Сям’я Комар з Маладзечна ў верасні 2018 года набыла ўчастак са старым домам на Велікасельскай. Цяпер у крэдыт там будуюць новы дом.

Гаспадары: набылі дом, бо суседзі абяцалі сервітут

Па словах гаспадароў, падвезці будматэрыялы да дома праблемна. Праезд да двара – трохі шырэйшы за два метры.

Новы гаспадар Уладзімір, спрабуючы заехаць на ўчастак, пашкодзіў сваю легкавую машыну.

Можна зрабіць пад’езд ззаду дома, з вуліцы Асіпенкі. Але тут землі агульнага карыстання. Невялікая частка гэтых зямель заходзіць на ўчастак суседзяў.

Новыя гаспадары разлічвалі дамовіцца з суседзямі і ўстанавіць зямельны сервітут – права карыстання зямлёй.

Пра гэта, па словах сям’і Комар, яны вусна дамовіліся з суседзямі. Устанавілі суму – дзвесце долараў. За гэтыя грошы Комары маглі карыстацца зямлёй увесь час. Калі ж справа дайшла да афіцыйнага афармлення, суседзі заўпарціліся. Сталі павышаць суму да тысячы долараў, а потым і ўвогуле адмаўляцца ад бестэрміновага сервітуту.

Сталі казаць, што пад’ездам, крыху шырэйшым за два метры, можна карыстацца.

– Калі б мы ведалі, што суседзі заўпарцяцца, мы б не сталі набываць дом, – кажа Ніна, гаспадыня ўчастка. Да таго ж, па дакументах, праезд шырэйшы – 2,85 метра. А ў сапраўднасці – каля 2,40.

Па словах жанчыны, былі розныя варыянты пакупкі дома. Маглі б выбраць іншы. Але перад тым, як набываць, мы дамовіліся з суседкай зрабіць пад’езд ззаду дома на ўмовах сервітуту. Суседка была згодная. Мне спадабалася тое, што праезд не будзе выходзіць на ажыўленую дарогу і мае дзеці бяспечна змогуць гуляць і катацца на роварах, дзеліцца Ніна.

У выніку справа дайшла да суда.

Сусед: згодныя на сервітут, але часова

На судзе сусед­адказчык заявіў, што не згодны на сервітут:

– Цяпер на той зямлі сенажаць. А праз некаторы час яна можа спатрэбіцца мне для будаўніцтва гаража. Калі суд выра шыць, то мы гатовыя даць сервітут на час, пакуль будуецца дом.

На думку адказчыка, калі ўстановяць сервітут, будзе праблемна прадаць або абмяняць яго дом.

Сума, якую агучыў адказчык за карыстанне зямлёй на пяць год на адным з судовых пасяджэнняў, – дзвесце долаў за раз. Або можна плаціць дзве базавыя штогод, пакуль будуць карыстацца.

Новыя гаспадары на часовы сервітут не згодныя

На такія ўмовы Комары не згодныя. Часовы сервітут, на іх думку, – ненадзейнасць. Сям’я плануе пабудаваць не толькі дом, але і лазню. Хвалююцца, як будзе машына прыво зіць дровы або заязджаць адпампоўваць каналізацыю.

Так выглядае машына ў праездзе. Фота герояў публікацыі.

Ранейшай гаспадыні дровы і брыкет прывозілі і выгружалі проста на праезнай частцы. А яна тачкамі цягала ў двор.

Эксперт: мінімальная шырыня праезду павінна быць тры з паловай метры

На адным з судовых пасяджэнняў выступіў эксперт, дырэктар судова­экспертнай калегіі Генадзь Ігнатовіч. Ён паведаміў, што мінімальная шырыня праезду павінна быць тры з паловай метры.

Пры праездзе, крыху шырэйшым за два метры, па словах эксперта, рух малагабарытнай тэхнікі будзе абмежаваны.

Суд: доказы не пераканаўчыя, у сервітуце адмовіць

Довады істца спецыялісты палічылі непераканаўчымі. Суд Маладзечанскага раёна прыйшоў да высновы, што Комары змогуць абысціся без сервітуту. Раз дом на працягу дзесяцігоддзяў неяк абслугоўваўся, значыць, для гэтага былі магчымасці.