Днямі паэт і палітык, ураджэнец Смаргоні Уладзімір Някляеў з’ехаў у Швецыю.

Матэрыялы пра ад’езд Някляева за мяжу, пра яго прычыны і тэрміны з’явіліся ў некаторых СМІ, выклікалі рэзананс.

Мы таксама звязаліся з паэтам і папрасілі пракаментаваць для нашых чытачоў свой ад’езд.

– Гэта ніякае не ПМЖ і не тое, што прыдумалі некаторыя СМІ. Проста не магу ўжо даўно дома час знайсці, каб нейкія пачатыя рэчы дапісаць. У тым ліку раман пра Купалу. Успомніў пра прапанову шведаў прыехаць да іх папрацаваць. Думаў, што яна ўжо скасаваная, аказалася не.

Па словах Уладзіміра Пракопавіча, калі ён закончыць пачатыя творы, абавязкова вернецца.

– Беларусь я не пакіну ніколі і ні пры якіх умовах, кажа Някляеў.

– Але вось некаму хочацца падаць звычайную паездку за мяжу як палітэміграцыю, уцёкі. Гэтак было і 1999-м, калі ў Фінляндыю паехаў. Так што звык я да такіх выкрутасаў.  І гэтым не пераймаюся, – падсумаваў паэт.

Пра тое, як Уладзімір Някляеў летась сустракаўся з маладзечанцамі, можна пачычаць тут.