна Клімава лічыць, што смяротны прысуд Аляксандру Асіповічу быў вынесены справядліва. «Няма чаго на яго больш траціць грошы».

Асіповіч быў асуджаны на смерць у студзені 2019 году. Тады на выязным пасяджэнні Магілёўскага абласнога суду ў Бабруйску ён быў прызнаны вінаватым у двайным забойстве, учыненым пры абцяжарваючых абставінах.

Двайное забойства ў Бабруйску

Каля сямі гадзін раніцы 20 ліпеня ў міліцыю Бабруйска патэлефанавала маладая жанчына. Яна прасіла аб дапамозе і паведаміла, што ёй пагражаюць. Жанчына сказала, што разам з сяброўкай зачынілася ў ванным пакоі, а да іх спрабуе ўварвацца мужчына. Пры гэтым жанчына не змагла назваць дакладны адрас, дзе яны знаходзяцца. У выніку толькі на другі дзень апэратыўнікі затрымалі 36-гадовага непрацуючага бабруйчаніна, а ў ванным пакоі знайшлі целы дзвюх маладых жанчын, Крысціны і Алесі, са слядамі гвалтоўнай смерці.

• Текст доступен на языке: ruРусский